Напаўафіцыйнае агенцтва Мэр працытавала намесьніка начальніка апэратыўнага аддзелу іранскай паліцыі Хасэйна Саджэдыня, што гэты выбух быў справай рук тэрарыста-самагубцы. Незалежных пацьверджаньняў гэтаму паведамленьню няма.
Тым часам паліцыя ўжыла вадамёты і сьлезацечны газ для разгону шматтысячнага мітынгу пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх пераможцам быў аб’яўлены Махмуд Ахмадзінэжад. Пратэсты працягваюцца, нягледзячы на папярэджаньне з боку вярхоўнага лідэра краіны аяталы Алі Хамэнэі аб недапушчальнасьці далейшых дэманстрацыяў.
Як паведамляе AP, больш за 50 удзельнікаў акцыяў пратэсту былі моцна зьбітыя і накіраваныя ў шпіталь.
Іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне паведамляе што Рада вартаўнікоў, найвышэйшы назіральны орган краіны, выказала гатовасьць пералічыць 10 адсоткаў бюлетэняў з адабраных наўгад выбарчых урнаў. На паседжаньне рады насуперак працэдуры не зьявіліся два былыя кандыдаты ў прэзыдэнты ад лягеру рэфармістаў Мір Хусэйн Мусаві і Мэхдзі Карубі.
Іранская апазыцыя лічыць фальсыфікаванымі афіцыйныя вынікі выбараў, згодна зь якімі дзейны прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэжад набраў 63% галасоў, а больш памяркоўны кандыдат Мір Хусейн Мусаві – 34%.