Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі забаранілі продаж піва ў шапіках


Сёньня раніцай у Гомелі блізу сотні прадпрымальнікаў сабраліся ля будынку аблвыканкаму, каб выказаць свой пратэст супраць забароны продажу піва ў шапіках.

Яны хацелі сустрэцца з кіраўніцтвам абласной выканаўчай вэртыкалі. Аднак прадпрымальнікам патлумачылі, што ў дадзены момант ні старшыні, ні ягоных намесьнікаў на месцы няма. З прадпрымальнікамі гутарылі кіраўніца камітэту эканомікі Эльвіра Карніцкая й начальнік управы гандлю Валяр’ян Бяспалы.

Прадпрымальнікі перадалі ў аблвыканкам сабраныя на месцы подпісы супраць забароны продажу піва ў гарадзкіх шапіках.



Паводле дадзеных упраўленьня аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму:

“Адной з істотных рэакцый паводзінаў, тыповых для падлеткавага ўзросту, зьяўляецца рэакцыя “групаваньня з аднагодкамі”.

Сярод падлеткаў існуе аблудная думка, што піва і слабаалькагольныя напоі не зьяўляюцца алькагольнымі напоямі. Гэтая аблуда падзяляецца часткай дарослага насельніцтва і замацоўваецца ў сьвядомасьці агрэсіўнай піўной рэклямай.

Схільнасьць ва ўжываньні піва і слабаалькагольных напояў зьвязана з псыхалягічнымі і фізіялягічнымі асаблівасьцямі дзіцячага арганізму: яны прыносяць задавальненьне, іх спажываньне лёгка пераносіцца і не выклікае хваравітых рэакцый.

У часткі падлеткаў да 18 гадоў фармуецца залежнасьць ад алькаголю (хранічны алькагалізм), поўнасьцю страчана цікавасьць да адукацыі, працоўнай дзейнасьці, яны не прыдатныя да службы ва Ўзброеных сілах”.


Гомельскі абласны выканаўчы камітэт у адказе Міністэрству гандлю і рэспубліканскаму аб’яднаньню “Пэрспэктыва” выказаўся адносна забароны продажу піва і слабаалькагольных напояў праз шапікі.

Рашэньне Гомельскага аблвыканкаму № 163 ад 27 лютага “Аб гандлі ўраздроб півам і слабаалькагольнымі напоямі на тэрыторыі Гомельскай вобласьці” прынятае на падставе Пастановы Савету Міністраў № 317 ад 6 сакавіка 2006 году. Згодна зь ім “аблвыканкамы маюць права самастойна вызначаць часавы пэрыяд і месцы, дзе не ажыцьцяўляецца рэалізацыя піва і слабаалькагольных напояў з масавай доляй этылавага сьпірту ня больш за 7%”.

Як гаворыцца ў лісьце Гомельскага аблвыканкаму, “гэтая абмежавальная мера накіраваная найперш на прадухіленьне п’янства і алькагалізму сярод непаўналетніх і падлеткаў як найбольш патэнцыйных пакупнікоў гэтай прадукцыі ў аб’ектах дробнай гандлёвай сеткі”.

Таксама гэта накіравана на “падвышэньне культуры піцьця ў цэлым, зьмяншэньня нэгатыўных наступстваў спажываньня піва і слабаалькагольнай прадукцыі, скарачэньня колькасьці зваротаў грамадзянаў адносна працы дробных гандлёвых пунктаў”.

Гэтае рашэньне пачало дзейнічаць ад 6 красавіка.

Як далей гаворыцца ў лісьце, прадпрымальнікі выказалі незадаволенасьць тым, што ў іх няма магчымасьці прадаць астаткі прадукцыі. Таму ўлады адтэрмінавалі ўвядзеньне гэтага рашэньня з 27 лютага да 8 ліпеня гэтага году.

Разам з тым шапікі могуць прадаваць піва, калі яны разьмешчаныя ў гандлёвай залі. Пры гэтым падрыхтавана рашэньне пра адмену абмежаваньня часу продажу піва і слабаалькагольных напояў.

У зьвязку з гэтым Гомельскі аблвыканкам лічыць, што дзеяньні органаў мясцовай улады не накіраваныя на зьнішчэньне дробнага гандлю, а арыентуюць на стварэньне патрэбных умоваў для абслугоўваньня пакупнікоў.

Супрацоўнікі абласной міліцыі затрымалі сябра БАЖ Алега Ражкова, які здымаў на відэакамэру акцыю пратэсту прадпрымальнікаў ля аблвыканкаму. У яго скапіявалі адзьнятае й адпусьцілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG