Начальнік аршанскай міліцыі аховы правапарадку і прафіляктыкі Алег Івашчанка прапанаваў актывісту падпісаць дакумэнт, дзе напісана, што ён азнаёмлены з артыкулам 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Згодна зь ім, арганізатар несанкцыянаваных мерапрыемстваў можа быць пакараны грашовым штрафам памерам ад 20 да 40 базавых велічыняў або арыштам да 15-ці сутак.
Апрача гэтага, міліцыянт заявіў, што Аршанскі райвыканкам вызначыў 5 месцаў на тэрыторыі раёну, дзе грамадзянам дазволена адпачываць на прыродзе – разводзіць вогнішчы, ставіць намёты і сьпяваць пад гітару. Месца пры ўпадзеньні ракі Крапіўны ў Дняпро, дзе з 1991-га году ладзіцца бардаўскі фэст “Аршанская бітва”, у гэты пералік не ўваходзіць.
Таму, зазначыў міліцыянт, гэтая імпрэза можа быць расцэнена як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Спадар Івашчанка паведаміў таксама, што ў Аршанскім РАУСе вядзецца кроніка фэстаў і назапасілася ўжо некалькі тамоў “справы” з фотаздымкамі ўдзельнікаў ды відэазапісамі.
Праваабаронца Алег Граблеўскі, які разам з затрыманым Юрыем Копцікам браў удзел у гутарцы ў якасьці грамадзкага прадстаўніка, спрабаваў пераканаць супрацоўніка міліцыі, што ў правядзеньні сьвята беларускай песьні няма нічога супроцьзаконнага.
Каардынатар бардаўскага фэсту спадар Копцік, у сваю чаргу, выказаў спадзяваньне, што ўсе госьці будуць мець з сабою пашпарты, паводзіць сябе годна і не правакаваць канфліктаў зь міліцыяй.