Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць невыязных за мяжу скароціцца?


26 сакавіка 2010 года ўступае ў сілу новы закон аб парадку выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь беларускіх грамадзянаў.

У адпаведнасьці зь ім, будзе спрошчаны выезд дзяцей на лячэньне і аздараўленьне за мяжу, а таксама больш дакладна прапісаны парадак занясеньня дадзеных у базу асобаў, якія маюць часовае абмежаваньне ў выезьдзе зь Беларусі”.

У артыкуле 7 Закона дакладна прапісаныя падставы для часовага абмежаваньня правоў грамадзянаў на выезд за мяжу:

  • калі грамадзянін ведае дзяржаўныя таямніцы;
  • калі ён зьяўляецца падазраваным альбо абвінавачаным ў крымінальнай справе;
  • калі ён асуджаны за злачынства;
  • калі за ім ўсталяваны прэвэнтыўны нагляд;
  • калі ён ня выконвае маёмасныя, падатковыя абавязацельствы;
  • калі ўхіляецца ад вайсковай службы.

Людміла Панферава
Прычым, як падкрэсьліла намесьнік дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Людміла Панферава, у дачыненьні да кожнага грамадзяніна ў кожным асобным выпадку адпаведны орган павінен прыняць асобнае рашэньне аб часовай забароне выезду за мяжу:

“Сярод органаў, якія могуць накласьці забарону, — гэта дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы, якія заключаюць з чалавекам дамовы аб допуску да дзяржсакрэтаў; органы крымінальнага перасьледу; органы выкананьня пакараньняў; суды і ваенныя камісарыяты”.

Начальнік Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун выказаў меркаваньне, што колькасьць так званых невыязных значна скароціцца:

Аляксей Бягун
“Паколькі Законам прадугледжана, што гэта будзе адраснае рашэньне ў дачыненьні да канкрэтнай асобы, мы лічым, што лічба можа быць скарочаная прыкладна на парадак. Мы ўжо, я думаю, ніколі ня будзем казаць пра 100 тысяч грамадзянаў Беларусі, права на выезд якіх будзе часова абмежавана. Лічба будзе значна меншая”.

Грамадзянін, права на выезд якога часова абмежаванае, абавязкова павінен быць праінфармаваны, кажа юрыст Людміла Панферава:

“Не пазьней чым за 1 дзень з даты прыняцьця рашэньня орган абавязаны паведаміць грамадзяніну. Грамадзянін ня можа ня быць праінфармаваны пра тое, што ў дачыненьні да яго прынятае рашэньне аб забароне ў выезьдзе за мяжу”.

Але ёсьць дзясяткі прыкладаў, калі моладзевых актывістаў, прадстаўнікоў апазыцыі улады без усялякіх прычынаў ня пускалі за мяжу альбо чынілі перашкоды. Распавядае моладзевы актывіст Зьміцер Дашкевіч:

“У Насты Палажанкі такое было, калі без тлумачэньня прычынаў разварочвалі яе на беларуска-польскай мяжы. Падавала яна запыт у АВІР, а ёй адказалі: “Ой, прабачце, адбылася памылка”. То бок у сытуацыі, калі ўлада хацела нэўтралізаваць, не пусьціць на нейкую сустрэчу, сэмінар, на мяжы разварочвалі. Я год быў невыязны, пісаў ва ўсе інстанцыі, і ўрэшце, праз год мне адказалі, што ўсё нармальна, што я і быў выязны, без усялякіх тлумачэньняў”.

Начальнік Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Аляксей Бягун прызнаў, што было нямала неабгрунтаваных выпадкаў уключэньня грамадзянаў у сьпіс нявыязных, былі і судовыя прэцэдэнты, якія вырашаліся на карысьць грамадзянаў з выплатай кампэнсацыі за матэрыяльную і маральную шкоду. Падпалкоўнік міліцыі Аляксей Бягун дадае:

“Адказнасьць пра апавяшчэньне ці неапавяшчэньне нясе той орган, які накладае адпаведнае абмежаваньне. Акрамя таго, доступ да банку дадзеных маюць ўсе тэрытарыяльныя падразьдзяленьні па грамадзянству і міграцыі, якія на падставе асабістай заявы аб знаходжаньні яго пэрсанальных дадзеных у гэтай базе павінны даць даведку”.

Дарэчы, зьвяртацца ў аддзел па грамадзянству і міграцыі можна вусна, прад’явіўшы пашпарт, а даведку ўлады павінны даць цягам аднаго дня.

Спрошчаны будзе і парадак выезду дзяцей на лячэньне і аздараўленьне за мяжу, тлумачыць намесьнік дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства Людміла Панферава:

“Навэлай зьяўляецца тое, што дазволены выезд непаўналетняга з адным з бацькоў, бяз згоды другога. Акрамя таго, толькі са згоды аднаго з бацькоў дзеці могуць выехаць за мяжу на лячэньне, аздараўленьне, кансультацыю”.

Зроблена гэта ў інтарэсах дзіцяці. Бо было нямала выпадкаў, калі жанчыне даводзілася шукаць сваіх былых мужоў, а тыя вымагалі за свой подпіс грошы. Але тут ёсьць і акалічнасьці:

“Калі адзін з бацькоў ня згодны з парадкам выезду дзіцяці ў суправаджэньні аднаго, бяз згоды другога, ён мае права зьвярнуцца ў суд, і суд можа прыняць рашэньне, што гэта дзіця можа выяжджаць толькі са згоды абодвух бацькоў”.

У той жа час, да прыняцьця новага заканадаўства згоду бацькоў на выезд дзіцяці завяралі натарыюсы, супрацоўнікі органаў па грамадзянстве і міграцыі альбо начальнік ЖЭС. Зараз кіраўнікі ЖЭСаў з гэтага пераліку выключаныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG