Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё й сьмерць мітаў: Радзівілы


Герб Радізвілаў
Герб Радізвілаў

Удзельнічае пісьменьнік і журналіст Глеб Лабадзенка, эфір 11 чэрвеня 2009 году.

Радзівілы — адзін з самых буйных і ўплывовых магнацкіх родаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII стагодзьдзях. Радзівілы на ўсім працягу гісторыі Польшчы i Беларусi займалі вельмі высокае становішча ў дзяржаве. Валодаючы велічэзнымі маёнткамі, яны будавалі крэпасьці, утрымлівалі рэгулярнае войска і карысталіся правамі ўдзельных князёў.

Ва ўяўленьні простага беларуса Радзівілы спусьціліся зь нябёсаў. Амаль сем стагодзьдзяў налічвае гісторыя роду. Агромністыя палацы ў дзевяці эўрапейскіх краінах. Роднасныя сувязі з многімі каралеўскімі родамі, больш за 45 сэнатараў, канцлераў, ваяводаў, маршалкаў… Іх называюць некаранаванымі каралямі. Гэтая сям’я стала для Беларусі мітам магутнасьці, заможнасьці, непатапляльнасьці й чараўніцтва.

Глеб Лабадзенка
Вячаслаў Ракіцкі

***

Вячаслаў Ракіцкі: Каб стаць такім прыгожым і вялікім мітам, трэба заслужыць. Найперш, якія заслугі Радзівілаў перад беларускай нацыяй выдзяляеце вы — пісьменьнік, журналіст, які піша пра гэта род, урэшце чалавек, беларус, які добра знаёмы з нашчадкамі роду, якія жывуць сёньня?

Глеб Лабадзенка:
Радзівілы сталі мітам, бо больш за шэсьць стагодзьдзяў былі актыўнымі ўдзельнікамі ды ўладарамі рэчаіснасьці.
Радзівілы сталі мітам, бо больш за шэсьць стагодзьдзяў былі актыўнымі ўдзельнікамі ды ўладарамі рэчаіснасьці. Яны зрабілі вялікі ўнёсак хіба што ва ўсе сфэры — палітыку, эканоміку, культуру, навукі. Ужо на пачатку XVI стагодзьдзя Радзівілы трымалі ў руках значную частку ВКЛ. Чатыры браты Радзівілы дасягнулі значных посьпехаў ва ўладзе: Мікалай быў віленскім ваяводам і канцлерам, Альбрэхт — эпіскапам, Ежы — кашталянам віленскім і вялікім гетманам літоўскім, Ян — кашталянам троцкім.

Ракіцкі: Калі б Радзівілы клапаціліся толькі пра ўладу і грошы, не жыла б іх слава столькі стагодзьдзяў, ня сталі б яны мітам. Яны мусілі пакінуць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці.

Лабадзенка: І яны іх пакінулі. Найвялікшая постаць у сям’і Радзівілаў — Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Гэта чалавек, які пачаў будаўніцтва замка, дамогся Магдэбурскага права для Нясьвіжу і збудаваў ратушу — першы на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы барочны касьцёл, дзе заклаў першую на нашай зямлі і трэцюю ў Эўропе сямейную пахавальню. Гэта быў геніяльны крок — запрасіць зь Італіі архітэктара Джавані Марыя Бэрнардоні. Сіротка даў моду на эўрапейскую архітэктуру ў тутэйшых мястэчках. За ім пацягнуліся астатнія, дзякуючы чаму сёньня мы можам пабачыць у нас выдатныя творы эўрапейскіх архітэктараў. Сіротка паставіў для беларускіх арыстакратаў шалёна высокую плянку, да якой імкнуліся ўсе іншыя магнаты. Літаратурную спадчыну пакінулі пасьля сябе драматург Францішка Ўршуля Радзівіл і паэт Ульрых Крыштаф Радзівіл. Антоні Генрых Радзівіл быў кампазытарам, напісаў цікавую музыку да “Фаўста” Гётэ.

Ракіцкі: Менавіта культурныя здабыткі гэтага роду перадусім сталі падставай для міталягізацыі Радзівілаў… Акупацыя Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй вынішчыла ці прывяла ў заняпад старажытныя магнацкія і шляхецкія роды, у тым ліку і Радзівілаў. Як склаўся лёс Радзівілаў у гэтую пару беларускай гісторыі?

Лабадзенка: Канец нясьвіскай лініі Радзівілаў сягае ў 1813 год і зьвязаны з імем Дамініка Радзівіла. Бацька Дамініка, Геранім Радзівіл, адышоў у лепшы сьвет праз паўтара месяцы пасьля нараджэньня сына. Выхоўвалі Дамініка спачатку ягоны дзядзька Пане Каханку, а пасьля Мацей Радзівіл, які запомніўся найперш як кампазытар. Выглядае, што выхаваньне Пане Каханку не мінулася для Дамініка марна. У 1807 годзе ён, ужо ажаніўшыся з графіняй Мнішак, быў на вясельлі сваёй сваячкі Тэафіліі Мараўскай. У адзін з момантаў Дамінік з-за стала выйшаў на двор. За ім праз пэўны час выйшла маладая. І на вясельле не вярнуліся. Яны разам уцяклі ў Аўстрыю — проста з-за вясельнага стала! У 1808 годзе ў Дамініка й Тэафіліі нараджаецца сын Аляксандар. Але ён не прызнаецца, бо зьяўляецца пазашлюбным. У 1812 годзе 26-гадовы Дамінік Радзівіл, дзевяты нясьвіскі ардынат, камэргер двара расейскага імпэратара Аляксандра І кідае гэтага самага Аляксандра І і пераходзіць на бок Напалеона. На свае сродкі забясьпечвае полк уланаў і ідзе змагацца з расейцамі. Дамінік шчыра верыў Напалеону, які абяцаў у выпадку перамогі аднавіць ВКЛ. Радзівіл робіцца палкоўнікам напалеонаўскага войска і ад’ютантам самога імпэратара. У 1813 годзе, калі Банапарт уцякаў пераможаны ў Францыю, Дамінік Радзівіл ня кінуў яго, не застаўся ў Нясьвіжы, а загінуў як сапраўдны жаўнер. Расейцы на знак помсты рабуюць і спусташаюць Нясьвіскі замак, і той прыходзіць у заняпад амаль больш чым на паўстагодзьдзя.

Ракіцкі: Калі ж Нясьвіскі замак ачуняў, зноў пабачыў беларускіх, так бы мовіць, некаранаваных каралёў?

Лабадзенка: Гэта падзея зьвязаная з унукам Антонія Генрыка — Антоніем Вільгельмам Радзівілам. У сям’і яго называлі, каб не заблытацца, Антоніем Другім, а ягонага дзеда, адпаведна, Антоніем Першым.

Ракіцкі: Патлумачым слухачам, што Радзівілы, паводле звычаяў каралеўскіх сямействаў, да аднолькавых імёнаў дадавалі парадкавыя пазначэньні і нават зь якім-небудзь эпітэтам.

Лабадзенка: Антоні Другі пабраўся з дачкой маркіза дэ Кастэляна Марыяй. Яна й натхніла мужа кінуць Бэрлін і вярнуцца ў Нясьвіж. І ў 1875 годзе яны вяртаюцца, іх сустракаюць адміністратары ў спустошаным замку. Столь правалілася, падлога згніла. Аднак спакуса вярнуць Нясьвіжу славу часоў Сіроткі робіць сваё — і Антоні Генрык з Марыяй дэ Кастэлян бяруцца за справу. Жывуць спачатку ў Радзівілімонтах, затым у замкавым пакойчыку. За некалькі гадоў завяршаюць рамонт, і Нясьвіж ізноў зьзяе, як у найлепшыя свае часы!

Ракіцкі: Калі пачалася міталягізацыя Радзівілаў у сьвядомасьці людзей? І навошта? Хто гэтым займаўся?

Лабадзенка:
Уся гісторыя Радзівілаў — суцэльная міталёгія.
Самае цікавае, што спэцыяльна ніхто, хіба толькі яны самі. Уся гісторыя Радзівілаў — суцэльная міталёгія, пачынаючы зь першага ж вядомага нам прадстаўніка роду. Дый зьяўленьне прозьвішча саміх Радзівілаў — таксама міт. Нібыта быў такі Ліздэйка, малодшы сын наваградзкага князя Нарымунта. І да яго зьвярнуўся па параду сам Гедымін — папрасіў ператлумачыць свой сон. Ліздэйка так ператлумачыў сон, што Гедымін заснаваў Вільню. А Ліздэйку далі мянушку “Радзівіл”. Вядома ж, ад беларускага слова “радзіць”. І Ліздэйка, канечне, пражыў роўна 100 гадоў. Дарэчы, паводле іншай вэрсіі, Ліздэйку схавала ў гнязьдзе арла нянька, каб яго не забіў дзядзька Дэймунд, які цэліў на трон. І ў гэтым гнязьдзе яго знайшоў ніхто іншы, як вялікі князь Вітаўт. Некалькі пакаленьняў яны мелі за сабой гэтую мянушку, а пазьней яна зрабілася прозьвішчам. Першым “сапраўдным” Радзівілам быў Войшунд, праўнук Ліздэйкі. Гэтай гісторыі больш за 600 гадоў, і ўсе наступныя міты пра Радзівілаў былі ня меней маляўнічымі. Нашай нацыі, якая ўсю сваю гісторыю прагне мітаў і таямніцаў, і прыдумляць нічога асабліва ня трэба! І ўсе міты пра Радзівілаў — і пра Чорную Панну, і пра гарбатую труну, і пра неверагодныя здольнасьці некаторых прадстаўнікоў роду — нараджаліся найперш таму, што народ шчыра ў гэта верыў, а па-другое, ня шмат у гэтым было й перабольшаньня.

Ракіцкі: А для Караля Станіслава Радзівіла, празванага Пане Каханку, увогуле стварэньне мітаў, баек, легендаў, было ўлюбёным заняткам… А што сёньня ўключае ў сябе слова “Радзівіл” як міт? Ці патрэбны ён сучасным беларусам?

Лабадзенка: Радзівіл стала імем назыўным. Я заўважаў, што расказваючы небыліцы пра Радзівілаў, простыя людзі не абцяжарваюць сябе запамінаньнем і ўдакладненьнем імёнаў, ці тытулаў князёў. Табе расказваюць: “Радзівіл прыехаў, Радзівіл зрабіў, Радзівіл сказаў…” А калі ты пытаесься, які канкрэтна Радзівіл, на цябе глядзяць як на дурня: “Як гэта які? Ну, гэты — князь!” Слова Радзівіл зрабілася само па сабе знакам якасьці, брэндам нацыі, а ня толькі шыпучага віна ці хлеба. І атрымалася так, што ўсе разам байкі і міты пра шматлікіх выбітных прадстаўнікоў роду напластаваліся адно на адно. У выніку мы атрымліваем гэткага міталягічнага Радзівіла, які ўсё можа, які мае нечалавечыя сілы й здольнасьці.

Ракіцкі: Зусім нядаўна нашчадкі роду Радзівілаў наведалі Беларусь, ініцыявалі гэты візыт вы. Вы іх і суправаджалі ў вандроўцы па іхніх былых уладаньнях. Вы бачылі, як і чыноўнікі, і простыя людзі радасна іх сустракалі. Вы таксама робіце ўнёсак у тое, каб гэты міт ня зьнік, каб заставаўся ў сьвядомасьці беларусаў. Дык навошта сучаснай Беларусі Радзівілы?

Лабадзенка: З майго гледзішча, Радзівілы — гэта адзін з самых прыгожых і глыбокіх мітаў пра Беларусь.
Радзівілы — гэта адзін з самых прыгожых і глыбокіх мітаў пра Беларусь.
Пра тую Беларусь, якую мы ня памятаем і ня ведаем. Пра тую Беларусь, пра якую мы марым, — краіну высокакультурную, шляхетную, магнацкую. Краіну баляў, прыгожых кабет і мужчынаў, краіну замкаў і палацаў. ХХ стагодзьдзе адзначылася ўбіваньнем у народную сьвядомасьць іншага ўяўленьня пра Беларусь. Як слушна ахарактарызаваў яго філёзаф Валянцін Акудовіч, гэта мужык з каўтуном у валасах, які сядзіць каля сваёй гнілой хаткі ды енчыць пра сваю гаротную долю. Зразумела, такі міт быў выгадны камуністам і самазванаму расейскаму старэйшаму брату. Маўляў, да нас тут была выпаленая зямля, а прыйшлі мы — і беларусы зажылі, як людзі. Зразумела, што ніякіх Радзівілаў ня мог нарадзіць мужык з каўтуном! І зараз, калі Беларусь ужо амаль 20 гадоў мае незалежнасьць, мужык з каўтуном усё яшчэ перасьледуе нас. І на гэтым тле прыяжджае 91-гадовая княгіня Эльжбета Марыя Радзівіл, якая жыла ў замку. Паглядзіце толькі на яе прыкладзе, якую прыгожую гісторыю маюць беларусы!!! Яе бацька быў ардынатам нясьвіскім і клецкім, уладальнікам васьмідзесяціпяці тысяч гектараў зямлі. Ён прымаў у Нясьвіжы двух кіраўнікоў Польшчы, прынца Манака, герцагаў і курфюрстаў. Яе прадзед вітаў у Нясьвіжы імпэратара Вільгельма ІІ, яны палявалі разам пад Давыд-Гарадком, адкуль задаволены імпэратар павёз дадому трох забітых мядзьведзяў і яшчэ колькі жывых медзьвядзёнкаў. І паралельная гісторыя — брутальная. 17 верасьня 1939 году камуністы ўварваліся ў Нясьвіж усяго празь некалькі гадзінаў пасьля пераходу мяжы, якая праходзіла за 12 кілямэтраў ад Слуцкай брамы. І, перайшоўшы мяжу, галадранцы ў брудных шынялях найперш пабеглі нават не забіваць і рабаваць, а пабеглі хапаць і цягнуць у турму Радзівілаў. Злачыннай уладзе магнаты стаялі косткай у горле, бо за 12 кілямэтраў ад
Ад мужыка з каўтуном мы паціху вяртаемся да сапраўднай Беларусі.
Савецкага Саюзу гасьцявалі прынцы і каралі. І вось зараз, роўна праз 70 гадоў, Радзівілы вяртаюцца ў Нясьвіж. І горад вітае іх, як гаспадароў, як пераможцаў. Сотні людзей выйшлі паглядзець на князёў. Кіраўнік гораду вітае іх каля ратушы словамі: “Каб ня вы, не было б нашага гораду”. І ён дакладна раскрыў сутнасьць міту “Радзівілы”. Гэта вельмі важна, бо ад мужыка з каўтуном мы паціху вяртаемся да сапраўднай Беларусі.

Ракіцкі: Чаму бальшавікам так і не ўдалося зьнішчыць міт пра Радзівілаў?

Лабадзенка: Таму што можна расстраляць людзей, але нельга расстраляць памяць цэлай нацыі… Апроч гэтага, трэба было цалкам зьнішчыць Нясьвіскі замак і ўвесь горад, зруйнаваць Мірскі замак, тузін кляштараў і касьцёлаў, спаліць старыя фаліянты з п’есамі Францішкі Ўршулі Радзівіл і непаўторнымі дыярыюшамі яе мужа Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, выкрасьліць зь гісторыі мастацтва славуты нясьвіскі тэатар, зьнішчыць абраз Маткі Божай Вострабрамскай, якая, зноў жа, паводле легенды, была маляваная з Барбары Радзівіл. Зьнішчыць міт пра Радзівілаў — значыць зьнішчыць вялікую частку беларускай гісторыі. Спадчыну такога маштабу нідзе ні фашыстам, ні камуністам не ўдавалася зьнішчыць.

Ракіцкі: Міт пра Радзівілаў вечны?

Лабадзенка: Так, і вынікам сёлетняга прыезду на радзіму рэальных
Міт пра Радзівілаў патрэбны беларусам нароўні з самімі Радзівіламі.
Радзівіла становіцца яшчэ большая міталягізацыя гэтага роду. Літаральна праз тыдзень пасьля ад’езду Радзівілаў зь Нясьвіжу, я запытаўся ў мясцовых людзей пра іхныя ўражаньні. І што вы думаеце? Усяго за тыдзень прыезд княгіні Эльжбеты пераўтварыўся ў міталягічную дзею. І вось мне ўжо расказваюць, як яна пабіла камэру аднаму самаму нахабнаму рэпарцёру, як згубілася ў замку, як горад заплакаў, калі яна зьяжджала. Сапраўды, як толькі Радзівілы выйшлі з замку, сонейка, якое зьзяла ад самага раньня, зьнікла, і зьмянілася на моцную залеву. І ўсе ахнулі: Нясьвіж плача, што княгіня ад’яжджае!.. І я адчуў тады, што міт пра Радзівілаў ніколі не загіне, што пра гэтае “горад плача” даведаюцца дзеці і ўнукі гэтых людзей. Міт пра Радзівілаў патрэбны беларусам нароўні з самімі Радзівіламі. І гэтага з нас ня выбіла савецкая ўлада, ня выб’юць і наступныя. І менавіта гэты міт можа стаць у падмурку эўрапейскай нацыянальнай дзяржавы Беларусь.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG