Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны мульцік перамог на “Анімаёўцы”


Сёньня ў Магілёве завяршыўся XII міжнародны фэстываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2009”. Гран-пры фэстывалю, крыштальны аловак, атрымала стужка кінастудыі “Беларусьфільм” “Аповесьць мінулых гадоў”, рэжысёра Ігара Воўчака.

Пра посьпех беларускамоўнага мульціка паведаміў сябра журы фэстывалю Сяргей Сычоў.

“Гран-пры атрымала беларуская стужка “Аповесьць мінулых гадоў”. Яшчэ наша карціна Александра Ленкіна пра Шурыка і іншаплянэцян атрымала адну з галоўных фэстывальных узнагародаў “Прыз глядацкіх сымпатыяў”.

Акрамя таго стужка рэжысёра Ўладзімера Пяткевіча “Жыла была апошняя мушка” ўганараваная за лепшае выяўленчае выкананьне карціны. Нашых тры мульцікі было на беларускай мове зь пяці. Акрамя “Аповесьці”, яшчэ “Як Несьцерка пярсьцёнак шукаў ды “Беларускія прымаўкі”.

Ігар Воўчак, рэжысёр “Аповесьць мінулых гадоў”, посьпеху свайго мульціка зьдзівіўся:

“Ага вось як. Ведаеце гэты фільм амаль нідзе не паказваюць ніколі, але ж ён ужо зроблены дужа даўно. Але на фэстывалях яго паказвалі і ў мяне шмат за яго прызоў. Я дужа рады за тых маладых хлопцаў, якія рабілі гэты фільм. У мульціку ажно чатыры дэбюты”.
Мультфільм “Аповесьць мінулых гадоў” пра гербы беларускіх гарадоў. ...

Мультфільм “Аповесьць мінулых гадоў” пра гербы беларускіх гарадоў. На дадзены момант зьнятыя 12 частак мульціка пра сымболіку абласных цэнтраў і знакавых гарадоў Беларусі -- Наваградак, Полацак Чэрвень. Над стужкай акрамя Воўчака працуюць Аляксандар Ленкін, Мікалай Касьцючэнка, Натальля Хаткевіч, Яўген Надточый ды Тацяна Кубліцкая.

У праграме сёлетняга фэстывалю было 42 мультыплікацыйныя стужкі зь Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Грузіі, Расеі, Азэрбайджану, Ірану, Кітаю ды Армэніі.

Апошні раз беларускамоўная мультыплікацыйная стужка адзначалася на “Анімаёўцы” ў 2006 годзе. Мульцік “Як я ў пана служыў” уганаравалі тады адмысловым прызам “За захаваньне традыцыяў”. У 2007-м мульцікаў па-беларуску наагул не было. Летась гледачы пабачылі два мульцікі на роднай мове — “Аповесьць мінулых гадоў” і тры часткі мультсэрыялу пра папулярнага фальклёрнага пэрсанажа Несьцерку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG