СЛУХАЦЬ:
Слайд-Шоў
З самага пачатку візыту патрыярха яго сустракалі шматлюдныя пратэсты. У аўторак напярэдадні літургіі ў адным з кіеўскіх храмаў, якую зьбіраўся служыць патрыярх, справа дайшла да сутычак паміж яго праціўнікамі і прыхільнікамі.
На думку аднаго з маніфэстантаў прыезд патрыярха – гэта "няспынная экспансія маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы на ўкраінскую праваслаўную тэрыторыю".
А гэтая прыхаджанка абуралася паводзінамі маніфэстантаў:
"Я прыйшла сюды памаліцца, а гэтыя прадажныя шкуры не даюць магчымасьці, бо глушаць сваімі воклічамі і перашкаджаюць маліцца. Гэта дыскрэдытацыя праваслаўнага народу".
Візыт у Кіеў стаў першай замежнай паездкай новага патрыярха пасьля таго, як ён стаў на чале Рускай Праваслаўнай царквы ў лютым сёлета пасьля сьмерці яго папярэдніка Аляксія ІІ.
Кірыл падкрэсьлівае, што ягоны візыт – духоўны, пастырскі, а не палітычны. Але многія ва Ўкраіне з гэтым нязгодныя, напрыклад, Тарас Шаўчэнка, які ў аўторак браў удзел у акцыі пратэсту супраць прыезда Патрыярха:
"Гэты візыт не рэлігійнага характару, ён абсалютна адпавядае крамлёўскай імпэрскай палітыцы. Яшчэ ніхто не паводзіў сябе так нахабна, як гэты патрыярх Кірыл. Відавочна КДБісцкая пазыцыя. Ён прыехаў і сказаў - тут усё нашае, для нас ня існуе палітычных межаў".
Выступаючы па ўкраінскім тэлебачаньні, Кірыл заявіў, што ўкраінцы і расейцы – адзін народ і зьвярнуўся да ўкраінцаў з просьбай не ахвяраваць сваімі каштоўнасьцямі дзеля больш шчыльных сувязяў з Эўропай.
Погляды патрыярха Кірыла не падзяляе Украінская праваслаўная царква. Гаворыць яе япіскап Еўстрат Зора:
"Маскоўскі патрыярхат – гэта царква расейскага народу. А у нас іншая дзяржава. Украінцы гэта не расейцы і Ўкраіна – гэта не Расея".
Праваслаўныя Ўкраіны расколатыя паміж маскоўскім патрыярхатам і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Руская праваслаўная царква не прызнае Ўкраінскую аўтакефальную і лічыць яе раскольніцкай.
Прэзыдэнт Віктар Юшчанка даўно імкнецца да незалежнасьці украінскага праваслаўя, ён шукаў падтрымкі ў гэтым ва ўсяленскага канстантынопальскага патрыярха Барталамея, але не атрымаў пэўнага адказу.
Падчас сустрэчы з патрыярхам Кірылам украінскі прэзыдэнт ізноў узьняў тэму незалежнай праваслаўнай украінскай царквы, але атрымаў ад госьця халодны адказ:
"Гэтая царква, спадар прэзыдэнт, ўжо існуе. Ёсьць памесная царква ва Ўкраіне. Калі б яе не было, не было б сёньня Ўкраіны. Тут няма ніякага імпэрыялізму, панаваньня адных над іншымі, ёсьць ясная праваслаўная эклезіялёгія -- патрыярх ёсьць бацька, для ўсіх, незалежна ад таго, якога колеру пашпарт у кішэні, у якой дзяржаве мы жывем".
Патрыярх называе Кіеў “паўднёвай сталіцай рускага праваслаўя”, а аўтакефальную праваслаўную царкву Ўкраіны – “ранамі” на целе рускага праваслаўя.