Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мілаваць?


Усё залежыць ад Джо!

Памілаваньне забойцаў “пухавіцкага падпальшчыка” нават самаўпраўствам з боку прэзыдэнта не назавеш, бо аўтарытарная ўлада ўся складаецца з самаўпраўства. Таму акт памілаваньня і прымаецца большасьцю народа, як належнае. Іншая рэч – што ўсё гэта значыць?

Прэзыдэнт сваім учынкам паказаў, што вольны аднаасобна мілаваць, а значыць, вольны й аднаасобна караць, чым умацаваў публіку ў дапушчэньні, што выкраданьне й забойства ягоных колішніх паплечнікаў цалкам магло быць зьдзейсьненае на ягоны загад
Прэзыдэнт сваім учынкам паказаў, што вольны аднаасобна мілаваць, а значыць, вольны й аднаасобна караць, чым умацаваў публіку ў дапушчэньні, што выкраданьне й забойства ягоных колішніх паплечнікаў цалкам магло быць зьдзейсьненае на ягоны загад. Памілаваньне – усяго толькі адваротны бок пакараньня. Тут, як той казаў, усё залежыць ад Джо. Джо Блэк – пэрсаніфікацыя самой сьмерці ў фільме Марціна Брэста – вырашае, каго забраць з сабой, а ў каго наперадзе – “захапляльнае жыцьцё”.

Заўважце – суд нічога ня значыць. Дакладней, прэзыдэнцкае памілаваньне – гэта фактычная легалізацыя самасуду. Суда, як незалежнай уладнай інстанцыі, у Беларусі проста не існуе. Няма судовае ўлады – няма й закона. Кожны вольны сам судзіць і караць каго заўгодна, а прэзыдэнт вольны за гэта ўзяць ды памілаваць. Прастата і “паняційны” характар такой працэдуры, вядома ж, падкупляюць. Усё адбываецца як у казцы. Да таго часу, пакуль справа ня тычыцца цябе самога, і казка не становіцца быльлю...

Самае драматычнае, што вынікае з гэтага памілаваньня, зусім не самаўпраўства аўтарытарызму, прымітывізм дзяржаўнага ўладкаваньня, адсутнасьць дэмакратыі й судовае ўлады і тое, што “ўсё залежыць ад Джо”. Па вялікім рахунку, гэта ўсё словы. Самае драматычнае – гэта перагортваньне шкалы вымярэньня цяжкасьці злачынства й пакараньня з ног на галаву. Так было ў сталінскія часы, калі людзі, прысуджаныя да сьмерці, разглядаліся ўладай, карнікамі й публікай як адыграны матэрыял, як непатрэбшчына, як сьмецьце.

З тых часоў грамадзтва неверагоднымі намаганьнямі ўсёй сваёй культуры й асьветы спрабавала вярнуць шкалу з галавы на ногі. Папулярная перадача на Беларускім радыё, што дапамагае шукаць зьніклых людзей, з выпуску ў выпуск сьцьвярджае найвялікшую каштоўнасьць чалавека й ягонага жыцьця. Дабро ці шкода прынесеныя чалавеку або чалавекам ёсьць самы высокі крытэр людзкасьці. Усё астатняе – толькі словы, марнасьць і пустата.

А тут – наадварот. Забіць іншага, у прынцыпе, магчыма. А калі ён сволач, дык і пагатоў – ня толькі можна, але й варта, і нават трэба. Забіў сволач – маеш спадзеў на памілаваньне. Ты – як санітар, што ачышчае лес ад нявартых і шкодных сабе падобных. Робіш, можна сказаць, высакародную справу. Важнасьць самога забойства тут мінімальная.

Зь іншага боку, калі цябе пасадзілі за “неасьцярожнае слова”, важнасьць твайго злачынства – самая вялікая. І пільнасьць увагі да цябе з боку органаў бясьпекі – таксама. Тое, што ты нікога й пальцам не крануў, нікому не прынёс ні маральнае, ні матэрыяльнае шкоды – неістотна. Будзеш сядзець за кратамі без памілаваньня й амністыі.

Між іншым, калі кіравацца такімі паняткамі “казачнага лесу”, апанэнтам улады даўно пара было б перайсьці да сілавых мэтадаў самарэалізацыі. А не сядзець у куточку ды княваць пра законы, дэмакратыю ці там абсалютную каштоўнасьць чалавечага жыцьця. І народ, напэўна, такую апазыцыю зразумеў бы, прыняў і падтрымаў. Усё адно ўсё залежыць ад Джо.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG