Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль Беларусі і Ўкраіны скараціўся напалову


Таваразварот паміж Украінай і Беларусьсю сёлета параўнальна зь мінулым годам скараціўся больш чым напалову.


Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. Галоўнай прычынай такога драматычнага падзеньня стаў эканамічны крызіс.

Сума таваразвароту паміж Беларусьсю і Ўкраінай за першае паўгодзьдзе скарацілася ў параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году ажно на 52% і цяпер склала 1,2 мільярда даляраў. Пасьля рэкорднага 2008 году, калі таваразварот паміж дзьвюма краінамі разам з паслугамі дасягнуў 5,3 мільярда даляраў, выразна бачна — становішча рэзка пагоршылася. Значна зьменшыліся аб’ёмы гандлю, страты нясуць абодва бакі.

Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы лічыць, што ў такіх умовах трэба значна лепей працаваць маркетынгавым службам. І калі яны гэта робяць, то і вынік прыходзіць хутка. У якасьці прыкладу ён сказаў, што за час “малочнай вайны” Беларусі і Расеі Ўкраіна нашмат павялічыла закупы беларускага масла і сыроў. Хаця бывае, што і інтарэсы дзьвюх краінаў сутыкаюцца, як гэта адбываецца з цукрам, сказаў спадар Ліхавы:

“Беларускія цукровыя буракі — высокага ўзроўню. І мы купляем такі цукар. Дарэчы, той з вас, хто п’е піва “Абалонь”, павінен ведаць, што гэты канцэрн купляе шмат беларускага цукру. І ён займае адно зь вядучых месцаў сярод імпартэраў піва ў Беларусь. Але ж трысьняговы цукар выклікае пярэчаньне з боку ўкраінскіх вытворцаў цукру”.

Беларусь, як і ўсе іншыя непасрэдныя суседзі Ўкраіны, па-ранейшаму застаецца стратэгічным партнэрам Кіева, заявіў амбасадар Ліхавы. Але нават сярод краінаў СНД Беларусь пакуль застаецца толькі чацьвёртым па маштабах гандлёвым партнэрам Украіны. Нашы суседзі, як паказваюць лічбы, у гандлі больш арыентуюцца на Расею, Туркмэністан і Казахстан.

Беларускі эканаміст, старшыня камісіі рэфармаваньня эканомікі ў Вярхоўным Савеце Беларусі 13 скліканьня Васіль Шлындзікаў кажа, што Ўкраіна значна апярэдзіла Беларусь у разьвіцьці малога бізнэсу:

“У іх вельмі добрае заканадаўства пра малы бізнэс. Прычым ужо даўно. Мы яшчэ некалькі гадоў таму ставілі Ўкраіну ў прыклад: па заканадаўстве, па спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня... Яны вельмі шмат сапраўды зрабілі для стварэньня рыначных мэханізмаў”.

У адрозьненьне ад Беларусі, заводзкія склады ў нашых суседзяў загружаныя намнога меней, а адмоўнае сальда зьнешняга гандлю ў пяць разоў меншае за беларускае. На пытаньне, чаму так атрымліваецца, амбасадар Ліхавы адказаў:

“Украіна раней прайшла этапы рэфармаваньня сваёй эканомікі. Гэта сапраўды так. І вельмі важна, што мы адразу арыентаваліся на эўрапейскія стандарты. Арыентаваліся на далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Прычым адразу зьбіраліся ўступаць у яе адны, а ня з кімсьці.

Ва Ўкраіне значна больш, чым у Беларусі, скарацілася ўнутраная вытворчасьць. Я ведаю, што ў вас адна з найважнейшых праблемаў — вялікія складзкія запасы. У нас жа кожны ўласьнік, кожнае прадпрыемства самі вырашаюць, што ім вырабляць і што ім прадаваць. Для іх галоўнае гэта, а ня тое, што трэба выканаць плян і даць справаздачу. У нас за працу на склад ордэнаў не даюць. Вось гэтая сыстэма саманастройкі ва Ўкраіне падчас крызісу ўсё-ткі спрацавала станоўча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG