Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашым войску ўвогуле па-чалавечы ня ўмеюць размаўляць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 чэрвеня, аўторак.


19 год таму, 27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Камэнтар слухача:

Валер Курневіч, Барысаў: “Незалежнасьць ад Русі — што дало гэта Беларусі? Покуль нічога. Трэба, каб была незалежнай мова. Каб было свабодным і беларускае слова. Каб зьнямоглым былі ільготы. Гэтага ніколі ня будзе, покуль ва ўладзе прэзыдэнт, Лукашэнка, будзе. Наконт таго пытаньне ёсьць: якой ён нацыі — беларускай ці рускай? І хто яго бацька? Ня ведае вока афіцыйнай прэсы біяграфіі яго. У душу сваю я на яго злосьці набраў. Ён у мяне, інваліда бяз ног, ільготы адабраў”.

Моладзеваму актывісту Франку Вячорку, якога гвалтоўна прызвалі на вайсковую службу, вынесена дысцыплінарнае спагнаньне. Сам актывіст сьцьвярджае, што пакараны за ўжываньне беларускай мовы. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Вайсковец-памежнік: “У нас у войску ўвогуле ня ўмеюць размаўляць ні на якай мове: ні па-расейску, ні па-беларуску, а ўвогуле па-чалавечы ня ўмеюць размаўляць. Ім бы варта было б павучыцца ў войску замежных краінаў, як зьвяртацца да салдат і да ўсіх”.

У наступных выказваньнях слухачы закранаюць тэму эканамічнага крызісу, атрыманьня крэдытаў і вяртаньня пазыкаў:

Жыхар Менску: “Паважаная “Свабода”, у мяне меркаваньне. Літоўскі прэзыдэнт і ўсё кіраўніцтва краіны пайшлі на зьніжэньне сваіх заробкаў, усялякіх выдаткаў дзеля таго, каб у крызіс ня браць крэдытаў і тым самым не рабіць пазыковымі закладнікамі сваіх дарослых, а пасьля і малалетніх грамадзян. У гэты момант у Беларусі наш спартсмэн і яго чынавенства ўсё грабуць і грабуць крэдыты, не дамовіўшыся аб тым, як іх вяртаць. Яскрава відаць: у галовах нашых розуму нестае рабіць выхад з крызісу без крэдытаў, не заганяючы свой народ у рабства, як гэта робіць Літва”.

Ларыса, Менск: “Пытаньне вяртаньня ўкладаў хвалюе шматлікіх пэнсіянэраў. Калі ўсё-ткі яны будуць вернутыя? Абяцаньне было дадзена яшчэ пятнаццаць год таму назад нашым прэзыдэнтам. І вось літаральна дваццаць сёмага ліпеня па радыё “Нямецкая хваля” выступіў Міхаіл Чыгір, які тлумачыў, чаму ўклады ня могуць быць вернуты. Пажадана, каб гэтае тлумачэньне прагучала на вашым радыё, то бок на “Свабодзе”. Бо я выпадкова чула толькі канец яго выступу. Гэта будзе цікава шматлікім укладальнікам”.

Адказвае колішні кіраўнік ураду Беларусі Міхаіл Чыгір:

“Гаворка ішла пра тое, што можа здарыцца і што можа быць — усё можа здарыцца і ўсё можа быць. Гэта па-першае, а па-другое, гаворка ж не вялася пра ўклады 90-х гадоў. Гаворка вялася пра валютныя ўклады на сёньняшні дзень”.

Далей выказваньні на розныя іншыя тэмы:

Анатоль Яцкевіч, Віцебск: “Добры дзень, Радыё Свабода! Як быў Саюз, я мог паехаць у любую мясьціну гэтага Саюзу і ніхто не лічыў мяне, што прыехаў шпіён. Таксама і да мяне мог хтосьці прыехаць. Сёньня на “Славянскім базары” цэлы полк стаіць міліцыянтаў, якія сочаць за табой, каб хоць ты з кім-небудзь не наладзіў кантакт”.

Спадарыня: “Радыё Свабода, добры дзень. Я ні да кога так не зьвяртаюся, як зьвяртаюся да нашага прэзыдэнта. Лукашэнка, скажы, калі ласка, калі спыніцца гэтая ўся бязладзіца, калі хоць крыху хтосьці паглядзіць на пажылых людзей? Мне баліць душа за маю маці, якая прапрацавала ў калгасе больш за сорак пяць год, і зараз яна на пэнсіі. Яна ледзьве ходзіць, яна нямоглая, і ніхто на гэта ўвагі не зьвяртае. Атрымаўся ў яе такі стрэс — абабралі яе, укралі тысячу даляраў. Трэці год ужо шукаюць і ніяк ня могуць знайсьці. Да чаго вы дапусьцілі ўсю Беларусь? Да чаго гэта Беларусь схіляецца? Жахліва глядзець на ўсё. Дзікасьць”.

Спадар: “Хачу колькі слоў сказаць станоўчых на адрас Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Учора ён заявіў, што будзе сам, уласна займацца рэалізацыяй гатовай прадукцыі, якая заляжалася на складах. Малайчына, гэта мужчынская справа, годная. Дапамагайце, Аляксандар Рыгоравіч, Беларусі. Вось нарэшце вы знайшлі працу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG