Гісторыя постсавецкай Грузіі пішацца ў кантэксьце геапалітычнага змаганьня паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі, змаганьня за сфэры ўплыву на Каўказе і маршруты транспарціроўкі энэрганосьбітаў. Гэта таксама гісторыя супрацьстаяньня такіх палітычных волатаў як Міхаіл Саакашвілі і Ўладзімер Пуцін.
Але на глыбейшым ўзроўні гэта таксама гісторыя мільёнаў звычайных людзей, якія хочуць жыць стабільна і прадказальна – так, як гэта само сабой зразумела для жыхароў заходніх краінаў. Ніно Данэлія з Тблілісі, выкладчыца, маці дваіх дзяцей, лічыць адным з галоўных урокаў вайны з Расеяй тое, што звычайныя грамадзяне , такія як яна, павінны пасоўваць сваю мару наперад, патрабуючы ад лідэраў большай адказнасьці, чым раней:
Данэлія: “Цяпер дакладна той час, калі мы павінны стварыць усеагульнае ўяўленьне, што няма іншага шляху, чым усталяваньне дэмакратыі ў краіне. Я мяркую, што калі не палітыкі, дык людзі могуць гэта зрабіць”.
Грузінская палітычная сцэна ад красавіка была ў значнай ступені паралізаваная, калі апазыцыя пачала кругласутачныя пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі Саакашвілі. Прэзыдэнт быў пад агнём крытыкі ад часу вайны з Расеяй, якая, паводле яго апанэнтаў была дрэнна задуманая і некампэтэнтна праведзеная. Аднак некалькі тыдняў таму напярэдадні візыту ў краіну віцэ-прэзыдэнта Зша Джозэфа Байдэна Саакашвілі абвясьціў пра шэраг дэмакратычных рэформаў: датэрміновыя мясцовыя выбары, вяртаньне наўпроставых выбараў мэра Тбілісі, зьмены выбарчага кодэксу, якія зьмяншаюць магчымасьць маніпуляцый і ўрэшце, улік меркаваньня апазыцыі пры прызначэньні кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Нягледзячы на гэта, частка апазыцыі, да якой належыць напрыклад, былая сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ, настойваюць на адстаўцы Саакашвілі. Іншыя, як напрыклад, былы пасол Грузіі пры ААН Іраклій Аласанія, больш схіляюцца да перамоваў з прэзыдэнтам:
"Нягледзячы на нашы розныя падыходы і спрэчкі, хто лепш будзе кіраваць гэтай краінай, мы пагадзіліся, што мы любім гэтую краіну, мы падтрымліваем адзінства гэтай краіны і яе незалежнасьць. Гэта будзе прадэманстравана неўзабаве пры подпісе пагадненьня і мы знойдзем палітычную згоду.”
Што да поглядаў у бок Расеі, то многія грузінскія палітыкі падкрэсьліваюць, што Крэмль надзвычай нецярпімы да празаходніх каляровых рэвалюцый, такіх, як грузінская ці ўкраінская. Вось што адзначыў і інтэрвію нашаму радыё намесьнік міністра замежных спраў Грузіі Гіга Бакерыя:
Бакерыя : “ Расейскія лідэры мелі праблемы з кожным грузінскім лідарэм, які спрабаваў пабудаваць незалежную дзяржаву. Асноўная праблема на працягу гэтых гадоў, што Расея адмаўляецца прыняць той просты факт, што Грузія незалежная краіна. У гэтым прычына праблемаў.”
Крытыкі грузінскага кіраўніцтва прызнаюць, што ўмяшаньне Расеі было вялікай праблемай, але ўсё ж не адзінай, з-за якой Рэвалюцыя ружаў пакуль не споўніла свае абяцаньні.