Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія СМІ пра візыт Лукашэнкі ў Вільню


Эўрапейскія аглядальнікі камэнтуюць візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню і параўноўваць яго “з будоўляй мосту на постсавецкай прасторы”.

Як піша нямецкае выданьне Frankfurter Rundschau, з гледзішча пратаколу, цяперашні візыт ў ЭЗ стаў для Лукашэнкі візытам самага высокага рангу. Праўда, увесну беларускі кіраўнік наведаў Рым, аднак гэта была прыватная паездка.

Паводле Frankfurter Rundschau, адказныя віленскія сустрэчы Лукашэнкі былі санкцыяваны ў Брусэлі. Менавіта на Літву робіцца стаўка на паляпшэньне стасункаў паміж Менскам і Эўразьвязам. Газэта цытуе словы літоўскага міністра замежных спраў Вігаўдаса Ўшацкаса: "Літва можа пабудаваць мост паміж ЭЗ і Беларусьсю”.

У сваім артыкуле, прысьвечаным візыту Лукашэнкі ў Вільню польская выданьне Rzeczpospolita цытуе меркаваньні асобных польскіх і літоўскіх палітыкаў з гэтай нагоды.

Як лічыць дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасэвіч, “да апошняга часу беларуская эліта не ўяўляла сабе іншага выбару як супрацоўніцтва з Расеяй. Цяпер, відавочна, што яны адкрытыя для ЭЗ. “Усходняе партнэрства” прыносіць пэўны плён”.

Яцэк Пратасевіч
“У пытаньні выбару замежных маршрутаў Лукашэнка паступае вельмі асьцярожна, -працягвае Пратасэвіч. Так, ён не паехаў у Прагу, бо баяўся адпаведнай рэакцыі з боку эўрапейскіх палітыкаў, якія маглі б не падаць яму рукі. Гэта безумоўна закранула б яго пачуцьцё гонару. У Літве ён апынуўся ў асяродку прадпрымальнікаў, да якіх ня трэба ставіцца з асьцярогай. Чым больш эканамічна прывязаць сёньня Беларусь да ЭЗ, тым болей шанцаў, што яна выйдзе зь ізаляцыі…”.

Тым часам дэпутат літоўскага сэйму Aўдронюс Ажубаліс ў сваім інтэрвію Rzeczpospolita сказаў, што “візыт прэзыдэнта Беларусі патрэбны ня толькі Літве, але і Эўразьвязу”, бо гэта магчымасьць наўпрост, без усялякіх пасярэднікаў пачуць пазыцыі Лукашэнкі.

Андрус Ажубаліс
“Зразумела, палітыка гэта мастацтва магчымага. Наўрад ці трэба чакаць раптоўных зьменаў у пазыцыях Лукашэнкі. Але калі магчыма атрымаецца зрабіць хоць маленькі крок у бок дэмакратызацыі суседняй краіны, то гэта ўжо будзе посьпех.

Рэспубліка Беларусь ёсьць адным з нашых буйнейшых эканамічных партнэраў. Нядзіўна, што мясцовыя бізнэсоўцы зацікаўленыя ў разьвіцьці стасункаў. Аднак мы павінны памятаць, што існуюць ня толькі бізнэсоўцы і іх інтарэсы”, сказаў літоўскі парлямэнтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG