Звычайна я расейскага міністра фінансаў Кудрына ня слухаю, але вось нядаўна паслухаў і ледзь не заплакаў, як беларускі ўрад. Таксама звычайна квартальных справаздач беларускага прэм’ера Сідорскага не чытаю, а на гэтым тыдні прачытаў і ледзь не запляскаў у далоні, таксама як беларускі ўрад. Зазірнуў на сайты МВФ – і адкрыўся такі жорсткі раманс...
Даклад прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага аб стане беларускай эканомікі гучаў на дзіва аптымістычна – усё паляпшаецца, ідзем слушным курсам. Гэта выклікае асаблівае зьдзіўленьне на тле нядаўніх шчыраваньняў міністра фінансаў Расеі Кудрына, які выкрыў бессыстэмнасьць пазычаньняў беларускага ўраду пры адсутнасьці праграмы рэформаў і прадказаў каляпс гэтай сыстэмы да канца году. Заадно і прытрымаў доўгачаканы паўмільярд даляраў, на якія так разьлічваў Лукашэнка, каб закрыць золатавалютную дзірку хаця б на гэты квартал...
Але ў той жа час прыбылы рэвізор з МВФ раптам рассыпаецца ў камплімэнтах і дае яшчэ адзін мільярд.
Што ж атрымліваецца – расейцы бачаць беларускую эканоміку ў такой яме, што й абяцаных грошай не даюць, а МВФ яшчэ й зьверху дае. Палітыка? Безумоўна, не без таго. Пасьля таго як расейцы “адной левай размазалі” Грузію, імгненнае пацяпленьне стасункаў Захаду зь Беларусьсю мала хто лічыць супадзеньнем.
А ці толькі палітыка?
У адрозьненьне ад праграмы “Ўсходняе партнэрства” зь яе неакрэсьленым эканамічным, затое вельмі яўным геапалітычным прыцэлам, МВФ па сваёй сутнасьці ня можа выступаць выключна рычагом палітычнага ўплыву. Функцыя гэтай арганізацыі, наадварот, – падтрымка эканомікі незалежна ад палітычнай і сацыяльнай сытуацыі. Акрамя таго, грошы фонду выдзяляюцца выключна пад “бізнэс-плян”, зь ясным вызначэньнем мэханізму вяртаньня ўкладзеных сродкаў.
Дзе праўда? Business Plan
Зьвернемся да таго самага бізнэс-пляну, зь якім спадары Сідорскі і Пракаповіч пастукаліся да заходніх багатых дзядзькоў. Крэдыт стэнд-бай на $2,46 мільярда выдзяляўся канкрэтна для дзьвюх рэчаў. Па-першае, для дапамогі ў адаптацыі да вонкавых шокаў, выкліканых сусьветным крызісам і памножаных скарачэньнем расейскай энэргетычнай субсыдыі. Па-другое, для ўтрыманьня на плаву беларускай эканомікі падчас яе рэфармаваньня і лібэралізацыі. Фактычна МВФ узяўся стрымаць катастрафічнае выцяканьне валютных рэзэрваў краіны на працягу 15 месяцаў, якія, паводле падлікаў яго экспэртаў, спатрэбяцца Беларусі на прывядзеньне сваёй эканомікі ў больш-менш канкурэнтаздольны выгляд і дазволяць паправіць велізарны гандлёвы дэфіцыт.
Але пры гэтым фонд паставіў беларускіх урадоўцаў тварам да жорсткай рэальнасьці – валюта выцякае з краіны, бо людзі занадта добра жывуць, вось і раскідваюць грошы на імпартныя тавары. Выйсьце? Зьбядніць! Урэзаць! Не даваць! Як мінімум на год, а то й на два! Чым чужое купляць – хай лепей нічога не купляюць! Такая ўжо манера ў гэтай арганізацыі – клопат пра сацыяльныя чыньнікі не ўваходзіць у пералік іх абавязкаў, на гэта ёсьць мяккі і пушысты Усясьветны банк. І нічога ня зробіш – прыйшлося згадзіцца. Сьцяўшы сэрца, беларускія прэм'ер і старшыня Нацбанку падпісалі “зьверскі мэмарандум”.
Што гэта азначала на практыцы, і наколькі была выкананая праграма рэформаў за першае паўгодзьдзе?
Зьбядніць
Іначай кажучы, дэвальваваць валюту – першая і асноўная ўмова, якая й была выкананая нават да выдзяленьня крэдыту.
Акрамя разавай 20-ціадсоткавай дэвальвацыі, рублю быў дадзены яшчэ й 5-ціадсоткавы калідор для падзеньня. Такім чынам, першы крок выкананы – людзі зьбяднелі на чвэрць, пачынаюць пераабувацца з HUGO BOSS у айчынны “Нёман”. Даходы ў валютным эквіваленце скараціліся недзе на 18% (пры агульнай дэвальвацыі ў прыкладна 23–24% ад пачатку году рэальныя рублёвыя даходы вырасьлі на 4,8%).
Урэзаць
Шчодрыя сацыяльныя выплаты, рэгулярныя павышэньні заробкаў, ільготы, амбітныя дзяржпраграмы – калі не пакласьці ім канец, то істотна ўрэзаць.
Што ў выніку? Калясальная зьмена – гэта заплянаваны на наступны год бюджэт з нулявым дэфіцытам, пры істотным зьмяншэньні паступленьняў ад падаткаў і непадатковых даходаў дзяржавы. Дзяржаўныя праграмы скарочаныя на 20%. Нежаданьне ўраду адмовіцца ад павышэньня заробкаў застаецца тэмай бурных спрэчак паміж урадам і МВФ, які лічыць, што ўжо цяперашні ўзровень аплаты працы ў краіне не адпавядае яе прадукцыйнасьці. Але ж, паспрачаўшыся ды парваўшы пару кашуляў на грудзёх, заробкаў у бюджэтнай сфэры так і не павысілі. Акрамя таго, каб пазбавіць прэзыдэнта спакусы зманіпуляваць сям-там, беларускаму ураду забаронена ствараць новыя небюджэтныя фонды.
Не даваць
Аналітыкі МВФ бачаць у беларускай эканоміцы дзьве базавыя праблемы: дзяржаўнае рэгуляваньне прамысловасьці і банкаўскай дзейнасьці.
Калі вырашэньне першай праблемы – шляхам прыватызацыі, працэс доўгі і ў вялікай ступені залежыць ад вонкавых чыньнікаў, у прыватнасьці актыўнасьці замежных інвэстараў, то з банкамі ўраду прыйшлося разабрацца неадкладна. Субсыдыяваныя за кошт бюджэту танныя крэдыты насельніцтву і кампаніям, якія не адлюстроўваюць ні рэальнага ўзроўню рызыкі, ні кошту грошай, і прывялі, паводле фондаўцаў, да перагрэву эканомікі за кошт безагляднага спажываньня. Падняць працэнтныя стаўкі, кардынальна скараціць ільготныя крэдыты і вывесьці бюджэтныя актывы з банкаў – і гэтую ўмову быў вымушаны выканаць Нацбанк. Стаўка рэфінансаваньня (кошт крэдыту) застыла на даволі высокай адзнацы ў 20% – крок, які сваёй жорсткасьцю выклікаў асаблівую пахвалу ачольніка місіі МВФ.
Дык што ж атрымліваецца?
Жорсткія, нават па мерках фонду, крокі збольшага вытрыманыя і даюць вынікі...
Эканамічныя рэформы ідуць поўнай хадой, прычым выглядае, што і ўзяліся за іх адносна своечасова, а не замітусіліся ў апошні момант: узровень унутранай і зьнешняй запазычанасьці застаецца істотна ніжэйшы за сярэдні эўрапейскі.
Разглядаючы інтэнсіўныя высілкі ў справе прыватызацыі, нельга выпускаць з поля зроку, што нафтапрадуктавыя звышдаходы мінулых гадоў праядаліся далёка ня цалкам – за апошнія 6 гадоў капітальныя інвэстыцыі складалі каля траціны (!) валавога прадукту, таму незалежна ад таго, за колькі ўдасца прадаць і каму, бясспрэчна тое, што прадаць ёсьць што.
Ратаваньне рэзэрваў – калі не Расея, то хто пазычыць?
Застаецца, вядома, найболей нашумелая праблема беларускай эканомікі – адмоўнага гандлёвага балянсу і адпаведна выцяканьня золатавалютных рэзэрваў з краіны. Сытуацыя тут як была, так і застаецца крытычнай, але МВФ ужо паказаў, што хто боўтаецца ў слушным кірунку, той можа разьлічваць на дадатковыя плаўсродкі.
Сваё важкае слова аб гатовасьці дапамагчы ўжо сказаў Усясьветны банк, які заўсёды ідзе ў зьвязку з МВФ і пры ўмове выкананьня краінай драконаўскіх рэкамэндацыяў фонду дае сродкі на зьмякчэньне сацыяльных наступстваў і для падтрымкі агульнага разьвіцьця. Наколькі ўхвальна Ўсясьветны банк ставіцца да беларускай паслухмянасьці, таксама паказвае прынятая два тыдні таму пастанова выдзеліць крэдыт памерам з паўтраншы аплаты за Белтрансгаз (найбольшы крэдыт у гісторыі дачыненьняў Беларусі з Усясьветным банкам).
Ня трэба забывацца і на такую малазаўважную дагэтуль арганізацыю на беларускім полі, як Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Мізэрны бюджэт, накіраваны дагэтуль на Беларусь, тлумачыцца тым, што спадары з гэтай канторы зацікаўленыя ў першую чаргу ў трансфармацыі да рынкавых адносінаў на мікраэканамічным узроўні. Паколькі гэты паказьнік у Беларусі не зьмяняўся зь дзедаўскіх часоў, гэты банк адмаўляўся ад фінансаваньня ўраду, выдаючы час ад часу невялічкія пазыкі банкам для падтрымкі малога бізнэсу. Але ж кашэль у іх далёка не маленькі. Якраз на гэтым тыдні ачольнік банку быў у Менску, дзе й паабяцаў на працягу наступных чатырох гадоў пашырыць фінансавую працу ў Беларусі “ня толькі ў памерах, але і ў маштабах”. А ў якасьці заахвочваньня за “канкрэтныя крокі ў эканамічнай і палітычнай сфэрах” павысіў на месцы памер фінансаваньня ў рамках існуючай праграмы на $50 мільёнаў.
Казаў Лукашэнка нешта й пра кітайскія 3 мільярды, а МВФ не выключае прычыненьня Эўракамісіі да ратаваньня блуднага сына адмысловым пакетам. Тут, праўда, вырашальным будзе чыньнік палітычны.
Сямейныя разборкі
Такім чынам, дзеяньні расейскага ўраду нагадваюць сямейны скандал напярэдадні разводу. Спрабуючы страхам утрымаць жонку, якая гадамі прызнавала вышэйшасьць мужа, той і ў няўдзячнасьці папракне: “Я ж цябе карміў і пацеркі дарыў!” (заява Пуціна аб спыненьні энэргетычнага датаваньня з боку Расеі); і прыгрозіць: “Хрэн ты ад мяне больш капейку калі пабачыш!” (затрыманая транша крэдыту); і папалохае: “Прападзеш жа безь мяне – рабіць нічога ня ўмееш” (эканоміка развальваецца). Але ж жонка ўжо і адукацыю атрымлівае, і даходы свае сякія-такія мае, дый каханак маячыць непадалёку, і не адзін...
У такой сытуацыі разьюшаны муж мае апошні сродак – жонка прыходзіць дадому, а дзьверы ў кватэры зачыненыя знутры і замок заменены. 55% адсоткаў неэнэргетычнага экспарту Беларусі ідзе ў Расею, прычым на прэфэрэнцыйных умовах. Калі гэты рынак для Беларусі зачыніцца зараз, кволыя валютныя рэзэрвы ня выратуюць ні адзін, ні дзесяць мільярдаў (ва ўсялякім выпадку, на сёньняшні дзень). Вось і ідуць апошнія папярэджаньні: то ад дзяржзакупак адлучаць, то малако ім скісла. Ці ўдасца АГЛ мабілізаваць свой талент балянсаваць на лязе мяча і пацалункамі выйграць такі дарагі цяпер час для правядзеньня прыватызацыі? Дагэтуль удавалася...
Стась Івашкевіч вывучае курс бізнэс-мэнэджмэнту ў University of New York in Prague. Напісаць аўтару можна на адрас ekanomik@gmail.com.