Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеячы літаратуры і мастацтва пра палітвязьняў


Дзеячы літаратуры і мастацтва разважаюць над прычынамі, чаму ў Беларусі працягваюць саджаць людзей у турмы паводле палітычных матываў, чаму маўчыць грамадзтва і як доўга будзе працягвацца перасьлед апанэнтаў улады?


Сідарэвіч: Патрабуецца нехта, хто б, як Талстой, сказаў: “Не магу маўчаць!”

Анатоль Сідарэвіч
Пісьменьнік, гісторык Анатоль Сідарэвіч мяркуе, што эўрапейская супольнасьць у дачыненьнях зь Беларусьсю на першы плян выстаўляе эканамічны інтарэс, амаль не зважаючы на датрыманьне правоў чалавека, а беларускае грамадзтва наіўна заплюшчвае вочы на палітычныя рэпрэсіі:

“На пачатку мінулага стагодзьдзя існавала меркаваньне, што сьмяротнае пакараньне ў Расейскай імпэрыі было будзённай зьявай. Такой будзённай зьявай у Беларусі ад 1994 году палітычна матываваныя зьняволеньні.

З пэўнага часу ўлада стала выкарыстоўваць вязьняў як закладнікаў пад нейкія фінансава-эканамічныя прэфэрэнцыі. І калі б гэтак званыя заходнія дэмакраты думалі пра правы чалавека ў Беларусі, яны б абумовілі сваю эканамічную дапамогу ў выглядзе крэдытаў умовай вызваленьня палітычных вязьняў.

Але, па вялікім рахунку, капітал і палітыкаў, якія выказваюць інтарэсы капіталу, правы чалавека не цікавяць. Унутры ж краіны знаходзяцца людзі (ці яны наіўныя, ці робяць выгляд, што такія наіўныя), якія вераць казкам пра нейкія спробы ствараць нейкі партызанскі рух, учыніць нейкі тэрарыстычны акт. Але ж мы ведаем, як здабываюцца гэтыя паказаньні. Мы ж пражылі сталінскую эпоху. Нашы дзяды, прадзеды, бацькі расказалі нам. І тое, што інтэлігенцыя, і шырокія палітычныя колы маўчаць – гэта ганьба і для дэмакратаў Беларусі, і для беларускай інтэлігенцыі. Патрабуецца нехта, хто б, як Талстой, сказаў: “Не магу маўчаць!”


Дранько-Майсюк: “Пакуль што свой голас падаюць адзінкі”

Леанід Дранько-Майсюк
Паэт Леанід Дранько-Майсюк абыякавасьць шырокіх слаёў грамадзтва да праблемы палітычных вязьняў бачыць у незавершанасьці фармаваньня самога грамадзтва:

“У нас ёсьць дзяржава, але ў нас яшчэ ня склалася грамадзтва. Працэс стварэньня грамадзтва вельмі і вельмі доўгі. Ён расьцягнецца не на адно дзесяцігодзьдзе. Так што нам давядзецца чакаць, калі высьпее, вырасьце наша беларускае грамадзтва, якое будзе пасьля падаваць свой голас у абарону людзей, у абарону прыроды, у абарону культуры. А пакуль што свой голас падаюць адзінкі. Што да людзей мастацтва і культуры, дык яны могуць зьняць фільм, напісаць кнігу, зрабіць літаратурнае выступленьне. Яны могуць зрабіць толькі тое, што могуць зрабіць, да чаго яны пакліканыя. Толькі тады іхны голас больш-менш акрэсьлены, калі ён будзе гучаць на фоне трывалага грамадзтва”.


Мазынскі: Людзі і далей будуць сядзець у турмах


Валеры Мазынскі
Тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі перакананы, што ў сучасным беларускім грамадзтве працягвае жыць страх і абыякавасьць. Таму ніхто і не абураецца, што за кратамі паводле палітычных прычынаў сядзяць іх суайчыньнікі. Тым часам кіраўнік дзяржавы выкарыстоўвае палітвязьняў у сваіх гульнях з Эўропай:

“А навошта людзям нешта губляць? Нават у будучыні. А раптам?.. У нас ведаюць, што “возмутиться” – гэта нечага каштуе. А навошта плаціць? І так нічога няма. Тутэйшасьць. Куды дзецца ад яе? Тутэйшыя мы. Нікуды тутэйшасьць ня дзелася і яшчэ доўга ня дзенецца. Лукашэнка гэта абсалютна добра ведае, таму і будуць людзі сядзець. Ён цяпер робіць гэта даволі далікатна. Эўропа практычна і палец ня можа падсунуць. Ён жа зараз усё падае, як крымінал. Палітвязьняў ужо нібыта і няма. А гаворыцца, што яны бандыты, і людзі, якія глядзяць Беларускае тэлебачаньне, вераць. Эўропа ж па-ранейшаму ў гэта ня верыць, разумее, што гэта палітыка, а не крымінал. Ідзе гандаль. Яму трэба гандляваць. Ён выкрадае людзей, садзіць, а потым прадае. Ён будзе гандляваць з Эўропай. Эўропа будзе гуляць у гэту гульню. А людзі і далей будуць сядзець у турмах.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG