Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа наведвае Ізраіль


Сёньня пачаўся пяцідзённы візыт папы рымскага Бэнэдыкта XVI ў Ізраіль. У сваіх выступах на Сьвятой зямлі ён асудзіў антысэмітызм і выказаўся за стварэньне палестынскай дзяржавы.


Візыт у Ізраіль – частка паломніцтва папы па месцах, асьвечаных зямной прысутнасьцю Хрыста. Пантыфік прыляцеў у аэрапорт Бэн-Гурыёна на гелікоптэры зь Ярданіі. Яго сустракаў прэзыдэнт Ізраілю Шымон Пэрэс, які сказаў, што прыезд папы “нясе дабраславеннае разуменьне паміж рэлігіямі”.

У прамове ў аэрапорце папа назваў антысэмітызм “абсалютна непрымальнай” зьявай, адзначыў, што антысэмітызм “падымае сваю звыродлівую галаву ў розных кутках сьвету” і паабяцаў маліцца за тое, каб чалавецтва больш ніколі не ўбачыла злачынства такога маштабу, як Галакост. У плянах папы – наведваньне Яд-ва-Шэм -- музэю-мэмарыялу Галакосту.

У сваёй прамове папа выказаўся за стварэньне палестынскай дзяржавы і заклікаў ізраільцянаў і палестынцаў да вырашэньня канфлікту паміж імі.

“Я прашу ўсіх выкарыстаць любую магчымасьць для пошуку справядлівага вырашэньня тых цяжкасьцяў, якія застаюцца, каб абодва народы маглі жыць у міры ў сваіх дамах ў бясьпечных і міжнародна прызнаных межах,” – сказаў папа.

Гасьцінная атмасфэра візыту хавае пэўную напружанасьць у адносінах паміж Рымска-каталіцкай царквой і Ізраілем. Гэта, ў прыватнасьці, тычыцца рашэньня папы вярнуць ў лона царквы брытанскага біскупа, які публічна адмаўляў Галакост. Апроч таго, Бэнэдыкт XVI пачаў працэс кананізацыі папы Пія ХІІ, якога многія габрэі абвінавачваюць у ляяльнасьці да нацыстаў ў гады Другой Усясьветнай вайны.

Для бясьпекі папы ў Ізраілі мабілізавана 80 тысячаў супрацоўнікаў паліцыі і спэцслужбаў. Сёньня адбудуцца яго перамовы з прэм'ерам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу. Заўтра Бэнэдыкт XVI будзе ў Ерусаліме, на Храмавай гары каля мячэці Умара ён сустрэнецца з галоўным муфтыем Ерусаліму. Потым папа наведае Сьцяну плачу – галоўную юдэйскую сьвятыню, дзе паразмаўляе з галоўнымі рабінамі Ерусаліму. Пазьней ён будзе маліцца на месцы, дзе адбывалася Тайная вячэра Хрыста, пасьля заплянаваная малітва ў каталіцкім саборы Ерусаліму.

У сераду папа накіруецца ў Палестынскую аўтаномію, у горад Бэт-Лехэм, дзе нарадзіўся Збаўца. Палестынцы ў Бэт-Лехэме збудавалі трыбуну для выступу папы побач з мурам бясьпекі, збудаваным ізраільцянамі, які аддзяляе тэрыторыю аўтаноміі ад ўласна Ізраілю. Выступ папы на фоне муру стаў бы палітычнай дэманстрацыяй. Невядома, ці пагодзіцца пантыфік на гэтае месца свайго выступу. Аднак вядома, што ён сустрэнецца з палестынскі прэзыдэнтам Махмудам Абасам, наведае Храм Раства Хрыстова, дзіцячы шпіталь і лягер палестынскіх уцекачоў. Напрыканцы візыту, ў пятніцу заплянаваная яго экумэнічная сустрэча ў грэка-праваслаўным патрыярхаце Ерусаліму.

На фота: Папа ў аэрапорце Бэн-Гурыёна

На фота: Папа з прэзыдэнтам Ізраілю Шымонам Пэрэсам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG