Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100%-я гарантыя ўкладаў -- палітычная ідэалёгія


Сёньня Палата прадстаўнікоў прыняла ў двух чытаньнях зьмены ў закон “Аб індэксацыі прыбыткаў насельніцтва з улікам інфляцыі”. Ім прадугледжваецца дзяржаўная гарантыя поўнай захаванасьці грашовых сродкаў фізычных асобаў у беларускіх банках у памеры 100% незалежна ад колькасьці дэпазытаў. Ці змогуць улады на практыцы выканаць такое абяцаньне? Пра гэта размова з экс-старшынём Нацыянальнага банку Беларусі Станіславам Багданкевічам


Дашчынскі: “Згодна з законам, індэксацыі ашчаджэньняў грамадзянаў ня будзе. Чыноўнікі тлумачаць, што абарона ашчаджэньняў ажыцьцяўляецца за кошт зьмены працэнтных ставак па ўкладах. Налічэньне працэнтаў па банкаўскіх укладах залежыць ад стаўкі рэфінансаваньня Нацбанку. А яна ўвесь час карэктуецца з улікам узроўню інфляцыі. Таму зьмены ў закон ніяк не пагаршаюць становішча ўкладчыкаў”.

для ўкладчыкаў нічога не памянялася, бо індэксацыі па ўкладах не было і раней
Багданкевіч:
“Я думаю, для ўкладчыкаў нічога не памянялася, бо індэксацыі па ўкладах не было і раней. Насамрэч інфляцыя рэгулюецца працэнтнай стаўкай па дэпазытах. Калі працэнтная стаўка, скажам, “Беларусьбанку” — 20—22%, то яна ўлічвае інфляцыю. І ўлічвае стаўку рэфінансаваньня. Іншая справа, што стаўка рэфінансаваньня ў нас, як правіла, крыху ніжэйшая за інфляцыю. Зараз яна больш-менш 14%, але ж інфляцыя ў першым квартале была ў гадавым вылічэньні большая за 15%. То бок укладчыкі страчвалі 1% сваіх зьберажэньняў. Я тут нічога новага ня бачу. Проста зацьвердзілі тое, што ў нас ёсьць”.

Дашчынскі: “А што да гарантый укладаў? Улады абяцаюць іх поўную захаванасьць у памеры 100% незалежна ад колькасьці дэпазытаў. Дзейны закон гарантаваў кампэнсацыю ўкладаў у суме ня большай за 5 тысячаў эўра”.

Што да гарантый укладаў, то гэты закон дэкляратыўны, бо насамрэч трэба, каб ствараўся гарантыйны фонд для зьберажэньня ўкладаў на выпадак надзвычайных абставінаў
Багданкевіч:
“Што да гарантый укладаў, то гэты закон дэкляратыўны, бо насамрэч трэба, каб ствараўся гарантыйны фонд для зьберажэньня ўкладаў на выпадак надзвычайных абставінаў. Калі, да прыкладу, збанкрутуе нейкі банк. Але ж фонду такога няма на ўсю суму ўкладаў, на 100%.Таму я не разумею, як будзе дзейнічаць гэты закон. Я думаю, проста закон мае тут палітычную ідэалёгію: насамрэч прыцягнуць укладчыка ў банкі, каб ён нёс свае грошы ў банкі. Не прыгадваючы пра тое, што некалі дзяржава ўжо ашукала насельніцтва, укладчыка. Гэтую мэту, безумоўна, перасьледуе гэты закон. І гэта ідэя, якая калісьці была абвешчана прэзыдэнтам. Між іншым, у некаторых іншых краінах таксама абвясьцілі такую стопрацэнтную кампэнсацыю. Гэта ўсё папулісцкія крокі. Яны не забясьпечваюцца матэрыяльна. Патрэбныя фонды, каб яны рэальна былі ў дзяржаве, тады можна гарантаваць. А калі грошай няма, дык як ён гарантуе? Вось трэба будзе аддаць поўную суму ўкладаў — напрыклад, мільярд. Няма ж у нас у бюджэце свабоднага мільярда даляраў”.

Дашчынскі: “Тады што вы параіце рабіць грамадзянам, каб гарантаваць бясьпеку сваім укладам?”

я рэкамэндаваў бы насельніцтву, як і раней, не ганяцца за высокай працэнтнай стаўкай у асобных банкаў, а ўсё ж укладаць свае ашчаджэньні ў найбольш стабільныя банкі
Багданкевіч:
“У рэальнасьці я ня бачу стопрацэнтнай гарантыі. Я бачу праблемы, бо каб былі гарантыі, трэба ствараць вялізны страхавы фонд. А яго няма. Таму я рэкамэндаваў бы насельніцтву, як і раней, не ганяцца за высокай працэнтнай стаўкай у асобных банкаў, а ўсё ж укладаць свае ашчаджэньні ў найбольш стабільныя банкі, якія, магчыма, маюць і больш нізкую працэнтную стаўку, чым той банк, які рызыкуе пры выдачы крэдытаў і які вызначае высокую працэнтную стаўку па дэпазытах. Трэба арыентавацца ўкладчыку не па працэнтнай стаўцы, а па стабільнасьці таго ці іншага банку, па яго балянсе, справаздачы. Трэба арыентавацца на салідны, стабільны банк, які не рызыкуе і не ўкладае свае рэсурсы па волі ўлады ў нейкія ня вельмі эфэктыўныя праекты ў выглядзе саўгасу, калгасу і гэтак далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG