Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясьвіская вандроўка з княгіняй Радзівіл


Валер Дранчук
Валер Дранчук

Летні фотаблог грамадзкага рэдактара Валера Дранчука.


ФОТАГАРЛЕРЭЯ




27 траўня Альжбета Радзівіл абышла свой колішні дом і не пасьпела пагуляць па родавым пэйзажным парку.

У адзін з пагодлівых дзён мінулага тыдня я выбраўся з хутару ў Нясьвіж – наведаць слынны пэйзажны парк. То была плянаваная здымка: майская зеляніна дрэў, лёгкасьць ценяў на сьветлай траве.

І ў гэты ж дзень – быў чацьвер 27 траўня – мелася завітаць да Нясьвіжа пані Альжбета Радзівіл, 91-гадовая дачка князя Альбрэхта Радзівіла, апошняга ардыната ў мясцовым палацы. Зразумела, я быў узрадаваны перш-наперш тым, што змагу зьняць Альжбету на сьцежках родавага парку, дзе, як лёгка ўявілася, яна бавіла час у дзяцінстве ды юнацтве.

Пасьля імшы ў касьцеле Альжбета ў суправаджэньні сына Мацея спусьцілася ў крыпту, дзе пахаваны бацька, затым наведала ратушу на плошчы гораду, паабедала ў рэстаране і неўзабаве прыступіла да найбольш актуальнай часткі візыту – агляду рэзыдэнцыі падчас цяперашняй рэстаўрацыі замку. У кабеты, нягледзячы на ўзрост, фэнамэнальная памяць. Яна казала: “Не, гэтага не было”, – і гэтага, праўда, не было. Альбо наадварот.

Агляд – спачатку знадворку, затым у сярэдзіне замку – надзвычай задоўжыўся. Тым часам, пасьля экскурсіі па “пакоях” ды паўзы на каву ў паветры нечакана пахаладнела, усхадзіўся вецер, запахла навальніцай. Наведаньне парку паняй Альжбетай абмежавалася непрацяглым картэжам у вечаровым сутоньні. Аднак падчас разьвітаньня яна выказала намер прыехаць да Нясьвіжу неўзабаве, не далей як гэтым летам і пажыць колькі дзён у палацы.

Магчыма, да прыезду спн. Бэткі, як называюць яе ўнукі, нясьвіскія ўлады сасьпеюць выдаць мараторыюм на правядзеньне шматтысячных мерапрыемстваў у парку, і сёлетні дзень гораду адбудзецца на гарадзкіх вуліцах і плошчах, а не на пяшчотных зялёных лужках ды ступах паркавых старадрэвін, як гады запар. ЗЬМЯНІЦЬ УСЁДАЗВОЛЬНЫ ГАЛЁП НА ШПАЦЫР, МАСАВАЕ ВЫКАРЫСТАНЬНЕ НА ЦІХІ АДПАЧЫНАК СЯРОД ГУСТОЎНАЙ ПРЫРОДЫ – ЦІ ЗДОЛЬНЫЯ НА ГЭТА СЁНЬНЯШНІЯ ТРЫМАЛЬНІКІ (І ЗАХАВАЛЬНІКІ) ЎСЯСЬВЕТНАЙ СПАДЧЫНЫ ЮНЭСКО? Як вядома, высокі статус міжнароднага прызнаньня мае ня толькі архітэктурны ансамбль, але і парк. Тым часам, адзначаюць экспэрты-парказнаўцы, гэты аб’ект культурнай і прыроднай спадчыны надзвычай занядбаны і патрабуе прынцыпова іншага догляду.

Нагадаю, што пэйзажны (англійскі) парк у Нясьвіжы існуе з 1878 году, у гонар яго заснавальніцы Марыі дэ Кастэлян (Радзівіл) пастаўлены памятны знак з валуноў – “ад удзячнага мужа Антонія”.

У 1935-м, калі Альжбета пакінула рэзыдэнцыю, парку было 57 гадоў. Сёньня – 131.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG