Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Урад дагэтуль ня мае антыкрызіснай праграмы”


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка пакуль не зьбіраецца мяняць дзейны ўрад. Ён заявіў, што гэтая тэма адставак ураду падкідаецца людзьмі, “якія хацелі б дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне”.


Разам з тым ён паабяцаў, што найбліжэйшым часам стане вядома пра новыя прызначэньні. Паводле А.Лукашэнкі, ва ўрадзе “няма ворагаў курсу, які сёньня праводзіцца”. А літаральна некалькі дзён таму ён заявіў, што “ўрад працуе, як учора, а можа, пазаўчора, заплюшчваючы вочы на працэсы, якія закранулі нашу краіну”. Адкуль такія непасьлядоўныя ацэнкі дзейнасьці ўраду? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з былым старшынём Нацыянальнага банку Беларусі Станіславам Багданкевічам.

Дашчынскі: “А як бы вы ацанілі дзейнасьць ураду на чале зь Сяргеем Сідорскім? Дарэчы, ён узначальвае ўрад ад сьнежня 2003 году. І чаму гэты ўрад задавальняе кіраўніка краіны?”

Багданкевіч: “Я думаю, што Лукашэнка заўсёды мае рацыю. Ён мае рацыю ў тым, што ўрад праводзіць курс Аляксандра Лукашэнкі. Гэта курс, які складаецца зь лібэральных дэклярацый і адміністратыўна-каманднай практыкі. Таму гэты курс не накіраваны на сапраўднае рэфармаваньне эканамічных стасункаў у краіне. Таму тое, што ён сказаў, адпавядае таму, што ён ня мае намеру адмаўляцца ад адміністратыўнай мадэлі разьвіцьця эканомікі і ня мае намеру пераходзіць на рэальную рынкавую мадэль разьвіцьця — з канкурэнцыяй, з прыватызацыяй, адмовай ад умяшаньня ў гаспадарчую дзейнасьць. Калі б Лукашэнка прыняў прапановы экспэртаў рынкавага кірунку, я думаю, што яму трэба было б альбо памяняць поўнасьцю ўрад, альбо, прынамсі, яго эканамічны блёк замяніць на людзей з рынкавым мысьленьнем. Я думаю, што ён пацьвердзіў, што мяняць эканамічны курс ён пакуль ня мае намеру”.

Дашчынскі: “Але А.Лукашэнка паабяцаў зьмяніць некаторых міністраў і іншых кіраўнікоў, якія стаміліся ці дрэнна працуюць. Як прыклад ён прывёў адстаўку міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, які “жахліва стаміўся”. Ён кажа, што цягам чатырох-пяці месяцаў узгадняе новыя кандыдатуры. З чым гэта зьвязана — кадравы голад?”

Багданкевіч: “Ён жа, відаць, мае калоду, якую тасуе. Кадраў у нас у эканоміцы многа з рынкавым мысьленьнем. Гэтыя кадры ёсьць у складзе самога ўраду, міністэрстваў, прадпрыемстваў. Але гэта кадры сярэдняга зьвяна. У нас няма кадравага голаду. Я больш за дзесяць гадоў працую сябрам рады па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацый і прачытаў дзесяткі падрыхтаваных працаў. Абсалютная бальшыня — гэта падрыхтаваныя спэцыялісты, якія добра дасьледавалі сусьветны вопыт. Ня толькі эўрапейскі, але і Новую Зэляндыю, Аўстралію, Канаду, Тайвань... І калі б было жаданьне іх знайсьці, вылучыць на вышэйшыя пасады і даць ім свабоду дзейнасьці, то і праблемы не было б. Але існуе попыт на адміністратыўныя кадры”.

Дашчынскі: “Ні для кога ўжо не сакрэт, што эканамічнае становішча ў краіне пагаршаецца. Якія можна прывесьці лічбы, якія сьведчаць пра крызіс?”

Багданкевіч: “Галоўны паказчык — гэта дэфіцыт гандлёвага балянсу, то бок жыцьцё Беларусі не па сродках. Становішча яўна пагоршылася. Возьмем інфляцыю, другі паказчык крызісу. У мінулым годзе яна была 13,3%, а ў студзені — лютым гэтага году — ужо больш за 15%. Абвал на валютным рынку працягваецца. Далей, схаванае беспрацоўе ў нас рэзка вырасла. Растуць складзкія запасы. Улада не мяняе заданьня па вытворчасьці аб'ёму валавага прадукту, і павелічэньне ідзе на склад ці замарожваецца ў дэбіторскай запазычанасьці. Такая запазычанасьць ужо складае 40 трыльёнаў рублёў. Таму па ўсіх паказчыках ідзе пагаршэньне. Але вялікія крэдыты, якія атрымаў урад, пакуль дазваляюць адцягнуць яўны абвал.

Урад дагэтуль ня мае антыкрызіснай праграмы. Урад усё яшчэ думае, як памяняць, стварыць антыкрызісны бюджэт. І таму ўлады ня хочуць абмяркоўваць альтэрнатыўную праграму, бо дагэтуль ня выпрацавалі ўласную. Калі абмяркоўваць і прымаць альтэрнатыўную праграму, насамрэч трэба было б мяняць урад, але, відаць, яны да гэтага не гатовыя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG