Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя прафсаюзы: кантракт на палітычную ляяльнасьць


Belarus - trade union poster, 2008, Minsk
Belarus - trade union poster, 2008, Minsk
Кіраўнік Беларусі падтрымаў прапанову афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў даваць магчымасьць працаўнікам працаваць не па кантракце, а на бестэрміновай дамове, калі тыя не парушаюць дысцыпліну і актыўна ўдзельнічаюць у жыцьці калектыву. Прадстаўнікі ж незалежных прафсаюзаў лічаць, што гэта ні ў якім выпадку нельга назваць зьмякчэньнем кантрактнай сыстэмы.

Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч лічыць, што заявы пра зьмякчэньне кантрактнай сыстэмы ёсьць “дэкарацыяй для замежжа”:

Генадзь Фядыніч
“Трэба адмяняць дэкрэт № 29 прэзыдэнта і ўсе адносіны паміж наймальнікамі і працаўнікамі рабіць толькі на падставе Працоўнага Кодэксу. Так робіць увесь сьвет, так павінна рабіць і Беларусь. Мы ведаем, што наймальнікі, у якіх ня вельмі добрае фінансавае становішча і яны хочуць затрымаць працоўных, то цяпер, калі знойдзеш працу іншую, то ня зможаш звольніцца. Зноў чалавек трапляе ў ярмо”.

Спадар Фядыніч прыгадаў, як у савецкія часы трактавалася фармулёўка “актыўны ўдзел у жыцьці калектыву” і выказаў сваю думку наконт сучаснасьці:

“Я, наймальнік, сказаў, што трэба падмятаць двор, вы й пайшлі. Я сказаў, што трэба падтрымаць мяне на нейкім зборышчы, вы й падтрымалі. Я сказаў: “Маўчы!”. Вы маўчыце. Трэба прабегчы крос — прабеглі. Але ўдзел павінен быць добраахвотным”.

Васіль Корабаў
Старшыня рэспубліканскага прафсаюзу хімікаў Васіль Корабаў лічыць, што кантракты з працаўнікамі патрэбныя толькі ў адным выпадку і прывёў такі прыклад:

Сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў немагчыма ўдасканаліць, як немагчыма ўдасканаліць прыгоннае права, ці зьмякчыць гільятыну.
“Добры спэцыяліст, добры зваршчык, які мне так сасуд зварыць, як ніхто больш ня зможа. Я яму плачу мільён рублёў, а сусед мой даведаўся, што ў мяне такі ёсьць працаўнік, і прапануе яму два мільёны. Вось з такім я павінен заключыць кантракт і даць яму гэтыя два мільёны. Там у кантракце можна ўсё агаварыць”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук паведаміў “Свабодзе”:

Аляксандар Ярашук
“Сыстэму кароткатэрміновых кантрактаў немагчыма ўдасканаліць, як немагчыма ўдасканаліць прыгоннае права, ці зьмякчыць гільятыну. Будзе яшчэ горш. Заўважце, людзі пераводзяцца на сыстэму часовай занятасьці, калі ва ўсім сьвеце ідзе барацьба за пастаянную занятасьць. Гэта цяпер мае яшчэ большую палітычную накіраванасьць. Калі ты паслухмяны, палітычна ляяльны, то мы з табой заключым дамову на пастаяннай падставе. Гэта ёсьць палітычная акцыя, мэта якой — маніпуляваць працоўнымі ўсёй краіны”.

Леанід Козік падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў, што ў краіне 30% кантрактаў заключаецца тэрмінам на 3 гады, а 35% — на пяць гадоў. Між тым за 10 гадоў існаваньня кантрактнай сыстэмы сотні людзей страцілі працу з-за сваёй неляяльнасьці да палітыкі ўладаў ці зь іншых прычынаў, але не паводле парушэньня працоўнай дысцыпліны.

7 кастрычніка прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў правядуць мітынг у парку імя “50-годзьдзя СССР”. Яны выкажуць сваё стаўленьне да сытуацыі ў галіне захаваньня правоў працоўных, а таксама прымуць рэзалюцыю, адным з патрабаваньняў якой можа быць адмена Ўказу № 29, які ўвёў кантрактную сыстэму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG