Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 68 гадоў Беларусь прызнала подзьвіг Машы Брускінай


Сёньня ў Менску быў урачыста адкрыты помнік падпольшчыкам Кірылу Трусу, Уладзімеру Шчарбацэвічу і Машы Брускінай. Раней на месцы павешаньня патрыётаў была толькі мэмарыяльная шыльда з двума імёнамі — Шчарбацэвіча і Труса. А тое, што ім дапамагала габрэйская дзяўчынка Маша Брускіна, катэгарычна адмаўлялася гісторыкамі і прапагандыстамі. І вось праз 68 гадоў імя Машы Брускінай увекавечана.

Маша Брускіна ў 1941-м толькі скончыла школу. Ад самага пачатку вайны яна ўладкавалася ў лязарэт для савецкіх ваеннапалонных. У кастрычніку падпольшчыкі Валодзя Шчарбацэвіч, Кірыл Трус і Маша Брускіна зладзілі ўцёкі ваеннапалонных, але адзін з уцекачоў іх выдаў… Патрыётаў схапілі, і 26 кастрычніка іх паказальна пакаралі сьмерцю — павесілі на браме дражджавога заводу ў Менску.

Палітоляг Уладзімер Падгол: “Няшмат хто ведае, што гэтае імя Машы Брускінай з вайны было засакрэчана, і засакрэчана якраз камуністычнымі ўладамі. І вось зь нябыту вернута імя, імя габрэйскай дзяўчынкі, якая, нягледзячы на тое, што не было ніякага падпольля ў Менску, ніякіх арганізацый — ні камсамольскіх, ні камуністычных — у гэты час дзяўчынка з парываў душы ладзіла дапамогу чырвонаармейцам. Маё шанаваньне гэтай дзяўчынцы”.

Эсэсавец фатаграфаваў , як патрыётаў вядуць на сьмерць, як ставяць на зэдлік, надзяваюць на шыю пятлю… Распавядаюць, што таго эсэсаўца ў 1944-м застрэлілі ў Вільні, а ў ранцы знайшлі здымкі. Здымкі тыя абышлі ўвесь сьвет і нават дэманстраваліся на Нюрнбэргскім працэсе. Уладзімер Шчарбацэвіч і Кірыл Трус пасьмяротна атрымалі ў 1960-я гады ўзнагароды, а прозьвішча Машы Брускінай было выкрасьлена з усіх сьпісаў, хаця на фатаграфіях яе многія пазналі, кажа галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч, адзін з ініцыятараў увекавечаньня памяці Машы Брускінай:

Выступае Павал Якубовіч
“Людзі, якія вучыліся зь ёй у школе, людзі, якія былі зь ёй у лягеры зьнішчэньня — гета, людзі, якія сядзелі зь ёй у адной камэры. У рэшце рэшт на гэтай фатаграфіі яе пазнаў бацька, яе пазнаў дзядзя, Заір Ісаакавіч Азгур. І ўсё адно лічылася, што гэтага ня можа быць… І гэта ў Менску, дзе людзі ўсіх нацыянальнасьцяў змагаліся, дзе гета залівала крывёй, але там былі падпольныя арганізацыі…”

Дарэчы, у 2007 годзе ў Ерусаліме была ўрачыста адкрыта вуліца імя Машы Брускінай. І вось праз 68 гадоў і Беларусь прызнала подзьвіг дзяўчынкі.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Эдзі Шапіра: “Сёньняшняя падзея — гэта адказ тым, хто лічыць, што Галакосту не было, тым, хто хоча перапісаць гісторыю.
Выступае выканаўца абавязкаў старшыні менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька
Сапраўды сёньня была адноўлена справядлівасьць адносна Машы Брускінай, якая называлася невядомай. Яна была вядома ўсім, але толькі, як кажуць, з-за пятай графы яна стала невядомай. Дзякуй Богу, мы жывем у іншыя часы”.

На ўрачыстасьцях прысутнічалі вэтэраны, прадстаўнікі ўлады, габрэйскіх арганізацый, амбасадары Ізраілю, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Вугоршчыны, Баўгарыі, Турэччыны, Расеі, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі, грамадзкасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG