Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія эколягі супраць ядзерных адкідаў зь Беларусі


Расейскія эколягі пратэстуюць супраць вывазу на тэрыторыю сваёй краіны ядзерных адкідаў зь Беларусі, што ўтворацца ў выніку дзейнасьці Беларускай АЭС, будаўніцтва якой мае распачацца ў Астравецкім раёне. Эколягі зьбіраюцца зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру Расеі, каб тая афіцыйна забараніла такі ўвоз.

Андрэй Ажароўскі
Прадстаўнік расейскай экалягічнай арганізацыі “Экозащита” Андрэй Ажароўскі сёньня ў эксклюзіўным інтэрвію беларускай “Свабодзе” патлумачыў, чаму ён і яго калегі выступаюць супраць зьяўленьня ў іх краіне беларускіх адкідаў:

“Праблема ў тым, што пры перапрацоўцы адкідаў узьнікае яшчэ большая іх колькасьць. На адну тону адкідаў пасьля перапрацоўкі ўзьнікае больш за 200 тон вадкіх радыёактыўных адкідаў. На камбінаце „Маяк“ іх зьліваюць у рэчку. То бок, калі будзе перапрацоўка, то і колькасьць адкідаў будзе памнажацца. І яны будуць заставацца ў Расеі. Гэта — несправядліва”.

Першую беларускую АЭС маюць намер пабудаваць на Астравецкай пляцоўцы (Гарадзенская вобласьць). Першы яе блёк плянуюць увесьці ў эксплюатацыю ў 2016 годзе, а другі — у 2018-м. Беларускі ўрад папрасіў у Расеі на гэтую будоўлю 9-мільярдны крэдыт
Расейскі эколяг цьвердзіць: існуе яшчэ адна значная праблема, зьвязаная з адкідамі АЭС.

“У нас няма ніводнага заводу, на якім можна было б перапрацоўваць адкіды ад рэактара, які хочуць выкарыстоўваць на беларускай АЭС. Заводу няма, праекту яго няма. А каб пабудаваць новае прадпрыемства альбо пераналадзіць вытворчасьць на дзейным, патрэбныя вялізныя грошы. Гэта вялікія страты. І іх не павінна несьці Расея.

І наагул, справядліва выглядае так — краіна, якая адкіды мае, хай яна і нясе поўную адказнасьць за іх. І няхай Беларусь 240 тысяч гадоў гэтым займаецца, калі яна хоча мець атамную станцыю. А яшчэ лепш, як у нармальных краінах, наагул не будаваць атамныя станцыі. Вось Нямеччына адмовілася ад атамнай энэргетыкі”.

Юры Варонежцаў, які займаў пасаду адказнага сакратара ў камісіі Вярхоўнага Савету СССР у справе наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Ён лічыць, што зварот у расейскую пракуратуру можа выклікаць шырокі розгалас:

“Там знойдуцца яшчэ пэўныя сілы, якія здолеюць падтрымаць гэтую заяву. Мы зараз якраз і дамовіліся працаваць разам. І я зьбіраюся ўзнавіць свае старыя расейскія сувязі, напрыклад, зь вядомым эколягам Аляксеем Яблакавым. То бок мы будзем спрабаваць працаваць супольна”.

Прафэсар, кіраўнік дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы кажа: гэтая акцыя павінна быць не такой абмежаванай і больш эфэктыўнай.

Генадзь Грушавы
“Расейскія эколягі павінны былі б пачаць кампанію супраць будаўніцтва расейскімі міністэрствамі на расейскія грошы атамнай станцыі, якая будзе выкарыстоўваць зноў жа расейскае паліва. На Беларусі няма нічога такога, што магло б пагражаць Расеі. А тое, што пасьля будзе пагражаць Расеі, як лічаць расейскія эколягі, усё гэта прыйдзе з самой Расеі. Таму трэба ўздымаць кампанію супраць таго, каб яшчэ адна атамная станцыя будавалася на нашай агульнай прасторы. І па-другое, у самой Расеі ўзьняць пытаньне пра тое, што не атамная энэргетыка павінна быць галоўным кірункам вырашэньня энэргетычных праблемаў Расеі. Таму што ўвесь сьвет сёньня якраз імкнецца знайсьці альтэрнатыўныя варыянты рашэньня энэргетычных праблем”.

Стала вядома, што Кітай прапануе Беларусі свой рэактар трэцяга пакаленьня. Ці можа ён быць больш бясьпечным за расейскі? На гэтае пытаньне фізык, кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў дае такі адказ:

“Улічваючы тое, што яны ўвесь час шчыльна працавалі з „Атомстройэкспортом“, і тое, што Расея будавала ім рэактары, я ня думаю, што там будзе нешта такое арыгінальнае і добрае. Хутчэй за ўсё, гэта будзе копія расейскага рэактара. Кітайцы заўжды так рабілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG