Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малако кісьне, а мэблю цьвіль псуе


Супрацоўнікам «Пінскдрэву» прапанавалі выбіраць сабе мэблю замест зарплаты
Супрацоўнікам «Пінскдрэву» прапанавалі выбіраць сабе мэблю замест зарплаты

Прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, арыентаваныя на экспарт прадукцыі ў Расею, сутыкаюцца з усё большымі праблемамі. Фінансавыя страты церпяць ня толькі тыя заводы, якія займаюцца перапрацоўкай малака.





МЕНШЧЫНА
За найлепшыя надоі — найвялікшыя даўгі

Чым можа абярнуцца малочная вайна саюзьнікаў для рэгіёнаў Беларусі? Сёньня гэтую праблему абмяркоўвалі з карэспандэнтам “Свабоды” першы намесьнік начальніка ўправы сельскай гаспадаркі Нясьвіжчыны Іван Крупко і дырэктар тамтэйшага малочнага заводу Леанід Апанасевіч.

Гэты раён — адзін з найбольш пасьпяховых аграрных рэгіёнаў Беларусі. За суткі ў сярэднім на дойную карову тут атрымліваюць амаль па 22 кіляграмы малака: найлепшы на сёньня паказчык у Беларусі. Але гэта стварае дадатковыя праблемы.

Іван Крупко: “Рэнтабэльнасьць малака зьменшылася з 44% да 16%. Гэта адбылося таму, што закупны кошт малака зьменшаны на 10% і, па-другое, базісную тлустасьць малака паднялі на 0,2: была 3,4%, стала — 3,6%. З-за гэтага кошт малака ўпаў”.


Малочная вайна прынясе Нясьвіжчыне амаль 12 мільярдаў рублёў стратаў.
Пытаюся ў суразмоўцы: да якіх стратаў у вытворчасьці прывядзе недахоп фінансавых сродкаў?

“У раёне за 2009 год мы недаатрымаем каля 12 мільярдаў рублёў. Ужо як мінімум 7 мільярдаў нам завінавацілася перапрацоўка малака. Гэтыя грошы ўжо абясцэньваюцца. Бягучыя ж выдаткі гаспадаркам трэба аплочваць. І зараз такія накладкі набягаюць адна на адну. Вось у чым галоўная праблема. Няма жывых грошай…”

Нясьвіскі малаказавод падпарадкоўваецца акцыянэрнаму таварыству “Клецкая крыначка”. Дырэктар філіялу Леанід Апанасевіч тлумачыць, што даўгі прадпрыемства растуць, зачынены расейскі рынак, куды накіроўвалася больш як 90 працэнтаў прадукцыі “Клецкай крыначкі”:

Цяпер ня толькі Нясьвіж — ніхто ня плаціць.
“Цяпер ня толькі Нясьвіж — ніхто ня плаціць. Няма збыту, і таму ніхто не разьлічваецца за малако. У нас не бяруць, і мы ня плацім. А мы абавязаныя забіраць малако з гаспадарак. Усім калгасам няма куды збываць малако. А ў нас няма грошай, каб плаціць”.

На Меншчыне — 13 малочных заводаў. Разам яны перапрацоўваюць цягам году 980 тысяч тон малака. Вырабляюць звыш 220 найменьняў малочных прадуктаў. З-за таго, што экспарт у Расею спынены, гаспадаркі і заводы ўсё глыбей правальваюцца ў фінансавую яму. На што ў такім разе спадзевы дырэктара Леаніда Апанасевіча?

“Гэта вельмі складана, каб пераарыентаваць адразу 90 працэнтаў экспарту. Склады ўсе забітыя прадукцыяй. Нават тыя склады, якія арандуем у Менску. Мы ўсе спадзяемся, што будзе добра. І мусіць быць добра, бо іншага выйсьця няма…”


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
“Пінскдрэў”: зарплату — мэбляй

За так званай малочнай вайной у цені застаюцца праблемы экспарту ў Расею прамысловай прадукцыі. Між тым на Берасьцейшчыне эканамічнае становішча прамысловасьці пагаршаецца.

Больш як 70% прадукцыі “Пінскдрэва” арыентавана на экспарт. Расея да гэтага часу спажывала большую частку. Аднак цяпер становішча мяняецца. Расказвае пінскі рабочы Вадзім Шах:

“На Расею ішло шмат. Цяпер меней. Калі мы, напрыклад, на зьдзелцы працуем, то атрымліваецца: чым меней грузім, тым меншая выпрацоўка”.

Начальства прыдумала выйсьце, якое не падабаецца рабочым.
Начальства прыдумала выйсьце, якое не падабаецца рабочым:

“Зарплату будуць даваць 400 тысяч рублёў. Астатняе — выбірай мэбляй. Народ збунтаваўся: нават у адміністрацыю прэзыдэнта скаргі дасылаюць”.

Але гэта ня ўсё:

“Калі ідзеш у адпачынак, то адпускныя няма чым плаціць. Дык падпісваесься, калі хочаш у адпачынак пайсьці, што прадукцыяй будзеш забіраць адпускныя”, — кажа Вадзім Шах.

У аб’яднаньні “Баранавічыдрэў” тыя ж праблемы — расейскія рынкі для іх зачыняюцца:

“На экспарт пастаўлялі вокны й дзьверы — у горад Чэхаў і ў Маскву. Сёлета практычна яшчэ нікуды. Не атрымліваецца ў нас”, — кажа мэнэджэр Вера Шалесна.

Яна прыводзіць шматлікія прыклады і тлумачыць прычыны:

“Па коштах не сыходзімся. Я сама была ў Расеі: 70% будоўлі спынена. Адны краны стаяць — будоўля стаіць. Нават на сто тысяч расейскіх не магу адправіць”.

Расейцы заяўляюць: “Беларускі ПДВ — гэта страх Божы!”
Фактарам непаразуменьня партнэраў становяцца высокія падаткі на Беларусі:

“Хоць бы ўжо па нулявым сабекошце — згодны адпусьціць. Але й гэтага ня можам зрабіць. Як паставім прадукцыю — усюды наша цана трохі вышэйшая. Нам заяўляюць: “Ваш ПДВ — гэта страх Божы”, — кажа Вера Шалесна.

На іншых прадпрыемствах прызнаюць праблему, але камэнтаваць пабойваюцца:

“Я такую інфармацыю не магу даваць. Справа ў тым, што ў нас ёсьць распараджэньне дырэктара”, — адказала супрацоўніца Баранавіцкага камбінату харчовых прадуктаў Алена Марушкевіч.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА
Прыватнікі лягчэй прыстасоўваюцца да працы ў крызіс

На Гарадзеншчыне мэнэджэры прыватных прадпрыемстваў лічаць, што становішча ў продажы тавараў Расеі пачало паволі зьмяняцца на лепшае.

Ірына Ўласава, суўладальніца невялікага цэху па выпуску мяккай мэблі, распавядае, што праблемы на іхнай фірме пачаліся адразу пасьля Новага году. Рэзка зьнізіліся заказы з Расеі, а цяпер іх ня стала наагул.

Спадарыня кажа, што яны ўжо распусьцілі сваіх работнікаў і вымушаны закрываць вытворчасьць, бо зьбіраюцца пераарыентаваць свой бізнэс:

“Мы нават рэкляму не адпрацоўваем, а безь яе немагчыма. Вось разьмесьцім у газэце рэкляму, а гэта каштуе больш за 800 тысяч, заплацім падаткі, іншыя выдаткі — і нічога практычна не застаецца. А мэблі робім мала”.

Недзяржаўнае прадпрыемства “Якар-Гродна” выпускае кухні й секцыйную мэблю. Уся прадукцыя пастаўляецца ў расейскія рэгіёны: у Маскоўскую вобласьць, Цьвярскую, Калускую, нават у Іркуцкую. На прадпрыемстве працуюць больш як 20 рабочых.

Усе апошнія гады нашы людзі маюць працу.
Крызіс тут адчулі яшчэ ў лютым. Мэнэджэр прадпрыемства Надзея Комар кажа, што заказы скараціліся ў два разы і нават болей. Давялося звальняць рабочых.

Комар: “У нас за 7 гадоў не было такой сытуацыі, каб людзі сядзелі бяз працы. А цяпер на прадпрыемстве застаўся касьцяк рабочых, самыя спэцыялісты, правераныя людзі”.

Надзея Комар распавядае, што сувязь з расейскімі кліентамі ім захаваць удалося, і ад пачатку чэрвеня заказы пачалі зьяўляцца ізноў.

Комар: “На ліпень і жнівень ужо заказалі кантэйнэры нашы расейскія партнэры. А мы зь імі працуем каля 10 гадоў. Больш за тое, сказалі мне, што на восень будуць вялікія заказы”.

На недзяржаўным прадпрыемстве “ЗОВ-мэбля” сытуацыя ў нечым падобная. Са слоў мэнэджэра, тут таксама ад пачатку крызісу страцілі каля 50% заказаў і таксама мусілі скарачаць штат рабочых.

З крызісу выходзім без дапамогі дзяржавы.
Абодва мэнэджэры кажуць, што ў крызіснай сытуацыі ім ніхто не дапамог, з усімі праблемамі даводзіцца спраўляцца самім. Свой экспарт “ЗОВ-мэбля” за гэты час не пераарыентавала, а надалей трымаецца расейскага рынку.

Спадарыня: “Мы вельмі шмат працуем, і на сёньняшні дзень ужо ёсьць вынікі. І з крызісу выходзім, толькі безь ніякай падтрымкі, усё робім самі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG