Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Андрэй Хадановіч, Якуб Лапатка, Анатоль Сідарэвіч


Новы выпуск перадачы “Дом літаратара”. Эфір 4 ліпеня

ЛІТПРАЦЭС

ЯКУБ ЛАПАТКА: “ПЕРАКЛАДАЦЬ “КАЛЕВАЛУ” МЯНЕ ЗМУСІЛА КРЫЎДА ЗА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ”


Саракавы нумар недзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў” распачаў публікацыю фінскага эпасу “Калевала”. На беларускую мову гэты знакаміты на ўвесь сьвет твор фінскага фальклёру перастварыў Якуб Лапатка. Ён больш дваццаці гадоў жыве ў Хэльсынкі, добра вывучыў фінскую мову і шмат перакладае зь яе. Зь перакладчыкам “Калевалы” па тэлефоне з Хэльсынкі гутарыць наша карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Давайце пачнём з гісторыі. Фінскі эпас “Калевала” быў надрукаваны ў 1835 годзе. Праз пяцьдзесят гадоў ён быў перакладзены на расейскую мову, а прыкладна праз семдзесят гадоў загучаў па-украінску. Беларусы, выглядае, спазьніліся з гэтым перакладам, бо ад часу публікацыі “Калевалы” на мове арыгіналу прайшло ўжо больш за сто семдзесят гадоў. Чаму да вас не перакладаўся на беларускую мову гэты славуты твор?”

Якуб Лапатка: “Дагэтуль у Беларусі быў празаічны пераказ “Калевалы”, зроблены Міхасём Машарам. Але гэты пераказ быў зроблены з расейскай мовы. Я перакладаў з арыгіналу. Ведаючы фінскую мову, я магу згледзець у ёй некаторыя агульныя рысы з беларускай. Справа ў тым, што фінская мова да “Калевалы” лічылася мужыцкай, прыдатнай толькі для таго, каб сьпяваць на ёй толькі якія-небудзь брыдкія прыпеўкі. Але калі загучала “Калевала”, раптам увесь сьвет пачуў, што гэта – зусім і не мужыцкая мова, а раўнапраўная зь нямецкай, францускай і іншымі. І вось такая крыўда, што беларускую мову дагэтуль у высокіх колах лічаць мовай-ізгоем, змусіла мяне ўзяцца за “Калевалу”. Я вырашыў, што калі ёсьць яна па-расейску, калі ёсьць па-украінску, то чаму ж ёй ня быць і па-беларуску. Тым больш, што згаданыя пераклады рабіліся праз мовы-пасярэдніцы. Ніводзін з тых перакладчыкаў фінскай мовы ня ведаў. Мне ж давялося працаваць зь фінскай мовай ужо болей за дваццаць гадоў. Не магу сказаць, што я спасьціг усю душу і ўсю мудрасьць фінскага народу – гэта цяжка, але зразумець “Калевалу” я змог. Гэта – вясковы эпас, ягоныя героі – нашы людзі. Вы ж паглядзіце – зь яго старонак паўстае сапраўдная беларуская вёска”.

Аксак: “У прадмове да вашага перакладу вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў, які таксама жыў колькі гадоў у Фінляндыі і крыху спасьціг характар і душу яе народу, напісаў, што “пераклад Якуба Лапаткі – вялізная і якасная праца, у выніку якой “Калевала”стала (стане) часткай нашай нацыянальнай культуры і рэхам будзе гукацца ў ёй праз стагодзьдзі”. Вы падзяляеце такі аптымізм?”

Лапатка: “Прынамсі, хацелася б яго падзяляць, таму што ну не павінна ж мова загінуць!..”

Аксак: “Колькі часу заняў пераклад такога велічнага твору? Дарэчы, які яго аб’ём у арыгінале?”

Лапатка: “Поўны аб’ём – пяцьдзесят рунаў, якія налічваюць дваццаць дзьве з паловай тысячы радкоў. Праца заняла ў мяне недзе каля двух гадоў, бо апрача непасрэдна перакладу трэба было яшчэ і шмат чаго пачытаць”.

Аксак: “Фінляндыя таксама, як і Беларусь, зазнала ў свой час працяглы пэрыяд знаходжаньня ў складзе Расейскай імпэрыі. У Беларусі гэта заўважаецца і цяпер ва ўсіх сфэрах. А ў Фінляндыі?”

Лапатка: “Справа ў тым, што тут прынцыповая розьніца знаходжаньня гэтых дзьвюх краінаў у складзе Расейскай імпэрыі. Фінляндыя ў 1809 годзе набыла амаль што дзяржаўны статус. Гэта была дзяржава ў дзяржаве. Фіны мелі сваю мытню. Потым Аляксандар II выдаў так званы моўны закон, якім ён ураўняў фінскую мову са швэдзкай. Ён выдаў і школьны ўказ, якім дазволіў і нават загадаў вучыць дзетак фінскай мове. Фінская мова пачала разьвівацца як літаратурная і дзяржаўная ў другой палове дзевятнаццатага стагодзьдзя, а беларуская мела толькі ў дваццатыя гады мінулага стагодзьдзя кароткія ўспышкі адраджэньня, за якімі ізноў ішла дзікая русыфікацыя. Я ўжо не кажу пра цяперашнюю сытуацыю, калі мова вынішчаецца ўсімі сіламі”.

Аксак: “Вернемся, аднак, да лёсу вашага перакладу. Выбраныя руны з “Калевалы” надрукаваў саракавы нумар недзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”. А ці плянуецца выдаць гэты твор па-беларуску асобнай кніжкай?”

Лапатка: “Плянаваць можна, але трэба для гэтага знайсьці спонсара, бо баюся, што наша родная дзяржава з тытульнай беларускай нацыяй ня вельмі паспрыяе выданьню гэтага твору. Так што калі знойдуцца спонсары, то кніжка выйдзе”.

АЎТАР І ТВОР

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “ПРАЙДЗІСЬВЕТ” СВАІМ ЗЬМЕСТАМ НАГАДВАЕ ТОЎСТЫ ПАПЯРОВЫ ЧАСОПІС”


Prajdzisvet.org – гэта назва сайту новага беларускага інтэрнэт-часопіса, вакол якога гуртуюцца маладыя беларускія перакладчыкі. Яго прэзэнтацыя адбылася ў мінулым месяцы ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча, а сёньня наш госьць – адзін з аўтараў і ініцыятараў “ПрайдзіСьвету”, слынны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Міхась Скобла:
“Андрэй, гэтае даўгачаканае і сур’ёзнае выданьне з несур’ёзнай назвай “ПрайдзіСьвет” заснавалі вашыя былыя вучні па “Перакладчыцкай майстроўні”. Што ж уяўляе зь сябе гэты літаратурны інтэрнэт-праект?”

Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч:
“Так, гэта збольшага мае навучэнцы, чаго грэх утойваць. Раз на тыдзень мы зьбіраемся на сядзібе ПЭН-Цэнтру на Залатой горцы і абмяркоўваем, скажам так, чарнавікі перакладаў. Гэта ўсё робіцца па прынцыпе мазгавога штурму: мы чытаем і выказваемся, і я сам больш як мадэратар, які накіроўвае напрамак размовы. Думаю, што для кожнага ўдзельніка гэта неблагая школа выхаваньня густу і стылю. “ПрадзіСьвет”, нягледзячы на несур’ёзную назву, мала чым адрозьніваецца ад сур’ёзнага, тоўстага папяровага часопісу. Праўда, у нашай краіне перакладных часопісаў няма, нават сумнеўная “Всемирная литература” спыніла сваё існаваньне. Першы нумар “ПрайдзіСьвету” прысьвечаны найперш літаратуры сучаснай. Ён аб’ядноўвае вельмі папулярных аўтараў, такіх, як амэрыканцы Чарльз Букоўскі або Чак Паланік, літаратура суседзяў прадстаўленая прозай Вольгі Такарчык, творамі абсалютна культавага для “ПрайдзіСьвету” ўкраінскага паэта і празаіка Сяргея Жадана. Там ёсьць рубрыкі паэзіі, прозы і драматургіі (Лявон Баршчэўскі прапанаваў свой пераклад драмы Дзюрэнмата). Ёсьць інтэрвію – старое з Букоўскім і новае з Жаданом, рубрыка “Майстар-кляса”, дзе разьмешчаная вельмі цікавая гутарка з Васілём Сёмухам. У першым нумары адбыліся таксама некалькі цікавых літаратурных дэбютаў. Гэта дзьве выкускніцы філфаку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Кася Маціеўская і Ганна Янкута, гэта ўжо вядомы ў шырокіх колах паэт-ляўрэят “Дзеяслова” Віталь Рыжкоў, які дэбютаваў як перакладчык. Галоўная ініцыятарка праекту – перакладчыца паэзіі і прозы Юлія Цімафеева, якая цікава агучыла па-беларуску паэта Мэцью Дыкмана”.

Скобла: “Нядаўна ў францускім горадзе Марсэлі зьбіралася Асацыяцыя эўрапейскіх пісьменьніцкіх саюзаў, куды ўваходзяць 48 арганізацый, у тым ліку ад нядаўнягча часу і Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Дык вось, адна з асноўных тэмаў на кангрэсе была – абарона аўтарскіх правоў у эпоху інтэрнэту. А як мяркуе палагоджваць справы з аўтарскім правам “ПрайдзіСьвет”?”

Хадановіч: “Пакульшто all rights reserved – усе правы абароненыя, але гэта часам адбываецца прыватным чынам, адбываецца па дамоўленасьці. Заўсёды, па-магчымасьці, перакладчык альбо каардынатар нумару зьвязваецца з аўтарам. Я асабіста, напрыклад, пісаў і прасіў у Вольгі Такарчык дазволу на друк, прасіў дазволу на друк і ў польскіх і літоўскіх паэтаў, якіх я перакладаў. Часам суседзі, расейцы, украінцы, літоўцы, палякі, ахвотна дазваляюць друкаваць іх творы бясплатна, асабліва калі яны малавядомыя ў гэтых краінах, ім трэба раскрутка, дадатковыя чытачы. Можа быць, калі хто запатрабуе вялікіх грошай, давядзецца, сьціснуўшы зубы, не друкаваць яго. Але, хто яго ведае, можа ён жа і параіць фундацыю, якае дапаможа вырашыць пытаньне”.

Скобла: “Яшчэ гадоў пяць таму ў друку анансавалася аўтарская анталёгія Хадановіча-перакладчыка “Разам з пылам”. Калі ўжо яна сустрэнецца з варштатам Скарыны – на радасьць айчынным аматарам паэзіі?”

Хадановіч: “Кніга сапраўды мае свой доўгі шлях да чытача і яшчэ ня скончыла яго. Але ёсьць кнігі, якія не павінны быць скарасьпелымі. Тое, што я анансаваў раней, фактычна, напалову адрозьніваецца ад таго, што ёсьць цяпер. Кніга стала таўшчэйшай, стала аб’ядноўваць больш моваў, з якіх зробленыя пераклады, – я налічыў іх сем. Там будзе некалькі песень, без аўдыё-дадатку, толькі тэксты – ад славутай “Лілі Марлен” Ганса Ляйпа да песень Леанарда Коэна, якога я люблю і пераклады з якога зьмяшчаю. На сёньняшні момант зроблены арыгінал-макет. Шаноўны наш мастак-дызайнэр Міхал Анемпадыстаў аформіў вокладку. Засталося толькі падкінуць рукапіс, скажам, Ігару Логвінаву, які зацікавіўся гэтым праектам. Думаю, што ў другой палове восені кніга павінна зьявіцца”.

Скобла: “Калі чытаеш твае пераклады, ствараецца ўражаньне лёгкай, безпакутнай працы перакладчыка. Што, мабыць, не адпавядае рэчаіснасьці. Калісьці Максім Лужанін прызнаўся, што перакладаў пушкінскага “Прарока” амаль 20 гадоў. А пераклад якога твору ішоў у цябе найцяжэй?”

Андрэй Хадановіч: “Па-рознаму бывае. Часам лёгка перакладзеш, і пераклад вельмі падабаецца, а праз некалькі гадоў глядзіш на яго і разумееш, што тая лёгкасьць была падманлівай. Так я калісьці ліха перапёр на айчынную мову “Зачарованую фурманку” Канстанта Ільдэфанса Галчынскага, а пасьля паглядзеў і зразумеў, што шэсьцьдзесят адсоткаў тэксту мяне не задавальняюць. Давялося перапісаць. А бывае – адразу сутыканесься зь вершам і адчуваеш, што гэта глыба, з якой трэба пазмагацца. У Жэрара дэ Нэрваля ёсьць санэт “Залатыя вершы”. Вось гэтыя “Залатыя вершы” патрабавалі ювэлірнага падыходу да сябе. Я пераклаў восем радкоў, спыніўся і зразумеў, што нічога не магу зрабіць. Такое вельмі рэдка ў мяне бывала. Цэлы год я да тых “Залатых вершаў” не вяртаўся, а пасьля – новы досьвед, новыя думкі, сьвежае вока, зачапіўся за нейкую нітачку, пацягнуў – і разьвязалася, і дапісаўся санэт”.

Скобла: “Беларускі ПЭН-Цэнтар, старшынём якога ты зьяўляесься, сёлета ладзіў конкурс перакладчыкаў імя Карласа Шэрмана. Ці дазваляюць вынікі конкурсу гаварыць з пэўнасьцю пра будучыню мастацкага перакладу ў Беларусі? Ці папаўняе моладзь не такія ўжо шчыльныя шэрагі перакладчыкаў?”

Андрэй Хадановіч: “З аднаго боку, праца перакладчыцкая, здаецца, няўдзячная – перакладчык застаецца ў ценю аўтара, і вялікага заробку гэты занятак не прыносіць. Але, тым ня менш, мы сёлета рызыкнулі і зрабілі адну з галоўных намінацый у Шэрманаўскім конкурсе перакладчыцкай. І зьявілася цэлае кола маладых перакладчыкаў з ангельскай і ня толькі, хтосьці абмежаваўся перакладам твораў Эдгарам По, а хтосьці, як скажам, Алена Пятровіч, узяла і пераклала славутую дзіцячую польскую кніжку Яна Бжэхвы “Акадэмія пана Кляксы… Так што, я думаю, жанр перакладу ўжо дачакаўся таго часу, што з яго сышлі лішнія людзі, якія шукалі нейкіх халяўных дывідэндаў. Сёньня ў перакладзе засталіся людзі, якія ня могуць не перакладаць. І гэта абнадзейвае”.

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ. З БУДУЧАЙ АНТАЛЁГІІ “РАЗАМ З ПЫЛАМ”

ЖЭРАР ДЭ НЭРВАЛЬ

Паштовая станцыя

Карэта спыніцца. Выходзьце. Адпачынак.
Хоць трохі пехатой, хоць некалькі хвілінак
Бяз коней, фурмана і гучных бізуноў.
Мінаеш два дамы – і ты шчасьлівы зноў.

Перад табой наўсьцяж чароўная раўніна,
Паўсюль квітнее бэз, буяе зеляніна,
Паміж таполямі прыветлівы ручай –
І хто там гаварыў пра стому і адчай?!

Прыляжаш, зваблены духмянаю травою.
Ня думаць ні пра што, пакуль над галавою
Аблокі чарадой плывуць сабе ўгары…
Ды раптам чуецца: “Ў карэту, спадары!”


Сон у экіпажы

І бачылася мне, што паўз дарогу вязы
Бягуць, зьмяшаўшыся, як войска ад паразы.
Выбоіны і брук гайдалі на зямлі,
Як вецер штармавы гайдае караблі.

Дахоўкай крытыя пабеленыя хаткі
Званіцы-пастухі ў свае зьбіралі статкі,
І кожны гарадок, і кожнае сяло
За пастухом сваім чародкаю брыло.

І ўсё хісталася: і горы – як прапойцы,
І рэчка, што зьмяёй сьціскала іх у бойцы
Сталёвым абручом… І экіпаж, дзе мне
Ўсё гэта толькі што прымроілася ў сьне.

Пераклад з францускай.

ГЕНРЫКАС РАДАЎСКАС

Анёл і сястра Ангеліка


Анёл-немаўля, ён ня ўмее шчэ лётаць у высі.
Слабенькія пальцы ўчапіліся ў дрэва галінку.
Ён плача ціхутка, абрынуцца ўніз баючыся,
Да воблака ўзьняўшы заплаканы твар на хвілінку.

Танюткія й лёгкія, як дзьмухаўцы і вясёлкі,
Сіроты па парах нячутна праходзяць па сквэры.
“Сястрычка Ангеліка, чуеш, на дрэвах анёлкі”.
“Хадзем, фантазёрка, бо не атрымаеш вячэры”.

Зімовая казка

Скажы, што пахне? Думай, думай.
Лілея? Ліпа? Вецер? Не.
Так пахнуць прынц, гандляр парфумай,
Так пахне вечарам у сьне.

Глядзі, зіхоткае якое
Сьвятло – узорамі на шкле,
Цурчыць малочнаю ракою
Ў пяшчотнай ледзяной імгле.

Глядзі, завея… вее… вее…
Глядзі, як сад заплюшчыў веі
І замяло зямлю да стрэх.
Скажы, хто крочыць? Думай, думай.
Прыходзяць прынц, гандляр парфумай,
Цырульнік, пекар... Белай шумай
На дрэвы ападае сьнег.

Каштан пачынае цьвісьці

Да д’ябла вашае мастацтва,
Больш не патрэбнае ў жыцьці,
Калі пачне на радасьць птаству
Каштан за вокнамі цьвісьці!

Каштан цьвіце гарачай зьлівай,
Лагодным ветрыкам з лугоў,
Цьвіце – і рэчкаю шчасьлівай
Выходзіць сэрца зь берагоў.

Каб кнігі са сталоў ляцелі,
Каб вар’яцелі вечары,
Каб расьцьвілі хваробы ў целе,
Якіх ня знаюць дактары;

І птахі песьняю бяз стомы
Зрывалі горла задарма,
І маці плакалі, што дома
Дачок да раніцы няма.

Бо кветкі з кропкамі рудымі
Згараюць сьвечкамі суздром,
І ты ўсю ноч у гэтым дыме
На аркуш пырскаеш пяром.

Пераклад зь літоўскай.

МАР’ЯНА САЎКА

* * *

гэтыя саркафагі а ў іх кілямэтры эмоцый
сьлёзы і ўсьмешкі аднымі толькі вачыма
вуснаў куточкі якія ўсьміхаюцца сумна
гэтыя пацалункі ў рамках цэнзуры
Марлен
хто ўціснуў тваю маладосьць у згорткі тугія
гэтыя кінастужкі з сэрцам аплаўленым ад тугі
гэтыя кінараманы загойваюць даўнюю старасьць
і засыпаюць сьнягі неабмеценыя прыступкі
да руін кінаклюбу
то каго ж пакахала Марлен?
хто апякаў гарачым чалом халодную гэту далонь
і маляваў на асьлізлай сьцяне бамбасховішча
дасканалы арыйскі профіль
ты чуеш Марлен
гэты салодкі матыў найвышэйшая песьня
якая паверне наўпоцяць гады й кілямэтры вяртаньня
і на экране старым падпаліны жоўтыя часу
ўсьмешка журботы – аднымі толькі вачыма
і хто памятае каго пакахала Марлен?


Пераклад з украінскай.

ЛЕНА ЭЛТАНГ

* * *

у месяца промні адзета на кухню ідзеш па віно
на кухні знаходзіш паэта што прагна глядзіць у акно
ён высушыў рэчышча ніла сьвятога калі ты спала
пакуль на стале ёсьць чарніла паэт не ўстае з-за стала

ён ціхенька крэсьліў таблічку замест гаспадыню разьдзець
паэт не ўваходзіць у звычку а ходзіць на месяц глядзець
сьвятлейшы ад грэцкай натуры ў дакор непазьбежнаму дню
стаіць на манер дыяскура ў прасьціны хаваючы ню

вясна – кажуць мудрыя – лена а ты толькі пішаш і п’еш
гарачка бруіцца па венах і вершы за плыняй відзеж
па вільні па вільні па вільні па віннай вадзе і зямлі
бы ў віленскай гэтай плавільні ты выплавіш дні што сплылі

чытай – кажуць мудрыя – лена а горад у сьветлай тузе
пад дахамі плешча сіена і дахі ў блакітнай смузе
і цепліцца кадмій лімонны ледзь-ледзь праступіўшы ў вачах
і човен зь няголеным богам амонам выносяць жрацы на плячах


Пераклад з расейскай.

КРЫТЫКА

ТРОХІ ПРА ПАЭТЫЧНАЕ І ЭТЫЧНАЕ


Леся Беларуска (Валянціна Коўтун). Малітва да Калымы: Лісты з “Эльгена” — Менск: Лімарыюс, 2009.

Імя Лесі Беларускі, палітычнае зэчкі на Калыме, зьявілася на літаратурным небасхіле ў другой палавіне 1990-х гадоў. Некалькі яе вершаў Міхась Скобла ўключыў ў анталёгію беларускае паэзіі ХХ стагодзьдзя “Краса і сіла”. Адзін з тых тэкстаў меў загаловак “Малітва да Калымы”. І вось нядаўна выдавецтва “Лімарыюс” выпусьціла зборнік вершаў Лесі Беларускі, які мае тую ж назву – “Малітва да Калымы”. У гэтым зборніку ёсьць такія радкі: “Прысягаю роднаму краю, / Годнасьцю дачкі яго – клянуся.... / Паміраю. / Ціха паміраю. / Паміраю... / Толькі не здаюся!” Гэтыя радкі вартыя хрэстаматый і анталёгій, але іх туды ніколі ня ўключаць, бо я працытаваў тэкст паэткі, якое няма і не было. Бо тэкст гэты, нягледзячы на зьмест і патас, – усяго толькі імітацыя.

Мы маем справу з небывалай у нашай літаратуры містыфікацыяй. Калі браць замежныя прыклады, дык згадваюцца “Кралядворскі рукапіс” Вацлава Ганкі і “Песьні паўднёвых славян” Праспэра Мэрымэ. У першым выпадку факт містыфікацыі канстатавалі дасьледчыкі, у другім выпадку Праспэр Мэрымэ сам прызнаўся, што песьні паўднёвых славян склаў ён. У першым выпадку мы маем справу з жаданьнем вучонага, патрыёта анямечанай Чэхіі ўзьняць годнасьць сваёй краіны, каб і яна магла заняць “свой пачэсны пасад між народамі”, у другім выпадку – удалую імітацыю, якая паслужыла народам будучай Югаславіі, якіх Эўропа яшчэ не адрозьнівала і называла іх усіх ілірыйцамі, а іх мовы зводзіла да аднае – ілірыйскае. У нашым, беларускім, выпадку містыфікацыя магла саслужыць паганую службу, бо імя Лесі Беларускі магло трапіць ў мартыралёг Беларусі і тым самым нанесьці яму шкоду. Калі Лідзія Савік, Міхась Скобла і Кастусь Цьвірка складалі кнігу “Расстраляная літаратура” з творамі беларускіх пісьменьнікаў, зьнішчаных бальшавіцкай уладай, адбылася дыскусія, ці ўключаць у зборнік само імя Лесі Беларускі, ці згадваць мне гэтае імя ў прадмове. Не ўключыўшы імя Лесі Беларускі ў кнігу “Расстраляная літаратура”, яе складальнікі ўратавалі ад кампрамэтацыі і сам зборнік, і сьвятую для нас справу ўшанаваньня памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору.

Спадзяюся, і сама Валянціна Коўтун, якая ўзяла псэўданім Лесі Беларускі, і Віктар Жыбуль, які дасьледуе літаратуру БССР міжваеннага часу, дэталёва пакажуць нам, як узьнікла ідэя пісаць вершы ад імя выдуманае палітычнае зэчкі, ставіць пад імі даваенныя і паваенныя даты, калі самой Валянціны Коўтун не было яшчэ на сьвеце або калі яна толькі пачынала жыць. Гісторыкі літаратуры скажуць, як суадносяцца маштаб асобы і творчы даробак Лесі Беларускі і Лесі Ўкраінкі, з увагі на якую ўзяла сабе псэўданім Валянціна Коўтун. Зрэшты, умоўная Леся Беларуска таксама ня супраць параўнаць сябе з папярэдніцамі. У тэксьце “Эўфрасіньні Полацкай” эфэктна гучыць канцоўка: “Ты мураваныя апекавала храмы... / Я ж душы тут, як храмы, берагу”. Калі ж падумаць, дык Леся Беларуска зьневажае Эўфрасіньню: бо пра што, як не пра душы, думала сьвятая, калі будавала і аздабляла храмы? У загалоўным тэксьце “Малітва да Калымы” гэтая краіна пакутаў названа матухнаю, і рэфрэнам гучыць радок “Матухна Калыма”. Трэці ж раз гэты радок гучыць так: “Матухна, абарані”. Ён успрымаецца як зварот да Маці Божай. І тут паўстаюць пытаньні: ці правамерна назвала паэтка матухнаю Калыму і ці вартая Калыма таго, каб да яе маліліся? І ці не сама ўяўная аўтарка называе Калыму мачыхай (“Радкі аб любові”)?

Калі б Валянціна Коўтун захавала таямніцу псэўданіму, мы ўсё роўна здагадаліся б, што нас містыфікуюць. Адкуль зэчка, якую, паводле вэрсіі Валянціны Коўтун, арыштавалі да вайны, магла ведаць пра Ларысу Геніюш, якая пакутавала за тысячы вёрст ад Калымы? Ці не Ларыса Геніюш маецца на ўвазе ў тэксьце “Песьня”? Ёсьць у зборніку і іншыя “праколы”, як напрыклад, “Слова ў дзень 9 мая”. Трэба адзначыць, што ўяўная аўтарка паўтараецца. Яе любімыя вобразы – ільдзінкі і сьляза. Цытую радкі з розных тэкстаў: “Сьляза жаночая”, “з замерзлай сьлязой у паглядзе”, “ляжаць яны з ільдзінкамі ў вачах”, “Сьлязінкі тыя бачыш ты / У глыбінях вечнай мерзлаты”, “сьлязінкамі вочы замерзлыя плачуць” “і рук ільдзінкамі / зноў пішуць вершы – зэкі”, “са сьлёз маіх выкоўваў кулі”, “заквітнелі бутонамі сьлёзы”. А ўлюбёны радок уяўнай аўтаркі “Ліпкім болем крывяніць смала” мы сустракаем у тэкстах “Зварот да сябе” і “Цугам – людзі”.
Я не сказаў, што з паэтычнага гледзішча ў зборніку ўсё блага. Валянціна Коўтун не з апошняга шэрагу нашых паэтаў, і было б дзіўна, калі б у яе кніжцы не было добрых тэкстаў. На пачатку я ўжо адзначыў імітацыю “Прысягаю”. Назаву яшчэ: “Бяссоньніца крычала...”, “Мне балюча”, “Красная Масква”, “Да братэрства ўсіх народаў я імкнуся”. Гэтыя ўдалыя імітацыі маглі б атрымаць статус паўнавартасных твораў прынамсі тады, калі б даты стаялі ў загалоўках ці падзагалоўках і калі б аўтарка пісала іх не ад імя паэткі-зэчкі, якой ніколі не было.

Анатоль СІДАРЭВІЧ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG