Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь правядзе хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году


Cёньня ў швайцарскім Бэрне адбыўся штогадовы кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Адным з асноўных пытаньняў было вызначэньне краіны, якая прыме сусьветнае першынства ў 2014 годзе. Беларусь перамагла ўжо ў першым раўндзе: за беларускі варыянт выказаліся 75 дэлегатаў, за Вугоршчыну — 24, за Латвію — 3, за Ўкраіну — 2. Адзін дэлегат устрымаўся. Беларусь на форуме прадстаўляў экс-міністар унутраных спраў, старшыня Фэдэрацыі хакею, “невыязны” Ўладзімер Навумаў.

Генэральная прэзэнтацыя заявак кандыдатаў на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2014 году адбылася напярэдадні, 7 траўня, а сёньня сябры міжнароднага журы агучылі вынікі рашэньня. Сымпатыі экспэртаў вагаліся паміж чатырма дзяржавамі: Беларусьсю, Вугоршчынай, Латвіяй і Ўкраінай. Чэхія зьняла сваю кандыдатуру раней. Абсалютнай большасьцю галасоў у гэтай гонцы першынствавала Беларусь.

Для Беларусі гэта была ўжо трэцяя спроба стаць гаспадыняй чэмпіянату сьвету па хакеі. На папярэдніх этапах беларусаў пасьлядоўна апярэдзілі Нямеччына і Швэцыя, дзе першынствы адбудуцца, адпаведна, у 2010 і 2013 гадох.

Уладзімер Беражкоў
Галоўны рэдактар спартовай газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў, які восем гадоў адпрацаваў на пасадзе віцэ-прэзыдэнта хакейнай фэдэрацыі і неаднойчы браў удзел у кангрэсах IIHF, кажа: калі б Беларусь “пракінулі” і гэтым разам, мэтазгоднасьць хакейнай арыентацыі краіны трэба было б ставіць пад сумнеў:

“Так, канечне, чэмпіянат сьвету нам атрымаць было трэба. Калі мы ўжо столькі ўсяго набудавалі, то каму тады гэтыя палацы будуць патрэбныя? Навошта тады тая ж „Мінск-Арэна“, калі ў нас ня будзе чэмпіянату сьвету па хакеі?
Гэта прыцягне да нас у краіну турыстаў, многія людзі даведаюцца, што ёсьць такая дзяржава.
Таму, натуральна, патрэбен, ён дасьць штуршок да разьвіцьця. Да таго ж гэта вельмі добрая маркетынгавая праграма. То бок гэта прыцягне да нас у краіну турыстаў, многія людзі даведаюцца, што ёсьць такая дзяржава; будуць у нашых гатэлях жыць, будуць глядзець на нашу прыроду. Лічу, што гэта вельмі важна, безумоўна”.

Гарантыі міжнароднага ўзроўню спаборніцтваў сёньня даваў асабіста старшыня Фэдэрацыі хакею, у нядаўнім мінулым міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў. У прыватнасьці, ён паабяцаў, што Беларусь падчас чэмпіянату сьвету 2014 году зробіць бязьвізавы ўезд у краіну. То бок грамадзяне любых краінаў на два тыдні змогуць прыехаць у Беларусь бязь візаў. Апроч таго, было абяцана, што да 7 лістапада 2009 году будзе здадзены шматфункцыянальны спартовы комплекс “Мінск-Арэна”, які зможа прыняць блізу 17 тысяч гледачоў. У гэтыя дні пачалі рыць катлаван пад чарговы лядовы палац у менскім мікрараёне Чыжоўка. Зьнешне гэта дакладная копія 7-тысячнай арэны ў Бабруйску, толькі зьмяшчаць яна будзе на 1,5 тысячы гледачоў больш. Усяго ж у Беларусі ў агляднай будучыні мяркуецца збудаваць яшчэ блізу трох дзясяткаў хакейных пляцовак.

Уладзімер Беражкоў кажа, што перад галасаваньнем усё ж былі сумневы адносна таго, ці можа Беларусь выйграць права праводзіць чэмпіянат сьвету. Ён мяркуе, што спартовыя чыноўнікі ўпарта не хацелі ўлічваць два папярэднія сумныя досьведы:

Грамадзяне любых краінаў на два тыдні змогуць прыехаць у Беларусь бязь візаў.
“На маю думку, мы няправільна пабудавалі ўвогуле палітыку барацьбы за галасы. Мы два гады запар спрабавалі атрымаць чэмпіянат сьвету і праходзілі практычна да апошняга туру. Хоць, як мне падаецца, трэба было кансалідавацца зь нейкай краінай, скажам, з тымі ж Нямеччынай, Славаччынай ці Швэцыяй. Чыста тактычна згуляць на пэрспэктыву. У мінулым годзе маглі б аддаць свае галасы швэдам з тым, каб сёлета швэды ўсіх сваіх саюзьнікаў пацягнулі да нас. Гэта ўжо тактычная барацьба. Мы да яе не зьвярнуліся, увесь час ішлі ва-банк, і зараз гэта таксама магло сыграць адмоўную ролю”.

Між тым сёньня шалі ўпэўнена схіліліся ў бок Беларусі. Уладзімер Навумаў лічыць гэта вынікам руплівай працы з чыноўнікамі Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якія апошнім часам неаднойчы наведвалі Беларусь. Разам з тым спартовы аглядальнік праграмы “Аб’ектыў” на тэлеканале “Белсат” Аляксандар Пуціла кажа, што цяперашні кіраўнік хакейнай фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў заадміністраваў беларускі хакей, а гэта можа ў пэрспэктыве нэгатыўна адбіцца на якасьці гульні, якая ў Беларусі стала часткай дзяржаўнай палітыкі:

“Тут усё ж назіраецца пэўная мітусьлівасьць у кіраваньні стратэгічным для Беларусі відам спорту з боку старшыні фэдэрацыі Ўладзімера Навумава. Ён і ў зборнай начальнік, і ў менскім „Дынама“ распараджаецца, кіруе працэсам. І нават за Кантынэнтальную хакейную лігу адказвае, быццам ён ад Беларусі там галоўны. Памятаем ягоныя заявы, што ён ня можа заявіць у наступны сэзон клюб „Гомель“, таму што нібыта там няма інфраструктуры і г.д. Напэўна, з гледзішча Навумава галоўнае, каб „Дынама“ гуляла ўсюды. А што тычыцца наступных вялікіх стартаў з удзелам зборнай Беларусі, Алімпійскіх гульняў, то, мне здаецца, калі і наступны сэзон будзе так у нас разьвівацца хакей (я маю на ўвазе на ўзроўні арганізацыі), то шанцы на алімпійскія мэдалі моцна завышаныя”.

Уладзімер Навумаў ужо заявіў: на правядзеньні чэмпіянату сьвету Менск можа зарабіць прыблізна 50 мільёнаў даляраў. Гэта перадусім прыбыткі ад абслугоўваньня турыстаў і адлічэньні з боку Міжнароднай фэдэрацыі хакею. Яшчэ на некалькі мільёнаў пабагацее Фэдэрацыя хакею Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG