Уладлена Функ кажа, што прылёту ў Менск папярэднічала сустрэча Эмануіла Зэльцэра ў Лёндане з Барысам Беразоўскім, на якой яна прысутнічала як сакратарка амэрыканскага адваката. “Мяркую, падчас гэтай сустрэчы, на якой прысутнічалі і іншыя людзі, нам нешта падсыпалі ў ежу ці напоі. Хто гэта зрабіў, хай высьвятляе сьледзтва... Але ў выніку я апрытомнела ў самалёце Беразоўскага, які ляцеў у Менск, а побач у непрытомнасьці быў Зэльцэр”.
Уладлена Функ таксама паведаміла, што ў турме КДБ яе запалохвалі пагрозай гвалтаваньня. Таксама ў турме ёй далі зразумець, што “Беразоўскі сябруе з вышэйшым кіраўніцтвам краіны”.
Уладлена Функ пасьля вызваленьня ў сакавіку зьехала ў ЗША і захоўвала маўчаньне адносна акалічнасьцяў справы. Свае цяперашнія прызнаньні сакратарка Зэльцэра патлумачыла тым, што ён абвясьціў галадоўку і новыя зьвесткі “могуць дапамагчы ў вызваленьні”.
Марк Зэльцэр, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі адмаўляе сваю прычыннасьць да гэтай справы.