Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба ратаваць Аўтуховіча!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 9 ліпеня, чацьвер

Сталага слухача Радыё Свабода Аляксандра Лапіцкага цікавяць умовы выдачы крэдытаў Міжнародным валютным фондам.

Аляксандар Лапіцкі: “Спадар Юры Дракахруст! Вы таленавіты журналіст. Чаму не падымеце пытаньне наконт выдзяленьня крэдытаў МВФ рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Чаму яго падтрымлівае Захад, калі парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала сталінісцкія рэжымы фашысцкімі?”

На пытаньне спадара Лапіцкага адказвае журналіст Радыё Свабода Юры Дракахруст:

“Крэдыты МВФ — не ўзнагарода за посьпехі ў дэмакратызацыі. Пераважна па дапамогу ў МВФ зьвяртаюцца краіны Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амэрыкі, дзе справы з дэмакратыяй не нашмат лепшыя, чым у Беларусі. Фонд, напрыклад, нядаўна выдаў вялікі крэдыт Пакістану, які таксама зусім ня ўзор палітычнай свабоды. Зараз паўсюль крызіс, шмат каму патрэбная дапамога. Як гавораць экспэрты, беларускі ўрад зараз збольшага выконвае ўмовы прадастаўленьня крэдытаў МВФ. Так што палітыка калі тут і ёсьць, дык яе няшмат. Выконвае Беларусь умовы — дык ёй і даюць. А што да рэзалюцый Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, то яны ня маюць абавязковага характару ні для кога, тым болей для Міжнароднага валютнага фонду”.

Слухачоў “Свабоды” хвалюе лёс палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які галадае за кратамі ўжо 85 дзён:

Спадарыня: “Кангрэсмэны ЗША не дазволілі свайму грамадзяніну і двух тыдняў галадаць. Праз акіян прыляцелі, каб забраць дадому Эмануіла Зэльцэра. У той жа час на беларускай зямлі беларускія ўлады зь дзіўнай абыякавасьцю амаль тры месяцы назіраюць, як галадае, даказваючы сваю невінаватасьць, патрабуючы выкананьня элемэнтарных правоў чалавека, Мікалай Аўтуховіч. Спадарства з дэмакратычных сіл, ратаваць трэба Аўтуховіча! Неабходная барацьба за гэтага чалавека, пратэстныя акцыі на вуліцах гарадоў і сёл. Чаго ж вы чакаеце?”

Тэлефанаваньне слухачкі камэнтуе актывіст “Эўрапейскай Беларусі” Зьміцер Бандарэнка:

“Шмат акцый праведзена грамадзянскай кампаніяй “Эўрапейская Беларусь”: дзясяткі пікетаў з патрабаваньнем вызваленьня Аўтуховіча. Галадалі маладафронтаўцы, працягваецца эстафэтная галадоўка моладзі “Эўрапейскай Беларусі”. У дні салідарнасьці 16-га чысла кожнага месяца людзі выходзяць у розных гарадах Беларусі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, і ў першую чаргу — спадара Аўтуховіча. Мы павінны разумець, што ўдзельнікі гэтых акцыяў падвяргаюцца рэпрэсіям, велізарныя штрафы ім прысуджаюцца. Вялікія акцыі сёньня, на жаль, ня могуць праводзіць дэмакратычныя сілы, на гэта ёсьць аб’ектыўныя прычыны. Пытаньне Аўтуховіча падымаецца на ўсіх міжнародных сустрэчах. Мабыць, і мала мы робім. Але давайце разам будзем біць у званы”.

У эфіры праграма “Званкі на Свабоду”. Слухачы “Свабоды” вітаюць ідэю распрацоўкі палажэньня аб абраньні адзінага дэмакратычнага кандыдата:

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Пачула па радыё, што будуць адзінага кандыдата выбіраць дэмакратычнага. Гэта такая радасьць! Будзе парадак. Дай Бог здароўя ўсім, хто так прыдумаў, хто так робіць. І няхай будзе вялікая ўдача, каб Божанька дапамог ім. Радасьць, мы будзем чакаць, і гэта будзе радасьць для ўсіх”.

9 ліпеня стартуе ўступная кампанія. Праблема беларускамоўнага навучаньня хвалюе слухачку “Свабоды”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Чула, што стала меней тых, што здаюць уступныя іспыты па-беларуску. А ці ёсьць хоць адна беларуская вышэйшая навучальная ўстанова?”

На пытаньне Тацяны Барэль з Асіповічаў адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Беларускамоўных вышэйшых навучальных устаноў, дзе б усе прадметы выкладалі па-беларуску, у Рэспубліцы Беларусь, на жаль, няма. Але вельмі шмат залежыць ад выкладчыкаў і саміх студэнтаў. Напрыклад, ва Ўнівэрсытэце культуры і мастацтваў, дзе я выкладаю, уся наша катэдра гісторыі музэязнаўства — а гэта 11 чалавек — усе прадметы (а іх больш за 30) чытае па-беларуску. Магу назваць масу выкладчыкаў ва ўсіх ВНУ, якія чытаюць па-беларуску і вышэйшую матэматыку, і мэдыцынскія прадметы, і сапрамат — усё тут залежыць ад самога выкладчыка і ад студэнтаў, якія маюць поўнае права патрабаваць беларускамоўныя плыні. Так, на гістфаку БДУ беларускамоўная плынь існуе ўжо больш за 15 гадоў”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG