Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўднае піва на тэрыторыі Беларусі — толькі беларускае?


У самы сэзон спажываньня піва Камітэт дзяржаўнага кантролю ініцыюе стварэньне заслоны на шляху імпартных гатункаў гэтага папулярнага ва ўсім сьвеце ячменнага напою. Як падлічылі кантралёры, цяпер кожная чацьвёртая бутэлька піва, якая прадаецца ў Беларусі, прывезеная з-за мяжы. А такая тэндэнцыя ня толькі заганная, але і непатрыятычная. У зьвязку з гэтым прапануецца стварыць інстытут спэцімпартэраў піва, каб цалкам кантраляваць празрыстасьць паставак. Варта нагадаць: паводле конкурсу ўжо вызначаюцца пастаўшчыкі іншых стратэгічных тавараў — элітнага алькаголю, тытуню, рыбы і г.д.

Пры канцы мінулага тыдня старшыня Камітэту дзяржкантролю Зянон Ломаць сабраў кіраўнікоў беларускіх бровараў, каб выпрацаваць сумесную стратэгію супрацьстаяньня піўному імпарту. Задача катэгарычная — абмежаваць увоз піва ў Беларусь, зрабіўшы, такім чынам, беларускія піўзаводы больш канкурэнтаздольнымі. За пасьпяховы прыклад імпартазамяшчэньня ўзялі прасоўваньне ў гандлёвую сетку сокаў беларускай вытворчасьці. Было вырашана, што апрабаваная практыка карысная і піўным гурманам не пашкодзіць. Адпаведныя прапановы наконт піўнога рынку Зянон Ломаць мае даслаць Аляксандру Лукашэнку.

Аднак эканаміст Сяргей Балыкін перакананы: радыкальная ініцыятыва можа мець зусім іншыя наступствы — у адсутнасьць канкурэнтаў прадпрыемствам папросту няма сэнсу ўдасканальваць вытворчы працэс, каб прадукцыя адпавядала самым высокім стандартам якасьці:

Беларускія вытворцы ў адсутнасьць канкурэнцыі з боку замежных кампаній наўрад ці будуць намагацца рабіць больш якасны
прадукт
“З эканамічнага пункту гледжаньня ўсялякае абмежаваньне імпарту азначае, што праблемы вытворцаў вырашаюцца за кошт спажыўцоў. У выніку мы атрымаем толькі адно: якасьць беларускага піва будзе горшай, а кошты яшчэ вышэйшыя. Беларускія вытворцы ў адсутнасьць канкурэнцыі з боку замежных кампаній наўрад ці будуць намагацца рабіць больш якасны прадукт. Насамрэч прымушае вытворцаў рабіць якасны прадукт менавіта канкурэнцыя, а на беларускім рынку паміж беларускімі вытворцамі канкурэнцыя не такая вялікая. Таму без таго, каб на нашым рынку гандлявалі замежныя вытворцы, казаць пра тое, што ў нас рынак будзе дастаткова канкурэнтны, нельга. У тым асартымэнце, які ёсьць у крамах, пераважае расейскае, украінскае і беларускае піва. На жаль, зусім няшмат якаснага піва з Чэхіі, Нямеччыны, нават Літвы”.

Асноўная частка піва, зваранага па-за межамі Беларусі, паступае з Расеі і Ўкраіны. У некаторых выпадках яно таньнейшае за прадукцыю беларускіх вытворцаў, перавышаючы пры тым паводле якасьці бальшыню аналягаў. Па афіцыйных зьвестках, з Расеі летась дастаўлена блізу 8 мільёнаў дэкалітраў піва. Аб’ёмы рэалізацыі ўкраінскіх кампаній перавысілі 4 мільёны 200 тысяч дэкалітраў. Іншыя замежныя вытворцы прадстаўленыя сьціпла: прыкладам, доля чэскага піва на беларускім рынку складае толькі 52 тысячы дэкалітраў.

Колішні дырэктар па маркетынгу Лідзкага бровару Юрый Панчанка цяпер займаецца прасоўваньнем прадукцыі харчаваньня гарадзенскага вытворцы АВС. На яго думку, у выпадку зь піўным лобі яскрава прасочваецца тэндэнцыя імпартазамяшчэньня. Аднак наўрад ці густам беларускіх спажыўцоў рэальна дагадзіць выключна зь мясцовых рэзэрваў:

Вытворчыя магутнасьці беларускіх прадпрыемстваў не закрыюць стопрацэнтна патрэбы пакупнікоў
“Трэба, каб усё было празрыста і разумна. Але ў выніку ўсё накіравана на выцясьненьне імпарту. Ужо шмат якія вытворцы імпартнай прадукцыі ня здольныя выдаткоўваць такія сродкі на прасоўваньне сваёй прадукцыі, каб захопліваць тутэйшы рынак. Таму, з аднаго боку, у беларускіх вытворцаў ёсьць рэальная магчымасьць павялічыць аб’ёмы продажу. Бо калі б нават напалову скараціць той аб’ём імпарту асноўных прадуктаў, то ўжо дастатковая ніша будзе для беларусаў. Аднак местачковасьць Беларусі, дзе абароты нязначныя, не дазволіць кардынальна ўратаваць агульную сытуацыю. Да таго ж трэба таксама разумець: вытворчыя магутнасьці беларускіх прадпрыемстваў не закрыюць стопрацэнтна патрэбы пакупнікоў. Ну, канечне, калі шалёнымі тэмпамі не пачне скарачацца пакупніцкая здольнасьць ад недахопу грошай”.

На паседжаньні ў Зянона Ломаця была агучаная ідэя заснаваць інстытут спэцімпартэраў, якія кожныя паўгода ці год атрымлівалі б адмысловы дазвол на імпарт піва ў Беларусь. Пры гэтым галоўным аргумэнтам было тое, што ў мэханізьме паставак зьявілася зашмат “шэрых схемаў”, пры якіх вялізная колькасьць завезенай прадукцыі застаецца няўлічанай. Як да такой ініцыятывы ставяцца ў Расеі, якая займае асноўную долю ў піўной экспансіі на Беларусь? Піяр-мэнэджэр Саюзу расейскіх півавараў Віталь Кузьняцоў пацьвярджае, што беларускі рынак для бровараў Расеі застаецца стратэгічным, аднак пра магчымую страту пазыцый, пакуль ня будуць прынятыя нейкія рашэньні, асабліва ня думае:

Ёсьць вялікая розьніца паміж дэкляраваньнем намераў і ўхваленьнем канкрэтных рашэньняў
“Давайце насамрэч дачакаемся, наколькі рэальна будзе прынятае такое рашэньне. Пакуль жа, уласна кажучы, я толькі ад вас даведаўся, што адбылося такое паседжаньне. Аднак усё ж ёсьць вялікая розьніца паміж дэкляраваньнем намераў і ўхваленьнем канкрэтных рашэньняў. Пакуль што ні ад ураду Расейскай Фэдэрацыі, ні ад іншых кампэтэнтных органаў няма ніякай падрабязнай інфармацыі, таму штосьці сказаць складана. Звычайна, калі прымаецца такое рашэньне, то нам гэта становіцца вядома ці праз каналы зь Беларусі, ці праз каналы нашых органаў улады. На гэты момант, відавочна, сытуацыя ўсё ж на ўзроўні дэкляраваньня намераў”.

Пра нізкую запатрабаванасьць беларускага піва ў межах краіны сьведчыць статыстыка, якую, да ўсяго, істотна сапсаваў сусьветны фінансавы крызіс. Перадусім, ня спраўдзіліся прагнозы на рост рынку піва ў Беларусі: калі на бліжэйшыя 10 гадоў прырост у гэтым сэгмэнце акрэсьліваўся ў межах 8—10% штогод, то ў 2009 годзе аб’ём продажу можа зьнізіцца на 10—15%. Па выніках мінулага году колькасьць рэалізаванага піва беларускай вытворчасьці на ўнутраным рынку склала 34 мільёны дэкалітраў пры заданьні на год 48 мільёнаў. Паводле зьвестак канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, прадпрыемства “Брэсцкае піва” за першыя месяцы 2009 году зварыла 326 тысяч дэкалітраў піва, што на 12% менш за ўзровень мінулага году. Бабруйскі “Сябар” скараціў выпуск піва амаль на 36%, “Рэчыцапіва” — на 48%.

Разам з тым кіраўнік Камітэту дзяржкантролю скрытыкаваў беларускіх вытворцаў за слабую актыўнасьць у прасоўваньні ўласнай прадукцыі на замежныя тэрыторыі. Так, за мінулы год, перадусім у Расею, экспартавана ўсяго 0,8 мільёна дэкалітраў беларускага піва пры агульным заданьні ў 3 мільёны.

Сапсаваць і без таго незайздросныя лічбы раз-пораз намагаецца Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На тле даведзеных да бровараў паказьнікаў ведамства ініцыюе забарону на ўжываньне піва ў людных месцах, падчас спартовых і культурных мерапрыемстваў. Большая частка такіх прапановаў сыходзіла ад ужо былога кіраўніка МУС Уладзімера Навумава. Аднак пасьля таго, як Беларусь атрымала права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету ў 2014 годзе, генэрал зьмякчыўся і паабяцаў: прынамсі падчас хакейных матчаў заўзятарам будзе дазволена піць піва, пажадана — беларускае. Ці трэба чакаць яшчэ пяць гадоў, каб за піва на трыбунах міліцыя не ганяла?

У. Навумаў: Але піць піва разумна!
“Мы такую магчымасьць ускосна абмяркоўвалі, бо ўжо сёлета ў нас пройдзе досыць шмат турніраў, пра якія раней мы толькі марылі. У гэтым сэзоне мы зможам гуляць са зборнымі Славаччыны, Швайцарыі, Нямеччыны, будзем праводзіць такі турнір у Менску, а значыць, будзем паступова рухацца да таго, што існуе вакол хакею. Будуць прыяжджаць іхныя заўзятары, і я думаю, што мы будзем на парытэтных пачатках у арганізацыі гэтых турніраў, у тым ліку і ў такім складніку, як піва. Але піць піва разумна! За гэты час наша піўная прамысловасьць навучылася варыць добрае піва, а празь пяць гадоў яно будзе яшчэ лепшае. Таму перакананы, што да 2014 году на нашых спартовых арэнах і на прылеглых тэрыторыях, як гэта робіцца ў многіх краінах, можна будзе піць якаснае беларускае піва. Мы ў гэтым зацікаўленыя, таму што гэта адзін з артыкулаў прыбытку, на які разьлічвае фэдэрацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG