СЛУХАЦЬ:
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што гатовы адказаць на пытаньні дэпутатаў. Аднак ніхто з прысутных да яго не зьвярнуўся. І тады кіраўнік дзяржавы адказаў на тыя пытаньні, якія да яго паступілі ў пісьмовым выглядзе раней. Яны тычыліся павелічэньня пэнсіяў, ільготнага праезду ў электрычках у дачны пэрыяд і зьмяншэньня ставак крэдытаў на будаўніцтва жыльля.
Лукашэнка сказаў, што даў ураду загад пралічыць магчымасьці льготнага праезду. Асабіста ён схіляецца да ўвядзеньня 50% льготы. А пералік пэнсіяў у краіне будзе толькі тады, калі рост заробкаў дасягне 115% да ўзроўню папярэдняга пераліку. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з тым, што працэнты па крэдытах на пабудову жыльля ў памеры 25% “непад’ёмныя” і паабяцаў “папрацаваць над іх зьніжэньнем”.
А вось як дэпутаты пракамэнтавалі свае ўражаньні ад выступу кіраўніка беларускай дзяржавы.
Анатоль Глаз лічыць правільным, што сёньня Аляксандар Лукашэнка, як ніколі раней, шмат казаў пра эканоміку. Дэпутат увязвае такі падыход з сацыяльнымі плянамі:
“Эканоміка — падмурак, на якім трымаецца ўсё разьвіцьцё нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Без эканомікі няма сацыяльнай арыентацыі. Гэта — зразумела”.
Віталь Бусько кажа пра тое, што трэба празь лібэралізацыю эканомікі паляпшаць бізнэс-клімат краіны. Менавіта такі шлях можа вывесьці Беларусь у трыццатку найбольш эканамічна разьвітых краінаў сьвету:
“Маючы перавагі ў геапалітычным пляне, маючы, з аднаго боку, цэнтралізавана кіраваную прамысловасьць, якая дае высокія валавыя паказьнікі, а з другога боку — аддаўшы прыватнаму бізнэсу больш дробную вытворчасьць і паслугі, мы маем рэальны шанец хутка вырашыць гэтую праблему. Трэба стаць прывабнымі, а прывабнасьць пацягне за сабою і інвэстыцыі. І тады мы ўвойдзем ня толькі ў трыццатку, але, я думаю, нават у дзясятку”.
Сяргей Маскевіч кажа, што ва ўмовах усясьветнага крызісу трэба надзвычай абачліва ўзважваць кожны канкрэтны крок:
“Ёсьць канкрэтныя эканамічныя індыкатары — напрыклад, стан фінансаў. І тут адразу бачная экспартная карціна. Калі мы будзем адчыняць для імпарту шырэй дарогу, то непазьбежная інфляцыя. Але наколькі гэта выгадна? З аднаго боку, гэта зьяўляецца плюсам для актывізацыі дзелавой актыўнасьці. З другога боку, гэта безумоўны мінус. Паколькі тады гэта адчуе ўсё насельніцтва без выключэньня”.