Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Масква яшчэ раз дэманструе свае мускулы”


Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
“Газпром” патрабуе, каб Беларусь пагасіла запазычанасьць за газ, пастаўлены ў студзені-красавіку гэтага году, у памеры 230 мільёнаў даляраў. Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч заявіла журналістам, што афіцыйны Менск сыходзіў з вусных дамоўленасьцяў, дасягнутых падчас перамоваў прэзыдэнтаў абедзьвюх краінаў. Маўляў, было сказана, што Беларусь “цягам году плаціць за газ сярэднегадавую цану”. Беларускі бок аплачваў газ за гэты пэрыяд з разьліку сярэднегадавой цаны каля 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пры гэтым кантрактная цана газу складае 210 даляраў за тысячу кубамэтраў. Чаму Расея налічыла Беларусі доўг за газ і чым гэта можа скончыцца? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з эканамічным аглядальнікам газэты “Беларусы і рынак” Тацянай Манёнак.

Дашчынскі: Цягам двух кварталаў абодва бакі дэманстравалі поўнае паразуменьне ў разьліках і адсутнасьць даўгоў. І раптам у сярэдзіне года “Газпром” налічвае доўг “Белтрансгазу”. Чаму ўзьнікла гэтая спрэчка?

Манёнак: “Спрэчка ўзьнікла з-за таго, што не выконваюцца тыя палітычныя дамовы, якія былі ўмовай таго, што сёлета Беларусь аплачвае газ сыходзячы не са штоквартальнай цаны, а сыходзячы з сярэднегадавога кошту. Гэта каля 150-ці даляраў. Напэўна, былі абяцаньні зь беларускага боку па ўдзеле ў АДКБ, па прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, ішла гаворка пра доступ расейскіх кампаній на беларускія прадпрыемствы. Гэта быў пазытыўны фон разьвіцьця двухбаковых стасункаў. Не прайшло яшчэ і двух тыдняў, як у Менск прыяжджаў спадар Пуцін. І ён жа тады публічна заявіў, што Беларусь будзе аплачваць газ сыходзячы з сярэднегадавога кошту. На просьбу беларускага прэзыдэнта „Газпром“ пайшоў насустрач і пералічыў беларускаму боку авансам кошт транзыту за некалькі месяцаў наперад. Што зьмянілася ад гэтага часу? Відавочна, не палепшыліся двухбаковыя стасункі ў палітычным сэнсе, ня так усё пайшло, як меркавалася. І ў гэтай сытуацыі Масква цісьне яшчэ на адзін рычаг — газавы. Юрыдычна гэтыя дамовы не аформлены і таму ёсьць нагода ціснуць з боку „Газпрома“. Гэта яшчэ адно яскравае пацьверджаньне таго, што Масква проста так нічога не даруе”.

Дашчынскі: Чым можа скончыцца гэты газавы канфлікт?

Манёнак: “Ня думаю, што канфлікт будзе даволі жорсткі, прынцыповы, што ізноў пачнецца газавая вайна. Усё ж будзе зроблена нейкая перадышка. Ня трэба забывацца, што „Белтрансгаз“ гэта ня чыста беларускае прадпрыемства,
Малочная вайна паказала, што беларускі бок можа дзейнічаць даволі жорстка.
37,5% капіталу валодае „Газпром“. Таксама па Беларусі праходзіць газаправод „Ямал — Эўропа“. І ў гэтай сытуацыі, калі Расея пачне моцна ціснуць, у беларускага боку ёсьць магчымасьць альбо падвысіць кошты на паслугі па транзыту альбо паспрабаваць перагледзець кошт арэнды зямлі пад гэтым газаправодам. У гэтай складанай, крызіснай сытуацыі для Беларусі , не выключаю, што будуць зроблены даволі жорсткія асымэтрычныя захады. Да таго ж „Газпром“ сёньня знаходзіцца ў даволі складаным становішчы. Экспарт газу ў Эўропу паменшыўся істотна, амаль на 35%. Масква яшчэ раз дэманструе свае мускулы. Але малочная вайна паказала, што беларускі бок можа дзейнічаць даволі жорстка. І хто выйдзе пераможцам, сказаць складана”.

Дашчынскі: У інтэрвію агенцтву Ройтэр крыніца блізкая да Адміністрацыі беларускага прэзыдэнта заявіла, што ўсе гандлёвыя канфлікты з Расеяй ёсьць ня вельмі элегантнымі спробамі “прыкрыць па сутнасьці рэйдэрскія захопы беларускіх эканамічных актываў”, каб пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту. Да прыкладу, “Газпром” ня супраць атрымаць кантрольны пакет акцый “Белтрансгазу”…


Манёнак: “Каб не было нават і памкненьняў да такіх рэйдэрскіх пасылаў, трэба стварыць нармальную, цывілізаваную, празрыстую прыватызацыйную інфраструктуру, магчымасьці. Стварыць празрыстыя правілы гульні. Каб гэта было відавочна для ўсіх. Трэба мець на ўвазе, што любая зьдзелка з уласнасьцю ў Беларусі кантралюецца прэзыдэнтам. Таму казаць, што яны тут могуць захапіць без дазволу нашай вышэйшай улады — немагчыма. У Беларусі пакуль такога празрыстага працэсу не назіраем, хаця не назіраем наогул прыватызацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG