Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран ачарняе апазыцыю


Іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне пачало паказваць некаторых дэманстрантаў, якія былі арыштаваныя падчас апошніх пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.


Арыштаваныя, выступаючы перад камэрай, прызнаюцца ўсе як адзін у розных злачынствах — прыкладам, у тым, што яны прыносілі гранаты на пратэсты або правакавалі беспарадкі на вуліцах.

Амаль ва ўсіх гэтых прызнаньнях перад камэрай гучыць адзін лейтматыў: дэманстрантаў да выступленьняў падбухторылі замежныя радыёстанцыі, у першую чаргу Голас Амэрыкі і БіБіСі.

Як правіла, твары людзей, якія выступаюць з такімі абвінавачаньнямі на экране, закрытыя, а іх імёны — невядомыя.

Учора, напрыклад, тэлебачаньне паказала жанчыну, якая цьвердзіла, што на яе ўдзел у пратэстах паўплывала іранская служба Голасу Амэрыкі і БіБіСі. Яна сказала, што ў яе торбе падчас пратэсту была граната і што "мы падпальвалі публічную маёмасьць, кідалі камяні... атакавалі людзей у аўтамашынах і разьбівалі вокны ў дамах".

Іранскі міністар унутраных справаў Садэк Магсулі сказаў сёньня, што удзельнікі беспарадкаў у Іране былі аплачаныя ЦРУ і іранскай апазыцыйнай групай у выгнаньні.

Улады заявілі, што справы ўдзелу ў пратэстах будуць разглядацца "адмысловым судом". У Іране тэрмін "адмысловыя суды" часта ўжываецца ў адносінах да гэтак званых Рэвалюцыйных судоў, у якіх адзін чалавек зьяўляецца і пракурорам, і абаронцам падсуднага, і судзьдзём. Слуханьні адбываюцца за зачыненымі дзьвярыма. Найчасьцей справы ў гэтых судах канчаюцца шматгадовымі турэмнымі тэрмінамі.

Тым часам выглядае, што ўлады ў Тэгеране апанавалі сытуацыю, паколькі пасьля крывавага ўікэнду на вуліцы іранскай сталіцы вярнуўся спакой.

Людзі ў іранскай сталіцы цяпер практыкуюць значна больш бясьпечныя формы пратэсту. Яны на зьмярканьні выходзяць на дахі сваіх дамоў і выказваюць сваю незадаволенасьць выкрыкамі "алаху акбар" (Бог вялікі). Паліцыя ў такіх выпадках не рэагуе, бо гэты выкрык быў лёзунгам Ісламскай рэвалюцыі ў 1979 годзе і потым стаў ужывацца як выказваньне ляяльнасьці да тэакратычнага рэжыму ў Іране.

Паводле афіцыйных дадзеных, у пасьлявыбарчых пратэстах у Іране загінула 17 чалавек, а 457 было арыштаваных.

Учора прэзыдэнт ЗША Барак Абама моцна асудзіў рэакцыю іранскіх уладаў на мірныя пратэсты апазыцыі, дадаючы, што дэманстранты знаходзяцца "на правільным баку гісторыі". Паводле аналітыкаў, Абама паспрабаваў гэтым асуджэньнем прытупіць галасы крытыкаў ягонай пазыцыі ў адносінах да Ірану. Крытыкі лічаць, што Абама робіць памылку, калі аддае перавагу, згодна са сваім ранейшым абяцаньнем, дыпляматычным мэтадам ўплыву на дачыненьні з гэтай краінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG