Што для вас свабода?
Магчымасьць напоўніцу выкарыстоўваць свой патенцыял.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Дыскрымінацыя незалежных сродкаў масавай інфармацыі з боку сёньняшніх уладаў.
Што для вас шчасьце?
Спакой на душы, здароўе ўласнае і ўсіх сямейных, мір у краіне і ў сьвеце.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Згубіць Беларусь, а гэта значыць – саміх сябе.
Які талент вы хацелі б мець?
Які Бог даў.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Шкада, што іх ужо няма ў жывых. Тымі, хто сваімі канкрэтнымі справамі хацеў перамен у Беларусі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
“Народную Волю”, працаваць у садзе і праводзіць вольны час з дачкой.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Магчыма, больш кніжак прачытаў бы ў маладосьці.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Быць сумленным чалавекам.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Ні хвіліны без працы.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У якую жывём.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Аднавіў бы справядлівасьць, паставіў бы заслону расчалавечваньню чалавека.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Самыя цесныя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседскія.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Ніякай дыктатуры!
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі зьменіцца беларус.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі стануць паважаць сябе.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Зьнікне Беларусь, станем “северо-западным краем”.