Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы загуляліся ў вайну, а трэба яе сканчаць”


Сёньня ў Магілёве адкрылі мэмарыяльны знак у памяць аб забітых у 1941-42 гадах пацыентах мясцовай псыхіятрычнай лякарні.

У газавай камэры, якую фашысты разьмясьці ў адным з пакояў лякарні, атруцілі 836 псыхічна хворых людзей, а потым расстралялі яшчэ каля двухсот. Грошы на выраб знаку зьбіралі талакой каля дзясятка дабрачынных мэдычных арганізацыяў Нямеччыны.

Будынак, у якім была газавая камэра, захаваўся дагэтуль. Цяпер тут адзінаццатае аддзяленьне псыхіятрычнай бальніцы. Каля гэтага будынка на вуліцы Сурганава і ўсталяваны мэмарыяльны знак. Пра яго гаворыць нямецкі псыхіятар Гэрыт Хоендорф:

Гэрыт Хоендорф
“Для нас, немцаў, гэтая падзея надзвычай важная, бо ўпершыню на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу мы такім чынам згадваем забытую катэгорыю ахвяраў — псыхічна хворых людзей. Іх усьмерчвалі атрутнымі газамі тут і ў Нямеччыне. Адкрыцьцё помніка адбылося пасьля працяглай дыскусіі сярод жыхароў гораду Гэдэльбэргу. Гэтая ініцыятыва была падтрыманая, знайшліся грошы, знайшліся спонсары, і такім чынам помнік быў выраблены, а сёньня адкрыты”.

Значная частка забітых людзей былі габрэямі. Чаму спатрэбілася болей за шэсьцьдзесят пяць гадоў, каб ушанаваць іх памяць?“Адказвае старшыня габрэйскай грамады Магілёва Барыс Гольдэнбэрг:

Барыс Гольдэнбэрг
“Не было зручна чыноўніцкаму сьвету паказваць, што ў нас былі такія ахвяры. Тым больш калі гэта тычылася габрэяў, дык тут наагул замоўчвалася праблема. Відаць, цяпер настаў час прызнаньняў. Што трэба казаць праўду й што мы яшчэ не перагарнулі старонку гісторыі. Дрэнна тое, што мы пераўтвараем такія падзеі ў нешта сьвяточнае. Мы загуляліся ў вайну, а трэба яе сканчаць”.

Пра віну немцаў за злачынствы ў другой усясьветнай вайне на цырымоніі адкрыцьця помніка казаў нямецкі консул Пэтар Эк. Ён адзначыў, што гісторыя вынішчэньня псыхічна хворых людзей яшчэ не дасьледаваная як сьлед:

Пэтар Эк
“Дакладнай колькасьці забітых людзей няма. Гісторыі іх хваробаў былі зьнішчаныя пры канцы нацыял-сацыялістычнага рэжыму ў Нямеччыне непасрэднымі злачынцамі. Маштабы забойстваў ва Ўсходняй Эўропе таксама невядомыя. Дагэтуль у Беларусі памяць пра забітых псыхічна хворых людзей ніяк не ўшаноўвалася. Праблема такіх злачынстваў цяпер у Нямеччыне шырока дасьледуецца. Ахвяры паступова займаюць пачэснае месца ў грамадзтве”.

Паводле ацэнак гісторыкаў, ад 1939 па 1945 год нацысты вынішчылі каля 300 тысяч чалавек зь фізычнымі й разумовымі абмежаваньнямі.

Ушанаваць памяць пацыентаў магілёўскай вар’ятні прыйшла не адна сотня чалавек — гэта супрацоўнікі лякарні, яе пацыенты, жыхары раёну, дзе месьціцца лякарня, моладзь, а таксама прадстаўнікі ўлады на чале з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Валерам Малашкам. Былі й прадстаўнікі нямецкіх арганізацыяў, якія шукалі і фундавалі сродкі на выраб мэмарыяльнага знаку.

Аляксандар Мянькоў
Яго вырабіў магілёўскі скульптар Аляксандар Мянькоў:

“У чорным простакутным кавалку мармуру я высек людзкую постаць, якая нібыта цягнецца да вакенца, да сьвятла, да глытка паветра, аднак ёй наканавана памерці”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG