Аўторак 2009-VIII-18
Майго гарадзенскага сябра Стаса Пачобута на днях ня выпусьцілі зь Беларусі. Ён меўся трапіць у Вільню, каб адыграць там сольны акустычны канцэрт. Аднак памежнікі накіравалі Стаса дадому: маўляў, невыязны.
Многім Стас вядомы найперш як музыка і анархіст. Сам жа ён акрэсьлівае сябе інакш: чалавек. Сёньня можна сьпяваць песьні, працаваць кавалём і ладзіць акцыі анархістаў, але ўжо заўтра можна кінуць кавадла і гітару ды заняцца, да прыкладу, цясьлярствам ці грузаперавозкамі. Галоўнае ж – заставацца пры гэтым чалавекам. Адказваць за кожнае сваё слова, за кожны свой учынак. Трымацца сваіх прынцыпаў і перакананьняў. Цьвяроза ацэньваць рэчаіснасьць.
Апошні альбом гурту DEVIATION, аўтарам і вакалістам якога зьяўляецца мой сябра, называецца “Чарговы дзень пад акупацыяй”. Яго нельга купіць у музычных крамах ці пачуць на канцэртных пляцоўка.
Але ці варта зьдзіўляцца гэтаму, жывучы ў краіне дыктатуры?
Мы гэтак часта адмаўляемся верыць відавочнаму, што вось раптам здарылася, хаця яшчэ ўчора цьвердзілі адзін адному пра навіслую небясьпеку. Да прыкладу, у растыражаванай гісторыі з жаўнерам Вячоркам-малодшым зьдзіўляе зусім ня жорсткасьць умоваў службы ў войску ці абыходжаньне з хворым беларускамоўным ваяром. Дзівіць нейкая дзіцячая наіўнасьць заклятых апанэнтаў рэжыму: як, няўжо гэта ўсё здарылася менавіта са мной?!
А чаго вы чакалі? І для каго?
Нічога трагічнага ў сваім невыязным статусе Стас ня бачыць: рана ці позна ён усё-ткі выедзе за мяжу і прасьпявае свае песьні для адзінадумцаў, якія яго там чакаюць. І ня так істотна, што гэта будзе крыху пазьней, а раздрукаваныя зараз афішы пойдуць у стол. Нашмат важнейшае тое, што музыка ня стаў праходзіць тэст на ляяльнасьць да якога-небудзь мясцовага ідэоляга, ня стаў мяняць свабоду ўнутраную на свабоду перасоўваньня празь мяжу.
Застаўся свабодным чалавекам.
Прэзэнтацыя альбому,натуральна, адбылася падпольна, запісы выкладзеныя ў Інтэрнэце.
Хтосьці можа гмыкнуць: маўляў, не нагуляліся яшчэ ў партызанку.
Нехта пацісьне плячыма: ат, нічога ўсё адно ня будзе.
Але калі нічога ня будзе ды ўсё дарэмна – навошта тады наагул жыць, прынамсі ў гэтай краіне?
Партызанаў ніколі не было шмат, гэта заўсёдная каста нязгодных з большасьцю. Калі ж іх шмат, то гэта ўжо сапраўднае народнае рушаньне. Мы гэтак часта любім прымяраць да сябе гевараўскую бэрэтку ды хваліцца ваеннымі перамогамі продкаў – ад ваяроў Грунвальду да вэтэранаў ІІ Усясьветнай. Рэспубліка-партызанка, усё такое.
Але ці ж сапраўды шмат сярод нас людзей свабодных унутрана, нязломных і неўтаймаваных? І колькі нам яшчэ трэба часу, каб адасобленыя партызанскія атрады зьліліся ў сапраўдным Народным Рушаньні?