Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Басовішчу” — 20 гадоў!


17 ліпеня ў мястэчку Гарадок Беластоцкага ваяводзтва пачынаецца 20-ты фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2009”. У чым асаблівасьці сёлетняга, юбілейнага фэсту, хто там будзе выступаць?

“Басовішча” — доўгажыхар сярод музычных фэстываляў. Ніводзін іншы фэст беларускай музыкі не дажыў нават да пяцігадовага ўзросту. “Басовішча” было заснавана на пачатку 90-х Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы (БАС), сябры якога і ладзяць фэстываль штогод. Гэта фэст пад адкрытым небам, у намётах і пераважна зь беларускай рок-музыкай. Сёлета весьці “Басовішча” будзе вядомы бард і шоўмэн Віктар Шалкевіч:

Віктар Шалкевіч
“Ніхто ня ведаў 20 год таму, ставячы нагу на гэтай сцэне (калі гэта можна назваць сцэнай) у борыку ў Гарадку, што гэта будзе доўжыцца так доўга. Я ж быў у ліку першых, хто сьпяваў на гэтай сцэне. За гэтыя 20 год пазьмянялася ўсё на сьвеце. І ўжо няма Савецкага Саюзу, і ўжо няма Варшаўскага дагавору, а „Басовішча“ існуе. Дзеля гэтага вельмі цікава туды прыяжджаць. Сёньня арганізатары пастараліся, каб усё тое лепшае, што было 20 год таму, рэанімавалася і паказала ўсё лепшае на сцэне”.

Паводле арганізараў фэстывалю, cёлетнія канцэрты маюць ператварыцца ў “машыну часу”: на сцэне будуць выступаць хэдлайнэры першых “Басоў”, а ў спэцыяльных намётах пакажуць відэа пра першыя фэсты.

Сёлета на “Басовішчы” выступяць “айцы” беларускага року: ULIS, “Палац”, “N.R.M.”, Neuro Dubel. Некаторыя ператворацца і ў рок-дзядоў: “N.R.M.” — у “Мрою”, а “Крама” — у “Бонду”. А неўміручы ULIS, адпаведна, зробіцца самім сабою ўзору дзевяностых гадоў.

Лідэр гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі, вэтэран “Басовішча”, ня змог нават і палічыць, колькі разоў браў удзел у фэстах. На пытаньне, у чым сакрэт доўгажыхарства “Басовішча”, на чым трымаецца папулярнасьць фэсту, адказаў так:

Лявон Вольскі
“Ён трымаецца праз тое, што Беларускае аб’яднаньне студэнтаў, то бок БАС, дзякуючы якому так названы і гэты фэст, даволі імпэтна ўсё гэта арганізоўвае і мае нейкае фінансаваньне ад польскага ўраду. “Басовішча” доўгія гады, асабліва калі тут, у Беларусі, нельга было граць вялікія канцэрты пэўным рок-музыкантам, было такое адхланьне, вялікая культурная падзея для Беларусі. Найлепей, канечне, было, калі не было візаў, там зьбіраліся тысячы нашых людзей, каб адарвацца…

Цяжка сказаць, што гэта будзе за “Басовішча” сёлета, таму што, як заўсёды ў апошнія гады, не атрымалася зь візамі. Як мінімум 400 чалавек, што падавалі дакумэнты, візы не атрымалі. Таму, баюся, будзе зь беларускага боку ня вельмі шмат людзей, на жаль”.

На “Басовішчы” выступяць таксама папулярны польскі гурт Lao Che, ляўрэат 2007 году гурт Unia, “Дзецідзяцей” рыхтуюць адмысловую беларускамоўную праграму, дэбютуюць “Жнюв” і “Босае сонца”.

Арганізатары “Басовішча” разьлічваюць, што 17 і 18 ліпеня фэстываль наведаюць каля 5 тысячаў чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG