Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 23 – 29 жніўня


Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі канстатаваў пагаршэньне гандлёвага балянсу дзяржавы амаль па ўсіх пазыцыях. Так, па выніках за 6 месяцаў 2009 году аб’ём зьнешняга гандлю склаў толькі 60% да ўзроўню аналягічнага пэрыяду летась, а паказьнік экспарту беларускіх тавараў за той жа час ледзь пераадолеў 50-працэнтную адзнаку. Паводле афіцыйнай статыстыкі, адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі ўшчыльную наблізілася да 4 мільярдаў даляраў.

Аб’ём экспартных паставак у студзені-чэрвені 2009 году склаў 9 мільярдаў даляраў, што напалову меней, чым за І паўгодзьдзе 2008-га. Імпартавана прадукцыі амаль на 13 мільярдаў даляраў — 66% да мінулагодняга паказьніка. Адмоўнае сальда зьнешнегандлёвай дзейнасьці павялічылася ў 1,8 раза. Намесьнік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Віктар Міхно кажа, што далёкія ад прагназаваных паказьнікі па экспарце тавараў. Фактычна аб’ём экспарту зьнізіўся на 47%, тады як прагназаваўся рост на 18,5%. Спадар Міхно прычыны скарачэньня экспарту тлумачыць залежнасьцю беларускай эканомікі ад сусьветных працэсаў:

Экпарт ад агульнага аб'ему:

  • грузавых аўтамабіляў - 14,9%
  • мэталаапрацоўчых станкоў — 29,3%,
  • рухавікоў унутранага згараньня —– 31,1%,
  • трактароў — 57,8%,
  • халадзільнікаў і маразільнікаў — 66,1%
“Як вынік — падзеньне попыту на прадукцыю беларускай вытворчасьці, што прывяло да значнага скарачэньня экспарту па многіх відах тавараў. У студзені-чэрвені бягучага году грузавых аўтамабіляў, уключна зь сядзельнымі цягачамі, экспартавана 14,9% ад аб’ёмаў паставак за адпаведны пэрыяд мінулага году. Калійных угнаеньняў — 25,1%, мэталаапрацоўчых станкоў — 29,3%, рухавікоў унутранага згараньня —– 31,1%, трактароў — 57,8%, халадзільнікаў і маразільнікаў — 66,1%. То бок, адчувальнае адбылося зьніжэньне ў экспарце”.

І хоць сьпіс асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі традыцыйна ўзначальвае Расейская Фэдэрацыя, аб’ём узаемных паставак і тут істотна зьнізіўся. Экспарт у Расею за першае паўгодзьдзе склаў у грашовым вымярэньні 2 мільярды 960 мільёнаў даляраў, тым часам як за 6 месяцаў летась — 5 мільярдаў 570 мільёнаў даляраў. Звужэньне прысутнасьці на расейскім рынку — 47%.

Праваленыя пазыцыі практычна па ўсіх кірунках. За 6 месяцаў у Расею пастаўлена 686 грузавых аўтамабіляў, што складае 14% да аналягічнага мінулагодняга пэрыяду. Сядзельных цягачоў рэалізавана яшчэ меней — 214 (6% у параўнаньні з І паўгодзьдзем 2008-га). Тэлевізараў, манітораў, праектараў прададзена 37 тысяч адзінак (19%), дарожнай і будаўнічай тэхнікі — 391 (20%). З улікам паказьніка імпарту з Расеі (пераважна гэта закупы энэргарэсурсаў) адмоўнае сальда перавысіла 4,5 мільярда даляраў.

Тым часам і урад фіксуе спад працы прамысловасьці: 4 % за 1-е паўгодзьдзе. Начальнік галоўнага ўпраўленьня прамысловасьці Міністэрства эканомікі Ўладзімер Дзернавы паведаміў: за 6 месяцаў у сярэднім тэмп росту аб’ёму вытворчасьці ў прамысловым сэктары склаў 96% да ўзроўню мінулага году. Аднак асобныя сфэры прамысловасьці паказалі горшыя лічбы, цягнучы назад усю эканоміку:
Асноўны спад на БелАЗе, Амкадоры, МАЗе...

“Праблемы характэрныя перш за ўсё для Міністэрства прамысловасьці. Калі паглядзець на дынаміку, то ў параўнаньні за студзень-люты, студзень-сакавік, студзень-красавік і г.д. назіраецца зьніжэньне тэмпаў вытворчасьці. Асноўны спад прыпадае на аўтатрактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаваньне. Сярод прадпрыемстваў можна адзначыць БелАЗ, дзе тэмп росту склаў толькі 61,5%, Амкадор – 57,1%, МАЗ – 54,6%. То бок праблемы ў гэтым сэктары досыць істотныя”.

Спад прамысловай актыўнасьці ў Беларусі эканамісты тлумачаць наўпроставай залежнасьцю беларускай прамысловасьці ад расейскага рынку. Але агульныя для ўсіх краінаў крызісныя зьявы, паводле словаў прадстаўніка Мінэканомікі, ускладняюцца і пратэкцыянісцкай палітыкай, характэрнай для асноўных гандлёвых партнэраў краіны.

Разам з тым, паводле чыноўніка, практычна па ўсіх пазыцыях назіраецца зьніжэньне затаваранасьці складоў. Як мяркуюць незалежныя экспэрты, станоўчая дынаміка тлумачыцца досыць проста: прадпрыемствы скарачаюць аб’ём вытворчасьці, у выніку чаго з канвэера сыходзіць меней прадукцыі, якая потым перакачоўвае на склад. Да таго ж, як кажа аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч, як сьнежны ком нарастае іншая праблема -- узаемных неплацяжоў:

Канстанцін Скуратовіч
“Вельмі шырока ўжываюць адтэрміноўкі. Калі ў мінулым годзе аплочаная выручка складала 90%, то зараз гэты паказьнік -- каля 20%, а па некаторых прадпрыемствах увогуле мізэрная лічба. На паперы грошы нібыта ёсьць, але на самой справе ёсьць толькі абавязаньні. А паколькі вытворчасьць ня спыніш, то з гэтымі абавязаньнямі ідуць у банк, бяруць там крэдыты, набываюць той жа імпарт. У цэлым у эканоміцы нарастае крызіс неплацяжоў. Таму існуе пагроза, што ўзаемныя неплацяжы падарвуць усю эканоміку, а потым і фінансавую сыстэму. Бо ў банкаў таксама няма валюты. Нездарма ж мы бегаем і просім грошай, дзе толькі можна. Ня мы – Лукашэнка”.

Пашырэньню збыту беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку мусіць спрыяць і пастанова пад №1000, якая абавязвае дзяржаўныя прадпрыемствы ажыцьцяўляць імпартныя закупы толькі праз узгадненьне з кіраўнікамі органаў дзяржаўнага кіраваньня – міністрамі ці іхнымі намесьнікамі. Паводле спадара Дзернавога, ва ўмовах скарачэньня экспарту і дэфіцыту валютных сродкаў дырэктар мусіць несьці падвойную адказнасьць за набыцьцё тавараў за межамі краіны.

"Палітычны" крэдыт ад Расеі

27 жніўня ў Сочы адбылася сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Чакалася, што кожны будзе ўздымаць найбольш важныя для сябе пытаньні, якіх назапасілася надзвычай шмат. За І паўгодзьдзе гандлёвы абарот паміж краінамі скараціўся амаль напалову. Суседні рынак зачыніўся для бальшыні беларускіх вытворцаў, а новы тэхнічны рэглямэнт пасьлядоўна спрычыніўся да малочнага, газавага, мяснога ды камбайнавага супрацьстаяньня. Але афіцыйна ніякіх заяваў адносна магчымасьці атрыманьня расейскіх крэдытаў ці прэфэрэнцыяй для беларускіх тавараў так і не прагучала.

Цікава, што ў той жа дзень у Менску на свой “саміт” сабраліся прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі Расеі і Беларусі. Сярод іншага абмяркоўвалася магчымасьць таго, што Лукашэнка зьвернецца да Мядзьведзева па крэдыт у 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Вось што з гэтай нагоды мяркуе колішні першы намесьнік старшыні Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Аляксашанка:

Сяргей Аляксашанка
“На наступны год фэдэральны бюджэт адмовіўся ад індэксацыі заробкаў. То бок у Расеі ў 2010 годзе ня будзе падвышэньня заробкаў бюджэтнікам, вайскоўцам, фэдэральным чыноўнікам. Цана пытаньня — прыкладна 180 мільярдаў рублёў пры індэксацыі на 10%. Каб зразумець супастаўнасьць лічбаў, зразумейце: крэдыт для Беларусі — гэта падвышэньне заробкаў на 5% бюджэтнікам па ўсёй Расеі”.

Сяргей Аляксашанка таксама гаворыць, што калі такі крэдыт усё ж будзе дадзены Беларусі, то яго можна сьмела назваць “палітычным”. Зь ім згодны і адзін зь лідэраў расейскага руху “Салідарнасьць” Барыс Нямцоў. Ён не чакае ад супрацоўніцтва Мядзьведзева і Лукашэнкі нічога добрага, паколькі цяпер гэтыя дачыненьні — на вельмі нізкім узроўні:

Барыс Нямцоў
“Узровень асабістай непрыязі двух аўтарытарных правадыроў зашкальвае за межы разумнага. Выразна бачна: не засталося ілюзіяў, што можна стварыць нешта падобнае да саюзу. Але мне падаецца, што таталітарныя лідэры ня здольныя да дамоваў. Таму што сутнасьць іх рэжымаў у тым, як захапіць паўнамоцтвы, а ня ў тым, каб імі дзяліцца”.

Паводле статыстыкі, экспарт беларускай прадукцыі ў Расею за першае паўгодзьдзе зьменшыўся ў два разы.

Чаму Расея адмаўляецца браць беларускія тавары і прадукты?


Наконт гэтага выказваліся гарадзенскія мінакі.

-- Увогуле, калі я даведаўся, што Расея купляе ў нас малако, у мяне было першай думкай — няўжо ў Расеі няма свайго малака? Я разумею, каб у нас ішло на экспарт штосьці зь цяжкога машынабудаваньня, тады гэта было б адчувальна, у сэнсе стратаў. Можа, яны ўздымаюць сваю прамысловасьць?

-- Ну дык цяпер крызіс. Па-мойму, ува ўсіх скарачэньне вытворчасьці. Калі ў іх грошай няма, яны, натуральна, ня могуць купляць у былых аб'ёмах, так па ўсім сьвеце. Вось адна з прычынаў, самая простая.

-- Яшчэ прычына таксама ў якасьці прадукцыі беларускай, якасьць кульгае. Галоўнае ж не цана, а якасьць, сам бярэш нават даражэй, але каб лепей. Напрыклад, аўтобусы нашыя МАЗы з выгляду добрыя, дызайн добры, а гадок прабегае, і матор у яго — выбачайце. А ўзяць “Нэаплян” — зусім іншая рэч.

-- Вельмі многа на гэтай праблеме завязана. Мне здаецца, узаемаадносіны паміж кіраўнікамі дзяржаваў. Да агульнага назоўніка прыйсьці вельмі цяжка. Расея вельмі вялікая краіна, а мы — не, хоць і ў цэнтры Эўропы. Захад дадае таксама, дыктуе пэўныя ўмовы. Той жа МВФ -- што датычыць інвэстыцый у нашую эканоміку. Ня ўсе ўмовы мы, напэўна, выканалі.

-- Канфлікт ёсьць паміж прэзыдэнтамі, ня хочуць прызнаваць Лукашэнку. На крызіс тут ня сьпішаш, тут штосьці іншае. Палітыка наша не такая. Грошай будзе выпрошваць, дазволу прадаваць там нашыя самазвалы, “Гарызонты”, халадзільнікі. Карацей, будзе ён дамаўляцца ў Сочы, каб куплялі прадукты. Яны ж у нас, здаецца, нічога. Сала добрае, не такое, як украінскае.

-- Я думаю, што Расея стала па-іншаму ставіцца да Беларусі, штосьці зьмянілася ў адносінах. Тут шмат прычынаў, напэўна. Беларусь захацела крэдыт браць за мяжой, Расея адмовіла ёй — праз гэта, мабыць.


Тым часам сталі вядомыя абавязаньні, якія ўзяла на сябе Беларусь перад МВФ, каб атрымаць крэдыт stand-by памерам 3,52 мільярда даляраў. Пра гэта напісана ў лісьце кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага і старшыні праўленьня Нацбанку Пятра Пракаповіча.

У справаздачы перад МВФ чыноўнікі канстатуюць: урад выканаў структурны кантрольны паказчык на канец сакавіка 2009 году па лібэралізацыі цэнаў, падвысіў кошты на жыльлёва-камунальныя паслугі, зьнізіў заробак у дзяржаўным сэктары, адмовіўся ад разьмяшчэньня дэпазытаў органаў кіраваньня ў камэрцыйных банках, скасаваў абмежавальны верхні паказьнік працэнтнай стаўкі для крэдытаў у беларускіх рублях і г.д.

У лісьце таксама гаворыцца, што да канца 2009 году будзе распрацаваны плян дзеяньняў на продаж замежным інвэстарам усіх нефінансавых кампаніяў Нацбанку. Урад шукае стратэгічных інвэстараў, якія набудуць кантрольныя пакеты акцыяў “Белпрамбудбанка”, “Белінвэстбанка”, “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG