Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Be Free”: рок жыве ў вольных сэрцах


Сёньня другі дзень ва ўкраінскім Чарнігаве доўжыўся Міжнародны музычны фэстываль “Be Free”. Гарадзкі лесапарк на беразе Дзясны, дзе праходзіць фэстываль, стаўся сапраўднай рок-Мэкай. На вечаровых канцэртах гуртоў “Vladivostok” з Францыі і беларускага “Ляпис Трубецкой” сабраліся тысячы прыхільнікаў рок-музыкі.

Малады інжынэр з Чарнігава спадар Сяргей апавядае пра сваё ўражаньне ад фэстывалю:

“Я люблю музыку. І яшчэ я люблю свабоду. Гэта свабодны рок-фэстываль. Думаю, што такія фэстывалі патрэбныя – яны змогуць аб’яднаць моладзь і дапамогуць адчуць сябе вольнымі”.


Менская студэнтка Ліна зь сябрамі даўно захапляцца рокам:

“Рок – гэта музыка, якая ўбірае ў сябе шмат розных кірункаў. Яна мне падабалася раней і падабаецца цяпер. Многія гурты гэтага напрамку, якія тут выступаюць, і прымусілі мяне сюды прыехаць – хацела іх пачуць. Найперш гэта гэдлайнэры гэтага фэстывалю “Ляпис Трубецкой” і “Воплі Відоплясова” з Кіева, а таксама менш знакамітыя гурты “Hair Peace Salon”, “Relikt”. Ну й хацелася пазнаёміцца з творчасьцю чарнігаўскіх выступоўцаў, якія замоўленыя ў праграме”.

Міжнародны рок-фэстываль “Be Free” ў Чарнігаве – трэці па ліку. У ім бяруць удзел два дзясяткі гуртоў зь Беларусі, Украіны, Польшчы й Францыі.У папярэднія гады арганізатары – "Беларуская музычная альтэрнатыва", ініцыятыва “Студфармат” і Эўрапейскае радыё для Беларусі – ладзілі такія рок-фэстывалі ва ўкраінскіх Луцку і Львове.

Меркаваньне кіраўніка “Беларускай музычнай альтэрнатывы” Віталя Супрановіча:

Віталь Супрановіч
“У Беларусі такі фэстываль складана правесьці зь некалькіх прычынаў. Адна зь іх – заканадаўчая. У нас вельмі складанае заканадаўства ў сфэры канцэртаў. Такі фэст на вольным паветры можна правесьці толькі ў тым выпадку, калі ты будзеш шчыльна супрацоўнічаць з уладамі. Гурты вымушаныя будуць прадставіць свае тэксты, думаць, што яны скажуць са сцэны. Нам жа хочацца, каб на наш фэст прыйшлі людзі зь любымі сьцягамі, любымі палітычнымі поглядамі, не баючыся, што іх нехта ў нечым папракне. Мы імкнемся абараняць творцаў у іхняй свабодзе для творчасьці”.

Партнэр беларускіх арганізатараў рок-фэстывалі, лідэр Чарнігаўскага рок-клюбу Аляксандар Жалязноў апавёў, што зладзіць фэст было няпроста. Дапамагалі мясцовыя ўлады:
Мы хочам мець стасункі, быць вольнымі – такое жаданьне як ва ўкраінскай моладзі, так і ў беларускай. ...

“Улада дапамагала нам з гэтым пытаньнем. Але было праблематычна, бо цяпер сэзон адпачынкаў. Шмат чыноўнікаў у адпачынку. Мы не разгубіліся. Я багата агледзеў пляцовак – на тэрыторыі гораду й за яго межамі. Урэшце была выбраная гэтая палянка. Вельмі спадзяюся, што гэты фэстываль будзе ў Чарнігаве пастаянна. Гэта маё такое пажаданьне й стратэгічнае мысьленьне. Гэта ж найбліжэйшае месца й для беларускіх аматараў – з Гомелю, Менску, Віцебску. Мы хочам мець стасункі, быць вольнымі – такое жаданьне як ва ўкраінскай моладзі, так і ў беларускай. І гэта важна”.

Фэст у Чарнігаве не абмежаваўся толькі выступамі рок-гуртоў. Беларускі Хэльсынскі камітэт ладзіў у намётавым гарадку, дзе жылі аматары рок-музыкі, гутаркі, раздаваў праваабарончую літаратуру. Цікавасьць выклікала праваабарончае тату – на пэўныя часткі цела моладзь наносіць сымболіку фэстывалю.


Шмат хто з гасьцей фэстывалю выяўляў сябе ў мастацтве – малявалі сваё уяўленьне будучыні.

Прадстаўнікі суполкі “Культурактыў” зь нямецкага Дрэздэну прэзэнтавалі на фэсьце свой відэафільм. Апавядае Маркус Ёртэль:

“Мы прыехалі для таго, каб прэзэнтаваць наш праект “БелаПлюс”. Мы ажыцьцяўляем яго разам зь беларускай моладзьдзю”.

Фэстываль – гэта ня толькі музыка, танцы пад акампанэмэнт знакамітых рок-гуртоў, ня толькі занятак для самавыяўленьня. Гэта яшчэ й новыя знаёмствы.

Апавядае спадарыня Вольга, якая прыехала на рок-фэстываль з Магілёўскай вобласьці:

“Хочацца адзначыць вельмі цікавых людзей, якія тут сабраліся. У мяне быў сумны досьвед з масавых мерапрыемстваў у Беларусі. Прынамсі, на канцэрце Шаўчука ў Магілёве сабраліся адныя п'яныя гопнікі. Тут жа сабраліся людзі больш прыстойныя, якія ведаюць, навошта прыехалі. Мы самі ехалі зь Беларусі аўтаспынам выключна дзеля “Вопляў Відоплясова”. І пакуль я іх не пачую, буду мала задаволеная”.

Знакаміты кіеўскі рок-гурт сёньня выступіць на закрыцьці фэсту, і будзе гэта не пазьней за 21-ю гадзіну.

Сярод надзвычайных здарэньняў рок-фэсту на гэты час можна адзначыць хіба што зьнікненьне дакумэнтаў у двух чальцоў беларускага рок-гурту “Ляпис Трубецкой”.


Вячаслаў Корань

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG