Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Катыні ўшануюць памяць ахвяр-беларусаў


Катынь, 1943 год, архіўнае фота
Катынь, 1943 год, архіўнае фота

На Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, які ў Эўропе адзначаецца 23 жніўня, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый Беларусі накіраваліся ў паездку ў мэмарыял Катынь на Смаленшчыне і шэраг мерапрыемстваў у Беларусі.


З заклікам да беларусаў ускласьці 23 жніўня кветкі да месцаў масавых рэпрэсій зьвярнуліся напярэдадні прадстаўнікі розных грамадзкіх аб’яднаньняў.

Адно зь месцаў ушанаваньня — Катынь, мястэчка ў Смаленскай вобласьці, дзе сталіністы расстралялі тысячы людзей. Паводле сябра арганізацыі беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ігара Лялькова, сярод іх было шмат этнічных беларусаў, у тым ліку тых, хто яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя змагаўся за беларускае адраджэньне на землях Смаленшчыны.

“Мы робім 23 жніўня вялікую выправу ў Катынь, у мэмарыяльны комплекс. Ня толькі афіцэры Войска польскага, якія там расстраляныя па загадзе Берыі і Сталіна ў канцы 1939 — пачатку 1940 гадоў. Гэта самая вядомая частка. Але ў Катыні таксама пахаваныя каля 15 тысяч ахвяраў смаленскай турмы і смаленскіх лягераў. У тым ліку прадстаўнікі гэтак званага беларускага адраджэньня Смаленшчыны 20-х, 30-х гадоў”.

Ігар Лялькоў паведаміў, што падчас кантактаў з адміністрацыяй мэмарыялу ў Катыні будзе абмеркавана магчымасьць усталяваньня памятнага знака беларусам, якія там загінулі.

У Менску, Гародні, Баранавічах плянуецца правесьці навуковыя канфэрэнцыі з абмеркаваньнем наступстваў пакту Молатава-Рыбэнтопа для лёсу беларусаў. Гаворыць Юрась Губарэвіч з руху “За свабоду”:

“Мы лічым, што немагчыма без абмеркаваньня тых падзей, без асэнсаваньня іх на нацыянальным узроўні, без прызнаньня дзяржавай тых злачынстваў і асуджэньня злачынцаў — немагчыма паўнавартасная пабудова дэмакратыі ў Беларусі”.


Афіцыйныя ўлады Беларусі пакуль не заявілі ніводнага мерапрыемства, прысьвечанага Дню памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасьці “Разам” называе маўчаньне ўладаў на гэты конт сымбалічным.

“Маўчаньне адносна рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пра Дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму і наагул на гэтую тэму — гэта ўжо нейкае дасягненьне для сёньняшніх уладаў. Нагадаю, была толькі адна краіна, якая хваравіта ўспрыняла гэтую рэзалюцыю — гэта была Расея. Зь іншага боку, улада мусіла даўно наведаць нацыянальны нэкропаль Курапаты і ўшанаваць на дзяржаўным узроўні памяць ахвяр сталінізму. Але і гэтага, на жаль, не адбылося. Думаю, невыпадкова”.

На думку гісторыка Ігара Кузьняцова, беларускія падручнікі гісторыі для школьнікаў і студэнтаў дагэтуль ня пішуць праўду пра пакт Молатава-Рыбетропа:

“У падручніках трактоўка засталася старая. Што Савецкаму Саюзу краіны заходняй дэмакратыі нібыта не пакінулі іншага шанцу, як заключыць дамову з гітлераўскай Нямеччынай, каб выйграць час для абароны ад магчымай агрэсіі. Такім чынам, не адбылося ніякага асэнсаваньня той трагедыі, якая пачалася з пакту Молатава-Рыбэнтропа пра ненапад”.

***

23 жніўня, паводле рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад 3 ліпеня 2009 году, у аб’яднанай Эўропе адзначаецца як Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. 70 гадоў таму ў гэты дзень у Маскве быў падпісаны гэтак званы пакт Молатава-Рыбэнтропа, які меў сакрэтны пратакол. Гэтым пратаколам прадугледжвалася акупацыя і падзел паміж гітлераўскім і сталінскім рэжымамі краінаў Усходняй Эўропы, у тым ліку Польшчы, у якую тады ўваходзіла заходняя частка сучаснай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG