Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бабуліна крынка” адмовілася ад маскоўскай выставы


Пятыя суткі малаказаводы Магілёўшчыны не пастаўляюць сваёй прадукцыі на расейскі рынак. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, расейскія санітары скасавалі сэртыфікаты на малочныя вырабы. Скасаваны сэртыфікат і ў лідэра галіны — магілёўскага акцыянэрнага таварыства “Бабуліна крынка”.

На мінулым тыдні кіраўнік прадпрыемства Ігар Кананчук заяўляў, што малочная вайна абміне ягонае прадпрыемства:

“Згодна з рэглямэнтам новым, які зацьвердзіла Расея, мы атрымалі новую тэхнічную нарматыўную дакумэнтацыю яшчэ ў сьнежні 2008 году. І на сёньняшні дзень мы працягваем пасьпяхова працаваць”.

Учора, аднак, афіцыйныя крыніцы прызналі, што прадукцыя “Бабулінай крынкі” ў Расею не пастаўляецца, бо сэртыфікат, зацьверджаны ў Бранскім аддзяленьні “Россельхознадзору”, скасаваны.

“Штомесяц праводзіцца адбор пробаў на мытні. Пробы паступаюць таксама ў акрэдытаваную лябараторыю ў Бранскай вобласьці. Там яны выпрабоўваюцца, праводзіцца ідэнтыфікацыя адпаведнасьці тэхнічнаму рэглямэнту вось ужо паўгода, і ніякіх адмоўных момантаў у гэтай працы не было”.

Штодзень на расейскі рынак магілёўскае прадпрыемства пастаўляла больш за шэсьцьдзесят тон сваіх харчоў. Цяпер малочнікі перапрацоўваюць незапатрабаваную прадукцыю на цьвёрдыя сыры, масла ды сухое малако.

На Магілёўшчыне сем малаказаводаў і столькі ж іх філіяў. Зь іх толькі адно прадпрыемства ня мае праблемаў з пастаўкамі прадукцыі ў Расею — гэта горацкі масласыраробны завод, вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”. Прадпрыемства належыць расейцам ад 2007 году.

Афіцыйныя крыніцы заяўляюць, што вялікай шкоды эканоміцы рэгіёну забарона на ўвоз харчоў не нанясе, бо патэнцыял малаказаводаў разьлічаны на большы аб’ём вырабу прадукцыі. Акрамя таго, цяпер актыўна шукаюцца новыя рынкі збыту.

Павелічэньне складзкіх запасаў на малаказаводах калі і адбудзецца, то нязначнае, лічыць эканаміст Андрэй Юркоў:

Андрэй Юркоў
“Усё адно кудысьці прадаваць будуць па цэнах, значна ніжэйшых за сабекошт, па дэмпінгу. Склады разладуюць, але разам зь імі і кішэні. Унутранага зьніжэньня коштаў не адбудзецца. Ім жа трэба хоць за чыйсьці кошт пакрываць страты ад зьнешняга гандлю. Будуць экспартныя цэны падаць. Будуць зьнешнія цэны падаць”.

Што да наступстваў малочнай вайны, то, як стала вядома, акцыянэрнае таварыства “Бабуліна крынка” адмовілася ўдзельнічаць у міжнароднай выставе-кірмашы ў Маскве, бо весьці туды забароненую прадукцыю абсурдна. Гэтае мерапрыемства пачынаецца сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG