Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскай вобласьці забараняюць піва ў шапіках


На тэрыторыі Менскай вобласьці 17 жніўня ўводзіцца забарона на продаж піва ў шапіках і павільёнах, паведаміў БелаПАН старшыня РГА “Пэрспэктыва”Анатоль Шумчанка.

Паводле ягоных слоў, адпаведнае рашэньне было прынятае Менскім аблвыканкамам 19 траўня.

У сувязі з увядзеньнем забароны РГА “Пэрспэктыва” накіравала на імя прэзыдэнта зварот з просьбай адмяніць рашэньне Менаблвыканкаму.

“На падставе ўжо атрыманага досьведу можна ўпэўнена сказаць, што поўная забарона продажу піва й слабаалькагольных напояў у шапіках прывядзе да шэрагу нэгатыўных пасьледкаў”, — гаворыцца ў заяве.

У прыватнасьці, як лічаць у РГА “Пэрспэктыва”, забарона стане прычынай краху “дробнарозьнічнай гандлёвай сеткі ў невялікіх гарадах і пасёлках”, а таксама прывядзе да “павелічэньня беспрацоўя сярод самых сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва: жанчын перадпэнсійнага веку, маці-адзіночак і ўчорашніх выпускнікоў, якія ня маюць працоўных спэцыяльнасьцяў”. Сярод прадаўцоў шапікаў “гэты кантынгент складае практычна 100%”.

“Такіх толькі па Маладзечне застанецца бяз працы, паводле самых сьціплых падлікаў, каля трохсот чалавек, а ва ўмовах рэспублікі гэтая лічба можа аказацца проста агромністай, — гаворыцца ў паведамленьні. — Таму далейшы лёс гэтых людзей будзе ляжаць на сумленьні мясцовых уладаў”.

РГА “Пэрспэктыва” просіць прэзыдэнта адмяніць “дыскрымінацыйнае, антырынкавае рашэньне Менскага абласнога выканаўчага камітэту ад 19 траўня № 497 “Пра парадак рэалізацыі піва й слабаалькагольных напояў”, якое “перашкаджае разьвіцьцю малога прадпрымальніцтва й чыніць шкоду эканамічнай бясьпецы нашай краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG