Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перамогуць улады імпарт?


Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Беларускія ўлады спрабуюць наладзіць выраб імпартазамяшчальнай прадукцыі й істотна скараціць імпарт. У жніўні была нават прынятая пастанова № 1000 з грыфам “для службовага карыстаньня” згодна зь якой закупкі па імпарце дзяржаўнымі ўстановамі дазваляюцца толькі па ўзгадненьні з вышэйшым начальствам. Ці прынясуць посьпех адміністратыўныя меры ў барацьбе з імпартам? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамістам Барысам Жалібам.

Дашчынскі: “Апошнім часам улады прынялі шэраг захадаў дзеля барацьбы з імпартам. Ці далі яны плён?”

Жаліба: “Радыкальна сытуацыю гэта праграма ня выправіць. Бо адмоўнае сальда нашага гандлёвага балянсу за паўгода ўжо звыш трох мільярдаў даляраў. І натуральнае імкненьне ўраду неяк выправіць гэтае сальда. Але калі мы сутыкаемся з тым, што экспарт у нас не павялічваецца, бо сусьветныя рынкі яшчэ не адкрыліся на такія галоўныя артыкулы як калійныя ўгнаеньні, і цэны на нафтапрадукты, якія мы экспартуем на Захад, таксама яшчэ нізкія, то спрабуюць вырашыць задачу зь іншага боку — скараціць імпарт. Змушаюць гандаль мець да наступнага году харчовай прадукцыі ня менш за 90%, прамысловай ня менш за 70%. Вядомая скандальная пастанова, якой хацелі абмежаваць імпарт спэцімпартэрамі, адменена. Тут зьяўляецца яшчэ адна пастанова ўраду № 1000, якая дазваляе імпарт толькі з дазволу вышэйстаячай інстанцыі і гэтак далей. Нейкія вынікі гэта, канечне, можа прынесьці, бо ў нас скарачаецца экспарт, скарачаецца і імпарт. Але гэта ўсё такія пакуты, стараньні ў большай ступені дарэмныя. Гэта ня выправіць сытуацыю, бо радыкальна мы з нашым адмоўным балянсам нічога зрабіць ня зможам”.

Дашчынскі: “Улады клічуць на дапамогу прыватны бізнэс, каб ён наладзіў выпуск шырокага спэктру імпартазамяшчальнай прадукцыі. У бізнэс-структуры разасланыя нават сьпісы неабходнай прадукцыі, патрабуюць тэрмінова даць адказ. Але ці гатовы бізнэс скарыстацца з гэтай прапановы?”

Жаліба: “Першае, што прапанавалі бізнэсу, — разгрузіць нашы склады ад нашай прадукцыі і неяк павялічыць экспарт. Бо дзяржпрадпрыемствы не такія гнуткія, у іх не хапае ўзроўню маркетынгу і гэтак далей. Ну, а зацікавіць выпускаць нейкія свае беларускія вырабы, якія замяшчалі б замежныя, гэта можна. Я лічу, што першая і другая ідэі здаровыя, трэба актывізаваць прыватны сэктар, індывідуальных прадпрымальнікаў. На жаль, дзякуючы намаганьням ураду ў нас гэты трэці сэктар слабы. І доля яго ва ўнутраным валавым прадукце невялікая. Трэба ж было ў свой час падтрымліваць наш індывідуальны сэктар, прадпрымальнікаў. Бо зрабіць такую прадукцыю, як правіла, вельмі складана. Ці хопіць тэхнічнай базы ў прыватнікаў, гэта вялікае пытаньне. Павінны быць меры рынкавыя, стымулы павінны быць, а не адміністрацыя. Ну і стварыць ім спрыяльныя варункі. Бо гэта ўсё ж трэба неяк перарабіць сваю намэнклятуру, тэхналёгію, абсталяваньне. Зараз, як прыціснула, улады пачынаюць зьвяртаць увагу на прыватны сэктар, каб дапамаглі”.

Дашчынскі: “Аднак асобныя віды імпартазамяшчальнай прадукцыі, як прызнаюць самі прадстаўнікі ўладных структураў, застаюцца незапатрабаванымі на складах. Чаму людзі не сьпяшаюцца яе набываць?”

Жаліба: “Гэта трэба зьвярнуць увагу на нашы дзяржаўныя канцэрны. Што кепска гандлюецца? „Белдзяржлёгпрам“, „Белдзяржхарчпрам“… Трэба абнаўляць тэхнічную базу, каб канкурэнтаздольную, якасную прадукцыю выпускаць нават на ўнутраным рынку, не гаворачы пра замежны. Гэта недахопы, якія раней згладжваліся, а сёньня гэта абвастрылася. Бо людзі лічылі і сёньня тым больш лічаць грошы, і калі хочуць купляць, то нешта якаснае. І гэтая сытуацыя агаляе нашы недахопы. Трэба адпаведнай якасьці прадукцыю вырабляць і для сваіх людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG