Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек, які выпусьціў Освальда


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

У Менску памёр Аляксандар Аксёнаў, адзін са шматгадовых кіраўнікоў Савецкай Беларусі.


Памятаю яго зь дзяцінства (нейкі час ён кіраваў Віцебскай вобласьцю). У апошнія гады бацька часам наведваў яго ў Менску, і вось што зьдзіўляла: жыхар сталіцы распытваў у правінцыяла пра менскія навіны (як уладныя, так і апазыцыйныя) – і прасіў пакінуць незалежныя выданьні. Хаця набыць іх пры жаданьні для мянчаніна не праблема. Ну а прыватныя сустрэчы як крыніца інфармацыі? У былога "другога чалавека" БССР знаёмцаў у Менску павінна б быць безьліч.

Нехта сказаў, што чым вышэй забіраецца чалавек ва ўладу, тым больш ахінае яго арктычны холад адзіноты. Думаю, тут какецтва: недахопу ў сябрах і "сябрах" уладары ня маюць. Але вось пасьля сыходу – тое праўда. Знаёмцаў імкліва менее, тэлефон маўчыць…

Аляксандар Аксёнаў
Аксёнаў
зрабіўся прыкметнай асобай у Беларусі яшчэ ў сярэдзіне 50-х гадоў, калі зьмяніў Машэрава на пасадзе першага сакратара ЦК камсамолу. Увогуле, ён зрабіў бліскучую па савецкіх мерках кар'еру. Хаця крэсла ў Палітбюро, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, не дасягнуў: яго тармазнула прыналежнасьць да шалепінска-семічаснаўскай кагорты “камсамольцаў” (думаю, больш фармальная, чым рэальная). Леанід Ільіч трымаў гэтых энэргічных мальцаў у максымальнай далечыні ад Крамля. Хаця з усіх былых “камсамольцаў” кар’ера Аксёнава склалася, можа быць, найбольш удала (калі не лічыць Гарбачова, Шэварнадзэ і таго ж Машэрава).

У гэтыя дні пішацца, што на пасадзе амбасадара СССР у Польшчы ён выступаў супраць вайсковай інтэрвэнцыі. Дакумэнтальных сьведчаньняў гэтаму пакуль няма, але ахвотна паверу: як правіла, дыпляматы (хай і палітычныя прызначэнцы) не падтрымлівалі сілавых рашэньняў у краінах знаходжаньня. Прыгадваецца, што менавіта пры ягоным кіраўніцтве Дзяржтэлерадыем СССР у канцы 80-х тагачаснае тэлебачаньне зрабіла "прарыў галоснасьці". Бясспрэчна. Хаця рэфарматарам ТБ сам Аксёнаў ня быў – такім, як Якаўлеў для "Московских новостей" альбо Вярцінскі для «ЛіМу». Я ня памятаю ніводнай перадачы па ЦТ пра Курапаты, пра новаўтвораны БНФ альбо «Чарнобыльскі шлях-89» – пры тым, што аднаго слова Аксёнава хапіла б, каб такія перадачы зьявіліся, ну а ўжо роля іх у фармаваньні грамадзкай думкі, з улікам тагачаснага аўтарытэту ЦТ, была б выключная.

...У лютым 2006 году я плянаваў эфір да ХХ “антысталінскага” зьезду. Хацелася знайсьці жывога сьведку хрушчоўскага выступу – каб распавёў пра адчуваньні, пра ўспрыманьне ў “кулюарах” таго сэнсацыйнага дакладу, які памяняў гісторыю СССР. Дэлегацтва на зьезьдзе КПСС давалася на вельмі высокай прыступцы кар'еры, рэдка хто быў маладзейшы за 40 гадоў, значыць, цяпер такому дэлегату – 90. Усе тагачасныя беларускія сакратары ЦК і абкамаў – у магілах. На зьезды пасылаліся і перадавікі вытворчасьці, сьвінаркі ды даяркі (у тым ліку і маладыя), але дзе іх шукаць? Мне падалося, што “па рангу” дэлегатам мог быць тагачасны першы сакратар ЦК камсамолу. Пазваніў Аксёнаву.

І сапраўды – ён прысутнічаў на тым зьезьдзе, і мы дамовіліся назаўтра запісаць гутарку (мая памылка: пісаць трэ было адразу, і не даваць часу на падрыхтоўку).

Назаўтра – дыялёг:

– Вы знаете, я должен извиниться перед вами. Но я не могу говорить.

– Здароўе? (тады, здаеца, быў вірус грыпу).

– Нет, у меня другие причины. Я ведь могу опираться в рассказе только на свои, на личные, на субъективные ощущения, у меня даже нет записей тех дней. Кому это интересно? Я был молодым неопытным человеком, что я мог понимать? А сейчас – полвека прошло. Здесь нужен взвешенный, глубокий анализ специалистов, историков. А эмоции никому не интересны.

– Аляксандар Нічыпаравіч, якраз прыватныя адчуваньні і цікавыя, бо яны – унікальныя. Гісторыкі сваё ўжо напісалі і яшчэ больш напішуць.

– Но это тоже ваше личное мнение. А кому интересно наше с вами личное мнение?

Я зразумеў, што калі буду настойваць – пастаўлю яго ў няёмкае становішча, і спыніўся.

Магчыма, такая раптоўная перамена (учора пагадзіўся, сёньня – адмовіўся), тлумачылася нежаданьнем згубіць пэнсію, якая, паводле распараджэньня Лукашэнкі, у яго складала 75 адсоткаў ад заробку дзейнага прэм’ера. А магчыма, ён нечага іншага пабаяўся? Як адыгрываецца сыстэма на чалавеку, былы міністар унутраных спраў, а да гэтага намесьнік старшыні КГБ, пэўна, памятаў.

Потым Аляксандар Нічыпаравіч праз майго бацьку перадаў спадзяваньне, што я ўсё зразумеў.

Між іншым, тады я пацікавіўся ў Аксёнава, ці пша ён мэмуары. Ён адказаў, што не, але ідэя гэта цікавая, і трэба над ёй падумаць.

Вядома, ніякіх мэмуараў ён так і не напісаў (наколькі мне вядома). А шкада. Цяпер у СМІ падаюць, што “памёр былы прэм'ер”, але ў БССР пасада прэм'ера хаця і не была такой фармальна-ганаровай, як старшыні прэзыдыюму ВС, але важыла ў партыйнай герархіі менш, чым тая, якую Аксёнаў займаў амаль дзесяць гадоў – другога сакратара ЦК КПБ. Менавіта ён у адсутнасьць Машэрава заставаўся “на гаспадарцы” і адказваў на званкі Брэжнева, і, што галоўнае, менавіта ён, нароўні зь “першым”, вызначаў кадравую палітыку (у той ступені, у якой яны маглі гэта рабіць незалежна ад Масквы).

Аксёнаў быў “апошнім з магіканаў”, хто мог прыгадаць усе расклады на бээсэсэраўскім алімпе, – бо сам іх вызначаў. Напрыклад, віза “другога” перад візай “першага” ставілася на зацьвярджэньнях усіх сакратароў, пачынаючы ад першага райкаму (а значыць, празь яго прайшлі і Сакалоў, і Дземянцей, і Кебіч – асобы, якія адыгралі ключавую ролю ў пераломны момант нашай гісторыі; ніхто зь іх ня стаў беларускім Бразаўскасам). Апыніся сярод кіраўнікоў БССР нацыянал-камуністы – лёс краіны мог бы скласьціся іначай. Так што будучыню Беларусі Аксёнаў шмат у чым вызначыў...

Але, не пакінуўшы мэмуараў для беларускай гісторыі, Аксёнаў, парадаксальным чынам, пакінуў загадку для гісторыі амэрыканскай, і сёньня пра гэта варта ўпершыню сказаць.

Лі Гарві Освальд з Марынай Прусаковай, Менск, пачатак 1960-х
У 1992 годзе я зьвярнуўся да тагачаснага старшыні КДБ Шыркоўскага з просьбай выдаць справу Лі Гарві Освальда, які афіцыйна прызнаны ў ЗША забойцам Кенэдзі, а незадоўга да стрэлаў у Даласе жыў у Менску, узяў шлюб зь мянчанкай Марынай Прусаковай і быў пад шчыльным наглядам чэкістаў. КДБ апынуўся ў юрыдычным тупіку: паводле закону, ён, як усялякая дзяржаўная установа, быў абавязаны падаць мне інфармацыю як дэпутату ВС; па ўнутраных ведамасных інструкцыях – ні ў якім разе. Тая гісторыя вартая асобнага аповеду, цяпер толькі скажу, што ў выніку мне далі патрымаць тамы той справы, а потым – перапісаць некалькі дакумэнтаў, зьвязаных з просьбай Освальда дазволіць яму вярнуцца ў Амэрыку.

Дык вось – самую "высокую" рэзалюцыю на заяве Освальда паставіў міністар унутраных спраў БССР. Зразумела, што рашэньне прымалася ня ім і ня ў Менску, але юрыдычна – менавіта подпіс Аксёнава быў падставай для афармленьня дазволу.

Штогод у ЗША выдаецца некалькі кніг пра забойства Кенэдзі; вэрсія пра датычнасьць да гэтага савецкага КДБ застаецца папулярнай.

Падчас той апошняй тэлефоннай размовы я нічога не пытаў у Аксёнава пра Освальда – было ўжо зразумела, што пра тую гісторыю ён ня скажа, будзе маўчаць.

... А перадачы тады я ўвогуле не зрабіў – бо для эфіру патрэбныя запісы інтэрвію, ці, як мы кажам на радыё, галасы.

А голасу – не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG