Міжнародны дзень пажылых людзей быў абвешчаны Генэральнай Асамблеяй ААН 14 сьнежня 1990 году. Пачынаючы з 2001 году адзначаецца 1 кастрычніка. Мэта правядзеньня Дня пажылых людзей — прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да праблем людзей пажылога ўзросту; падвышэньне ступені інфармаваньня грамадзкасьці пра праблему дэмаграфічнага старэньня грамадзтва, індывідуальных і сацыяльных запатрабаваньнях пажылых людзей, іх унёску ў разьвіцьцё грамадзтва, неабходнасьці зьмены стаўленьня да пажылых людзей, забесьпячэньня людзям пажылога ўзросту незалежнасьці, удзелу ў жыцьці грамадзтва, неабходнага дагляду, умоваў для рэалізацыі ўнутранага патэнцыялу і захаваньня іх годнасьці.
Па дадзеных ААН, за апошнія паўстагодзьдзя сярэдняя працягласьць жыцьця павялічылася на 20 гадоў, а па прагнозах ААН, да 2025 году (пры агульнай колькасьці народанасельніцтва сьвету 8,5 мільярды чалавек) 1,2 мільярды чалавек перасягнуць шасьцідзесяцігадовую мяжу. У Беларусі колькасьць жыхароў старэйшых за 65 гадоў у Беларусі складае 14,6%, ці 1,4 млн. чалавек. Адпаведна, будзе павялічвацца і колькасьць пэнсіянэраў.
Па дадзеных міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, у студзені-верасьні сярэднямесячны памер пэнсіі па ўзросьце складаў 409,1 тыс. рублёў, сярэднямесячны памер мінімальнай пэнсіі складаў 232,3 тыс. рублёў. Як паведаміла нядаўна агенцтву "Інтэрфакс-Захад" намесьніца міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Каралева, прагнозныя паказчыкі па росьце пэнсій не выконваюцца. Тлумачыцца гэта тым, што эканамічная сытуацыя ў краіне прадвызначыла зьніжэньне тэмпаў росту заработнай платы і прыбыткаў насельніцтва ў цэлым, што аказвае непасрэдны ўплыў на паступленьні ў фонд сацабароны сумаў страхавых унёскаў, якія зьяўляюцца крыніцай фінансаваньня для выплаты пэнсій.
Валянціна Каралева паведаміла, што пакуль пэнсійны ўзрост у Беларусі пераглядацца не будзе. Аднак, па яе меркаваньні,"для таго каб пэнсіі былі высокімі, чалавек павінен выходзіць на пэнсію пазьней, чым цяпер".
Паводле інфармацыі, разьмешчанай на афіцыйным сайце міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, зараз у краіне больш за 2,4 млн. чалавек атрымлівае розныя віды пэнсій.
Сярэдняя пэнсія ў месяц па некаторых краінах былога СССР (у далярах ЗША):
Краіна | Памер пэнсій (USD) | Год |
Расея | 186 | 2009 |
Беларусь | 140 | 2009 |
Азэрбайджан | 124 | 2009 |
Украіна | 108 | 2009 |
Туркмэністан | 103 | 2009 |
Казахстан | 96 | 2008 |
Арменія | 63 | 2009 |
Малдова | 62 | 2008 |
Узбэкістан | 59 | 2009 |
Кыргызстан | 48 | 2009 |
Грузія | 47 | 2008 |
Таджыкістан | 35 | 2009 |