Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта маскоўскі патрыярх едзе ў Беларусь?


Патрыярх Кірыл
Патрыярх Кірыл

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 25—28 верасьня наведае Беларусь. Цягам трох дзён ён пабывае ў праваслаўных прыходах Менску, Віцебску і Полацку, а таксама сустрэнецца з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Візыт кіраўніка расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусь — духоўны ці палітычны?

Патрыярх Кірыл наведае Беларусь упершыню пасьля ягонага абраньня на пасаду кіраўніка Расейскай праваслаўнай царквы. Менавіта таму ў кіраўніцтве Беларускага патрыярхату заяўляюць, што гэта выключна духоўны, душпастырскі візыт. Гаворыць архімандрыт Аляксей Шынкевіч:

Аляксей Шынкевіч
“Безумоўна, перш за ўсё і найгалоўней за ўсё, што гэты візыт выключна архіпастырскі і ні ў якім разе не палітычны. Патрыярх духоўна акармляе ня толькі Расею, але й іншыя краіны, дзе праваслаўе зьяўляецца першасным сярод іншых рэлігій. А калі праўду сказаць, то некаторыя палітыкі жадаюць, каб гэты візыт успрымалі нібыта палітычны. І гэта для таго, каб мець нейкую палітычную выгаду”.

Ці сапраўды палітыкі схільныя бачыць у візыце патрыярха палітыку? Цікаўлюся ў аднаго зь лідэраў незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, праваслаўнага паводле веравызнаньня Паўла Севярынца:

Павал Севярынец
“Зразумела, што тут адно не аддзяліць ад другога. Новы патрыярх аб’яжджае рэгіёны, дзе найбольш вернікаў. Беларусь — гэта адзін з пасьпяховых рэгіёнаў, які падпарадкаваны Маскоўскаму патрыярхату. Важнасьць беларускага праваслаўя для расейскага — выключная. Візыт мае, вядома, і рэлігійную нагрузку: патрыярх Кірыл — гэта іншая дынаміка, іншае бачаньне ў параўнаньні з папярэднікам. Мяркую, мы адчуем гэта ў часе ягоных выступаў і вялікіх сустрэчаў з моладзьдзю ў Менску, Полацку, Віцебску”.

Тое, што візыт маскоўскага патрыярха Кірыла ў Беларусь перадусім палітычны, мяркуе адзін зь лідэраў пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

Сяргей Луканін
“Гэтага вымагае неабходнасьць кансалідацыі праваслаўнай царквы. Але з таго, што адбылося і мы бачылі ва Ўкраіне, зразумела, што для Кірыла не чужыя і патрэбы людзкія. І сама фігура патрыярха Кірыла — гэта нешта новае ў праваслаўнай царкве. Нават калі ён прапаведуе, то гэта больш нагадвае прапаведаваньне ў пратэстанцкай царкве: усё гаворыцца дакладна і на простай мове”.

Доктар тэалёгіі, верніца грэка-каталіцкай царквы Ірына Дубянецкая кажа, што візыт патрыярха перадусім важны для праваслаўнай царквы, і ў кожным разе гэта падзея неардынарная:

Ірына Дубянецкая
“Для царквы і яе вернікаў прыезд герарха — гэта вельмі вялікая падзея. Можна праваслаўных вернікаў павіншаваць. Зразумела, што гэта расейскі праваслаўны патрыярх. Што тычыцца палітычнасьці гэтага візыту, то ў час, калі папа рымскі быў ва Ўкраіне, а патрыярх маскоўскі езьдзіў у памежных рэгіёнах Беларусі — гэта быў выразны палітычны жэст. А ў дадзеным выпадку такога не прасочваецца. Ня думаю, што гэтая падзея нейкім чынам паўплывае на іншыя канфэсіі. У нас Руская праваслаўная царква і так мае прывілеяванае становішча ў грамадзтве ва ўсіх сфэрах. Павялічыць гэты ўплыў ужо проста немагчыма”.

У якой ступені візыт кіраўніка расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусь духоўны і ў якой палітычны, мяркуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч
“Мяркую, што патрыярх Кірыл заняў вельмі палітызаваную пазыцыю адносна царквы. Ён не выпускае гэтых аспэктаў у сваёй рэлігійнай дзейнасьці. І ён выяўляе сябе як выдатны палітык. Калі глядзець на расейскія інтарэсы, патрыярх Кірыл цалкам адпавядае палітыцы сучаснай Расеі і нават у чымсьці ідзе паперадзе. Яго можна прызнаць адным з палітычных лідэраў сучаснай Расеі. Беларуская праваслаўная царква для Маскоўскага патрыярхату — гэта вельмі і вельмі значны стратэгічны кірунак яе дзейнасьці. У гэтым сэнсе візыт у Беларусь будзе мець і гэты плян абавязкова”.

Патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл наведае Менск, Полацак, Віцебск. Заплянаваныя дзьве сустрэчы зь людзьмі — у менскім Палацы рэспублікі і ў віцебскім летнім амфітэатры. Папярэднік цяперашняга патрыярха Аляксій II за час свайго кіраваньня Расейскай праваслаўнай царквой пабываў у Беларусі шэсьць разоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG