Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітолягі не чакаюць, што Масква і Менск зноў пасябруюць


Фармальным кампрамісам скончылася малочная “вайна” Беларусі і Расеі. Беларускія вытворцы малочных прадуктаў аднаўляюць пастаўкі ў Расею і адначасова вядуць рэгістрацыю сваіх тавараў у расейскіх санітарных лябараторыях паводле новых стандартаў.

СЛУХАЦЬ:


Намесьнік дырэктара Інстытуту краінаў СНД у Маскве Ўладзімер Жарыхін адзначае: цяпер важна не драматызаваць сытуацыю.

“У рэшце рэшт, эканамічныя войны бываюць паміж самымі блізкімі сябрамі.Ня трэба палітызаваць сытуацыю, злоўжываць эмоцыямі. Трэба доўга і ўпарта спрачацца, пераважна за зачыненымі дзьвярыма, і прыходзіць да пагадненьня. Так, як нарэшце і было зроблена.

Але ў расейска-беларускіх дачыненьнях ёсьць адна закавыка. Патлумачу на прыкладзе кошту газу. Я дзесьці чытаў, што, паводле дамовы, Беларусь павінна плаціць за тысячу кубоў газу 220 даляраў. Але нібыта прэм’еры слоўна дамовіліся пра 150 даляраў. Але пажадана, каб яны гэта падпісалі на паперы. Каб пасьля не было непаразуменьня ні з аднаго, ні з другога боку“.

Аляксандар Чубрык
Беларускі эканаміст Аляксандар Чубрык лічыць: на сёньняшнім этапе шалі малочнага канфлікту хіснуліся на карысьць Беларусі:

“Калі казаць пра нейкую вайну (мабыць, лепш — пра чарговае абвастрэньне дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй), то нельга сказаць, што яна скончылася і нехта перамог. Беларускае малако пусьцілі назад у Расею, і для нас гэта добра. Наколькі я разумею, ніякага скарачэньня паставак ня будзе. А гэта азначае, што на гэтым этапе поле бітвы засталося за Беларусьсю.

Што і як будзе далей? Цяжка сказаць. Мы сьціпла займаемся эканомікай. А па прагнозы трэба зьвяртацца да палітолягаў“.
§
Алесь Лагвінец
Палітоляг Алесь Лагвінец бачыць пэрспэктыву дачыненьняў Масквы і Менску так:

“Цяжка чакаць, што яны цалкам наладзяцца. Гэтыя дачыненьні непразрыстыя, незразумелыя для грамадзтва. Тут шмат што грунтуецца на асабістых дамоўленасьцях кіраўнікоў. А вядома, што гэтыя кіраўнікі сёньня маюць раздражненьне і недавер адзін да аднаго.

Апроч недаверу, ёсьць і аб’ектыўныя эканамічныя інтарэсы. Расея хоча замацаваць і адстойваць іх у Беларусі. А Беларусь бачыць манапольную прысутнасьць расейскага капіталу як велізарную пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. І таму я, наперад прагназуючы, скажу, што напружанасьцяў у дачыненьнях Беларусі і Расеі варта яшчэ чакаць“.

Анатоль Красуцкі
Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а цяпер палітоляг Анатоль Красуцкі бачыць велізарныя страты, якія панесла сама ідэя саюзнай дзяржавы ад гэтага канфлікту:

“Гэта велізарны падрыў будучай пэрспэктывы саюзнай дзяржавы. Яго не маглі б нанесьці нават нашы ворагі з-за мяжы. Трэба ўмець пралічваць наступствы і папярэджваць іх. Вось гэта — самае галоўнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG