Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік Мікалай: “Сваякі мяне падтрымліваюць, а вось міністры — не!”


Прадстаўнікі малога бізнэсу цягам тыдня адказваюць на пытаньне – “Ці лёгка быць у Беларусі прадпрымальнікам?”

Спадар Мікалай у прыватным бізнэсе з 1995-га году. Настаўнік паводле адукацыі, цяпер ён гандлюе на аршанскім кірмашы цьвікамі, скабянымі вырабамі — адным словам, дробным гаспадарчым таварам.

“Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

“Працаваў настаўнікам у школе, былі пэўныя фінансавыя праблемы, і вырашыў паспрабаваць. Спачатку хацеў сумяшчаць, аднак дырэктар не пагадзіўся, каб я тры дні выкладаў , а астатні час займаўся бізнэсам. Давялося сыходзіць у гандаль назусім”.

“Што было для вас самым цяжкім?”

“Усё цяжкое! І стасункі зь міліцыяй, і з падатковай інспэкцыяй, і з бандытамі — ведаеце, такімі, што хочуць нешта мець, нічога не рабіўшы”…

“Што б вы параілі чалавеку, які хоча пачаць бізнэс у вашай галіне зараз?”


“Я параіў бы, калі ўжо ў яго ёсьць нейкія грошы, пераехаць жыць і працаваць у Расеі, а ня тут”.

“Якія спакусы, якія памылкі могуць чакаць прадпрымальніка? Чаго б вы параілі пазьбягаць?”

“Памылак усё адно будзе вельмі шмат. І пазьбегнуць іх немагчыма да тае пары, пакуль ня будуць створаны спрыяльныя адносіны і добразычлівыя ўмовы з боку міністраў, падатковых інстанцыяў ды іншых людзей, што займаюць кіроўныя пасады ў горадзе, раёне, вобласьці. Вось калі яны сапраўды пачнуць клапаціцца пра людзей, а ня проста атрымліваць свае заробкі, тады ўсё будзе проста цудоўна. І памылак тады амаль ня будзе”.

“А як вы ставіцеся да сямейнага бізнэсу? Вашыя сваякі падтрымліваюць вас альбо не?”

“Я ніколі не займаўся сямейным бізнэсам, заўжды працаваў сам, адзін. Жонка ды сын мяне падтрымліваюць, гэта так. Каб вось яшчэ й міністры, якія заўжды гавораць, што яны клапоцяцца пра сваіх грамадзянаў, заўжды памяталі: прадстаўнікі дробнага бізнэсу — гэта іхныя грамадзяне таксама. І ім ня трэба ствараць перашкоды, выдаючы ўказы, як цяпер жыць і працаваць. Каб яны раіліся са звычайнымі людзьмі і дапамагалі ім. Бо ў сваіх паперах яны разьбіраюцца дужа добра, а ў чалавечых стасунках ня хочуць ніяк разьбірацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG