Як ва ўмовах эканамічнага крызісу мяняецца стаўленьне людзей да ўлады? Ці варта чакаць, што наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца паводле тых жа сцэнараў, што і выбары 2001-га і 2006-га гадоў?
На гэтыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах на “Свабоду” многія нашы слухачы. З аднаго такога допісу і пачну сёньняшнюю размову.
Галіна Александроўская з Магілёва лічыць, што эпоха Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі заканчваецца. Яна піша:
“У 1994-м годзе за Лукашэнку масава галасавалі пэнсіянэры, якім было па 65—70 гадоў. За мінулыя 15 год практычна ўсе яны сышлі ў іншы сьвет. А гэта ж працэнтаў 25—30 насельніцтва Беларусі. На іхнае месца прыйшлі ўнукі, якія ніколі ня будуць галасаваць за Лукашэнку, які падмануў іхных бабуль, апусьціў у галечу іхных бацькоў, а цяпер зьдзекуецца з моладзі за тое, што тая хоча жыць і думаць па-іншаму. Калі ўлічыць той электарат, які сышоў, і той, які зьявіўся, дык, лічу, 50—60 працэнтаў насельніцтва за Лукашэнку ні ў якім разе галасаваць ня будуць. Так што скончыўся лукашэнкаўскі час. Беларусь — ня мячык, каб яе з рук у рукі перадаваць”.
Далей у сваім лісьце Галіна Александроўская выказвае ўласны пункт гледжаньня адносна крэдытаў, якія апошнім часам пачалі даваць Беларусі краіны Захаду. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Да таго часу, пакуль Лукашэнка не атрымае крэдыты ад Эўразьвязу ды МВФ, дачыненьні з Расеяй будуць нібыта пагаршацца. Але як толькі амэрыканскія ды эўрапейскія грошы апынуцца на беларускіх рахунках — адносіны Лукашэнкі з Масквой імгненна палепшацца да ранейшага стану. Усе гэтыя малочныя, газавыя ды іншыя “войны” — загадзя сплянаваныя супольныя дзеяньні Крамля і Менску, Пуціна і Лукашэнкі. Імітацыя канфлікту створана дзеля таго, каб выцягнуць з Захаду як мага болей крэдытаў. Бо самой Расеі ўтрымліваць беларускі рэжым на поўным забесьпячэньні даволі складана (а ў цяперашніх умовах, відаць, і немагчыма).
І я не магу зразумець: ці то эўрапейскія чыноўнікі ў курсе таго, што іх падманваюць, ці то яны проста наіўна вераць у гэтыя гульні і абяцаньні”.
Страты, якія цярпіць Беларусь у выніку гэты “малочных”, “газавых” ды іншых гандлёвых войнаў з Расеяй, складаюць сотні мільёнаў даляраў і сувымерныя з тымі крэдытамі, якія атрымлівае цяпер ад Захаду беларускі ўрад. Цяжка ўявіць, спадарыня Галіна, што нейкі палітык у цьвярозым розуме і цьвёрдай памяці наважыўся б на падобныя містыфікацыі, за якія дзяржаве даводзіцца плаціць такую цану. Дый ніякіх пэўных доказаў вашых здагадак і дапушчэньняў няма.
Што да падлікаў выбарцаў, якія гатовыя (альбо не гатовыя) галасаваць за Лукашэнку. Наўрад ці слушнае ваша сьцьвярджэньне, што ўся сёньняшняя моладзь ніколі ня будзе галасаваць за дзейную ўладу. Гэтак жа несправядліва залічваць усіх без выключэньня пэнсіянэраў у электарат Лукашэнкі. Увогуле, грамадзкія настроі зьменлівыя, залежаць ад многіх фактараў. Іншая справа, што выбары ў Беларусі ўжо даўно ня служаць аб’ектыўным люстэркам гэтых настрояў.
Наступны ліст прыйшоў да нас з пасёлку Багушэўск Сеньненскага раёну. Ягоны аўтар Валянцін Гарохаў заклапочаны тым, што дзяржава імкнецца выціснуць з розных сфэраў эканомікі гандлёвых пасярэднікаў. Гэтая кампанія барацьбы з пасярэднікамі закранула і тую галіну, у якой працуе спадар Гарохаў — дзіцячыя спартыўныя школы. Слухач піша:
“Наш пасярэднік Сяргееў пастаўляе спортінвэнтар зь Беларусі, Расеі ды іншых краін. Заўсёды своечасова, якасна і сумленна. Дзе сёньня дырэктару спартшколы самастойна шукаць пастаўшчыкоў спортінвэнтару? Дзе ўзяць аўтамабіль, каб забраць тавар? Да таго ж, РАНА ня хоча даваць грошы на камандзіроўкі. А колькі часу гэта патрабуе! Таго самага часу, якога і так не хапае, бо, у параўнаньні з савецкім пэрыядам, пісаць розных дакумэнтаў даводзіцца працэнтаў на 600 болей. Прэзыдэнт кажа: трэба неяк зьменшыць паператворчасьць у спорце. Але ягоныя падначаленыя робяць наадварот.
Праўда, кажуць, што загад аб пасярэдніках прыпынілі. Але ці надоўга?”
Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Валянцін Гарохаў выказваецца наконт платных паслугаў насельніцтву, якія чыноўнікі ўсё больш настойліва патрабуюць укараняць у спорце, у тым ліку і ў дзіцячых спартшколах. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Як можна браць грошы зь дзяцей за заняткі спортам? Да чаго гэта прывядзе? Да таго, што заўтра падлетак пойдзе не ў спартзалю, а ў падваротню. У выніку болей стане юных алькаголікаў, наркаманаў. Папоўняцца турмы, наркалягічныя дыспансэры.
Грошай у большасьці насельніцтва на платныя паслугі не хапае. Дзяржава будуе дарагія хакейныя палацы, а тым часам школьныя пляцоўкі ў раённых гарадах — у вартым жалю стане. А здароўе нацыі пачынаецца менавіта са школьнай пляцоўкі. Ці ня так?
Раней у раённым цэнтры прыходзілі на футбольнае поле ўсе ахвотныя. А сёньня гэтыя палі для людзей зачынены. Згуляюць адну- дзьве гульні на першынство — і ўсё. Глядзіць дырэктар стадыёну ў гордай самоце на зялёную траву футбольнага поля...
Балбочам пра здароўе, а самі робім усё наадварот? Камедыя!”
Усё так, спадар Валянцін. Зразумела, не ад добрага жыцьця чыноўнікі прымушаюць уводзіць гэтыя платныя паслугі. І ня толькі ў спартыўных школах — у паліклініках, шпіталях, дамах культуры, бібліятэках, дзіцячых садках, агульнаадукацыйных школах... Тое, што яшчэ ўчора было бясплатным, даступным, аплочвалася зь дзяржаўнага бюджэту — сёньня становіцца для многіх зачыненым, забароненым, недасягальным. На ўсіх узроўнях улады гэта абгрунтоўваюць катастрафічнай сытуацыяй зь бюджэтам. Але чаму ў такім разе ў гэтым самым бюджэце знаходзяцца дзясяткі мільёнаў даляраў на будаўніцтва дарагіх хакейных палацаў, якія найперш разьлічаны зусім не на масавы спорт і не на фізкультуру?
Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — даўні сябар “Свабоды” Кастусь Сырэль з Ушачаў. Тое, што п’янства стала сапраўдным сацыяльным бедзтвам для Беларусі — сёньня відавочна для ўсіх. У вёсках і невялікіх гарадах гэта асабліва кідаецца ў вочы. Спадар Кастусь з гэтай нагоды піша:
“У арганізацыі, дзе я працую, як пілі, так і п’юць, нават болей, чым да прэзыдэнцкай дырэктывы № 1. У кіраўнікоў ніжэйшага ўзроўню (майстроў, начальнікаў участкаў) няма эканамічных рычагоў узьдзеяньня на п’яніц, бо прэміяльныя выплаты — усяго 5% (гэта тысяч 15—20 рублёў). Затое п’яніца вельмі выгадны адміністрацыі. Ён пакорліва выходзіць на працу ў выхадны за адгул, які не заўсёды і выкарыстае. Ён пакорліва будзе працаваць звыш вызначанага, не задаючы пытаньняў, ці законна гэта. Ён абсалютна няздольны ні на якую, нават самую мізэрную форму пратэсту. Ён нічога не патрабуе за сваё добраахвотнае рабства, але ў курылцы лягічна разважае на тэму, якое дрэннае начальства”.
Далей у сваім лісьце Кастусь Сырэль выказваецца наконт таго, як у Беларусі ацэньваюць каштоўнасьць чалавечага жыцьця. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Калісьці я ўжо пісаў на “Свабоду” на гэтую тэму ў сувязі з трагедыяй хлопчыка Міколкі Пятніцы, якому арэлямі пераламала абедзьве нагі. Колькі каштуе чалавечае жыцьцё, яшчэ раз паказаў нам прэзыдэнт, які памілаваў забойцаў пухавіцкага падпальшчыка.
Нядорага цэняць людзі і сваё ўласнае жыцьцё. Толькі за ліпень у нашым раёне адбыўся шэраг трагічных выпадкаў.
1. На возеры побач з Ушачамі знайшлі тапельца — маладога мужчыну, яму было каля 40 год).
2. Павесіўся хлопчык, сёлетні выпускнік адной са школ раёну.
3. Згарэў на пажары 22-гадовы хлопец, студэнт 4-га курсу: спрабаваў “выратаваць” матацыкл, ды ўзарваўся бензабак. 90% апёкаў 3цела, ад якіх ён і памёр. Кажуць, вельмі добры хлопец быў.
4. Павесілася дзяўчынка, сёлетняя выпускніца.
5. Апошні выпадак — у рацэ Ўшачцы, амаль у цэнтры мястэчка, знайшлі тапельца. Зусім малады мужчына, 22 гады, цяжарная жонка засталася ўдавой.
6. Былі і яшчэ спробы самагубстваў. Занадта многа для маленькага раёну з 18-тысячным насельніцтвам…
А таму хлопчыку, Міколку Пятніцу, зрабілі ўжо 5 апэрацый, але толку, кажуць, няма…”.
Калі самі людзі ня надта шануюць і цэняць уласныя жыцьцё, здароўе, бясьпеку, дык і дзяржава ў гэтай справе паводзіць сябе адпаведным чынам.
Многае тут, відавочна, можна патлумачыць дзесяцігодзьдзямі савецкага выхаваньня, пры якім дзяцей змалку вучылі: “Прежде думай о Родине, а потом — о себе...” У змаганьні за сусьветную пралетарскую рэвалюцыю жыцьцё і дабрабыт канкрэтнага чалавека мала каго цікавілі. У цяперашняй Беларусі змагаюцца нібыта не за камунізм — за рэкордны эканамічны рост. І менавіта дзеля гэтага росту віна-гарэлачныя заводы хутка ўздымуць вытворчасьць таннага пітва да такой ступені, што спажыць яго магчыма хіба толькі пры ўмове, што палова насельніцтва стане хранічнымі алькаголікамі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by