Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хатні кансэрватызм” беларускага характару


Алег Рудакоў
Алег Рудакоў

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — жыхар Іркуцку, лідэр прыбайкальскіх беларусаў Алег Рудакоў даўно цікавіцца тэмай кансэрватызму беларускага характару. Вось і папрасіў нас з дапамогай экспэртаў разабрацца: паглыбляе ці разбурае гэты кансэрватызм вірлівае ХХІ стагодзьдзе?

Алег Рудакоў на апошнім зьезьдзе беларусаў сьвету выступіў з дакладам, які так і назваў: “Хатні кансэрватызм” нацыянальнага характару. І найперш вылучыў такія яго праблемныя складнікі, як самаідэнтыфікацыя, самаізаляцыя, сарамлівасьць, савецкасьць… Сваю тэорыю стваральнік аднаго зь лепшых у Расеі нацыянальна-культурных таварыстваў абгрунтоўваў найперш досьведам назіраньня за беларусамі, якія апынуліся па-за межамі гістарычнай радзімы. Ну а што адбываецца з рэаліямі, так бы мовіць, мэтраполіі?

Алег Рудакоў: “Сёлета, напрыклад, мне ўдалося пабываць у Полацку на беларускім Купальлі. Але, на жаль, сабралася там 30, ну — можа, 40 чалавек… Чаму ж яно так атрымліваецца: беларусы ў самой Беларусі такія вось: “Ай, ну што там… Ды навошта тое нам…” Такое беспаважлівае стаўленьне да Традыцыі, Гісторыі, урэшце, і ёсьць праява таго хатняга кансэрватызму, які вельмі мяне непакоіць. Скажу больш жорстка: ён тут, у мэтраполіі, нават у геамэтрычнай прагрэсіі большы, чым у нас, беларусаў Прыбайкальля”.

Мушу засьведчыць: яшчэ на зьезьдзе многія дэлегаты й госьці праводзілі паралелі паміж думкамі Алега Рудакова й вядомага філёзафа Валянціна Акудовіча, пяру якога належаць некалькі кніг пра гартаваньне беларускага мэнталітэту. Слова — навукоўцу. Ён удакладняе, у прыватнасьці, наступнае:

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч: “Беларусы сапраўды ідэнтыфікуюць не праз ідэю — у тым ліку ідэю беларускасьці. А калі ўжо ідэнтыфікуюць, то — на зусім іншым узроўні: праз топас, праз тэрыторыю, праз належнасьць да пэўнага месца ў прасторы. Гэта, пагадзіцеся, зусім іншае… У выніку беларусам нават да галавы ня можа прыйсьці нейкая сусьветная ідэя. Як для габрэяў, напрыклад, натуральна рэлігійная, а для рускіх — сусьветнай рэвалюцыі ці там Трэцяга Рыму… Бо мы, беларусы, сапраўды кожны тоесны сам сабе і за сваю тоеснасьць не выходзіць”.

Калі Валянцін Акудовіч у цэлым ён згодны з назіраньнямі, высновамі лідэра прыбайкальскіх беларусаў, то былы лідэр згуртаваньня “Бацькаўшчына” акадэмік Радзім Гарэцкі куды больш крытычны, асабліва ў адносінах да тэзы пра такую хібу беларускага характару, як схільнасьць да самаізаляцыі, прывязанасьць да ўласнай хаты:

Радзім Гарэцкі
“Усё ж народ вельмі размаіты… Я да таго, што можа й ёсьць такі момант — любіць у хаце сядзець… Аднак у большай ступені такая рыса ўласьцівая іншым народам. Возьмем прыказку тых жа англічан: мая хата — мая крэпасьць! А ў нас кожны трэці беларус жыве не ў хаце сваёй, а — у замежжы”…

Што да дынамікі зьменаў у нацыянальным характары, то акадэмік Гарэцкі засяроджвае ўвагу на моладзі:

“Яна зьяжджае самым актыўным чынам і вельмі ж актыўна асымілюецца па-за ўласнай хатай. Дома ён беларускую — родную мову вывучць ня можа, а там адужвае швэдзкую. Гішпанскую. Ангельскую. Нямецкую… Якую хочаш!”

Алесь Белы
А навуковец, кіраўнік клюбу “Спадчына” Алесь Белы ўглядаецца ў людзей сталага ўзросту:

“Я сустракаю бабулек, якія калі зьбіраюцца ў іншы сьвет, дык падбіраюць менавіта нацыянальны строй: “Я хачу быць адметнай і там. Каб Гасподзь Бог пазнаў…”

Наш наступны суразмоўца — жыхар пухавіцкага пасёлку Дружны Сяргей Абразоўскі. Гэта ён паспрабаваў узьняць сваіх землякоў на грамадзянскі супраціў, калі ўведаў, што ў парушэньне шэрагу інструкцый побач будуюць хімічнае прадпрыемства, небясьпечнае і для прыроды, і для здароўя людзей. Дык ці ўдалося вывесьці шарагоўцаў з хат, калі ўлады пачалі ўсяляк пагражаць ім, улучна да страты працы.

Сяргей Абразоўскі
“Выйшлі на супраціў дзьве дзяўчыны-настаўніцы. І калі адну зь іх судзілі, то намесьнік начальніка Пухавіцкага раёну спадар Праліска патрабаваў ад яе: “Ты толькі прызнайся — скажы, што памылілася, і — усё! Мы цябе пакінем на працы…” А яна, такая маладая, на тую зьдзелку не пайшла… Дваццацігадовая заявіла прылюдна: “Не, я не памылялася!”

Атрымліваецца, беларусы не такія ўжо й кансэрватыўныя, калі на супраціў вэртыкалі іх вядуць нават загартаваныя (і таму па традыцыі нібыта паслухмяныя ўладзе) камуністы — спадар Абразоўскі актывіст партыі Сяргея Калякіна. Зь іншага боку, кажа грамадзкі рэдактар тыдня Алег Рудакоў, для шараговага тамтэйшага ўсё ж бліжэй іншая пазыцыя — ня дужа высоўвацца са сваёй хаціны, ганарыцца сваёй мовай:

“Што датычыцца самаідэнтыфікацыі сьвядомасьці. То вось гэта якраз ужо вынік кансэрватызму, на якім я акцэнтуюся. Вось прыяжджаю ў родную вёску, сустракаюся з хлопцамі, а яны кажуць: “Ты што — бээнэфавец?” Думаю: Божа мой, ну пачулі чыстую беларускую мову ад госьця з Іркуцку і адразу мяне ў БНФ…”

Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў — актывіст з райцэнтру Гарадок, што на самай мяжы з Расеяй, падкрэсьлівае: нечакана для сябе ён адкрыў: звычайным людзям пачала імпанаваць нават тая беларускасьць, якая завязаная на палітыку

“З апошніх парлямэнцкіх выбараў я зрабіў выснову: да людзей трэба ісьці зь беларушчынай. Тады мая ініцыятыўная група карысталася выключна беларускай, гавару на ёй і цяпер — і гэта вельмі добра ўспрымаецца. Промень зьяўляецца ў вачох, пры размове людзі — а мы ў дзясятку кілямэтраў ад Расеі — ахвотна пераходзяць на матчыну мову, ганарацца тым, што яны беларусы! Сярод маіх землякоў няма адчуваньня, што расейцы — а там, за “мяжой”, так ці гэтак зараз занята да 70 працэнтаў насельніцтва раёну — гэта нібыта “старэйшыя браты”…

А спадар Белы, які шмат часу праводзіць у Старых Дарогах, дзе стварыў музэй культуры й мастацтва, заўважае: апошнія палітычныя беларуска-расейскія варункі стымулявалі вось такі своеасаблівы побытавы патрыятызм тамтэйшых

“Расейцаў атэстуюць так: гультаі ці няўмекі: ня могуць нават кабана забіць, сала прыгатаваць, ня кажучы пра сальцісон ці крывянку. Бачыце: бытавы ўзровень нараджае нацыянальную самапавагу”.

Такім чынам, нашыя экспэрты больш схільныя да думкі, што хатні кансэрватызм беларусаў пачынае разбурацца. Аднак тыя перамены, мяркуе грамадзкі рэдактар тыдня Алег Рудакоў, яшчэ толькі пачынаюцца.

Філёзаф Валянцін Акудовіч падсумоўвае: “Такія мы ёсьць. Таму што так нам было найямчэй, найлаўчэй хавацца ад гісторыі. Як зьяўляліся чарговыя прыхадні, ну дык татальна ўцалелыя рабілі выгляд — мы тутэйшыя, ну ніякія! Бо калі абазначыш неяк належнасьць да пэўнай ідэалёгіі — той самай беларушчыны, то цябе і дратуюць найперш. А так — ты ніякі, дык за што цябе лупіць? Гэтая форма самавыжываньня гістарычна сябе апраўдала. Але па сёньняшнім часе яна мае шмат адмоўнага. Так, няздольнасьць да салідарызацыі ў нейкай ідэі ў сёньняшнім сьвеце, калі ўжо баяцца няма асабліва чаго, яна ўжо стратная… Бо не прэзэнтаваць сябе — значыць, ня быць і, адпаведна, губляць сваё месца ў сьвеце. Ад геапалітыкі да бізнэсу і чаго заўгодна. Бо ў цяперашніх варунках тое, што ня мае брэнду, — ня мае і шанцаў…”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG