Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: “Без дэвальвацыі рубля не абысьціся”


Яраслаў Раманчук<br />&nbsp;
Яраслаў Раманчук<br />&nbsp;
Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі за травень скараціліся на 9,2%, альбо на 327,5 мільёна даляраў. Пра гэта паведамляецца ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банку Беларусі. У красавіку запасы таксама зьменшыліся — на 9,9%. У выніку цяпер памеры рэзэрвы складаюць толькі 3 мільярды 327 мільёнаў даляраў.

Чаму запасы валюты, нягледзячы на шматлікія крэдыты, не растуць, а скарачаюцца? Куды ідуць пазычаныя даляры? Якое цяпер становішча на валютнай біржы? І калі можна чакаць дэвальвацыі беларускага рубля? Пра гэта Ўладзімер Глод гутарыць з кіраўніком аналітычнага цэнтру Мізэса Яраславам Раманчуком.

Глод: “Прадстаўнікі Нацыянальнага банку летась неаднаразова казалі, што для Беларусі пажадана мець золатавалютныя рэзэрвы ў эквіваленце 8-10 мільярдаў даляраў. Цяпер бачна, што гэта — нязбыўная мара. Запас ня толькі не расьце, а скарачаецца. Пра што гэта сьведчыць? І куды дзяваюцца мільярды пазычаных даляраў?”

Раманчук: “Сьведчыць пра тое, што беларускі ўрад стараецца напоўніць бочку, у дне якой забыўся закрыць дзірку. І калі за апошнія паўгода атрымана 3,7 мільярда даляраў крэдытаў, а сёньня золатавалютныя рэзэрвы складаюць толькі 3,2 мільярда, гэта азначае, што крэдыты праядаюцца хутчэй, чым нарошчваюцца рэзэрвы. І ў гэтым кантэксьце маюць рацыю расейскі міністар фінансаў Кудрын, нашы незалежныя экспэрты, якія кажуць, што без кардынальных зьменаў макраэканамічнай і бюджэтнай палітыкі Беларусь можа за год-два ўпаўзьці ў такую даўгавую яму, зь якой потым дзесяцігодзьдзямі ня выбрацца.

А крэдыты ідуць на тое, каб прадаваць валюту тым прадпрыемствам, якія маюць доступ да валютнай біржы. І гэта падтрымка буйных прадпрыемстваў-манапалістаў і тых людзей, якія маюць намэнклятурныя сувязі з банкамі, прэзыдэнцкай адміністрацыяй, зь іншымі структурамі ўлады. Калі б адбылася дэвальвацыя беларускага рубля, то яны ня мелі б такіх льготных умоваў, як маюць сёньня“.

Глод: “З вашых словаў вынікае, што ахвотных набыць валюту, мабыць, значна больш, чым тых, хто яе прадае? Якое сёньня становішча на валютнай біржы? І яшчэ — спэцыялісты кажуць, што памеры золатавалютнага рэзэрву маюць і сэзонныя тэндэнцыі. Пачалося лета — як яно можа адбіцца на стане беларускага валютнага запасу?”

Сёньня попыт у розныя дні перавышае прапанову ад 6 да 3-2,5 разоў.
Раманчук: “Сёньня попыт у розныя дні перавышае прапанову ад 6 да 3-2,5 разоў. Гэтага раней ніколі не было. Нават у апошнія тыдні попыт і продаж былі збалянсаваныя. І гэта пры тым, што існуе вельмі жорсткі адбор заявак на біржу. Такім чынам, бачна, што попыт значна перавышае продаж.

А што тычыцца лета, то летам людзі будуць выяжджаць за мяжу, будуць купляць валюту. Я думаю, што многія маюць прадчуваньне таго, што будзе дэвальвацыя. І таму, калі яны атрымаюць грошы за летні адпачынак, то будуць старацца канвэртаваць іх у даляры і эўра. Таму разьлічваць на тое, што летам будзе стабілізацыя, прычынаў няма. І ў гэтай сытуацыі без дэвальвацыі беларускага рубля нас чакае поўнае скарачэньне золатавалютных рэзэрваў да вельмі пагрозьлівага ўзроўню“.

Глод: “І калі гэтая дэвальвацыя можа адбыцца?”

Раманчук: “У любы дзень. Усе падставы для гэтага ёсьць. Калі яе ня будзе ў бліжэйшыя два-тры тыдні, то зьявіцца чорны рынак. На ім розьніца з курсам Нацбанку складзе 20-25%. І будзе тое, што адбылося ў студзені. Тады дэвальвацыя была аднаразавай. Гэтым разам, я думаю, урад ня стане так рабіць. А летам, калі людзі будуць у адпачынку, зробяць паўзучую дэвальвацыю, каб ужо ўвосень курс быў на 20-30% меншы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG