Працэдура абраньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты павінна быць зацьверджаная да 1 верасьня. З такой ініцыятывай прэзыдыюм палітрады зьвярнуўся да ўсіх апазыцыйных суб'ектаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа:
“Абраць аднаго кандыдата ў прэзыдэнты і прапанаваць працэдуру абраньня аднаго кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў — гэта не адно і тое ж. Але першага без другога не існуе. Напачатку трэба, каб усе дамовіліся і прызналі, што патрэбна адна агульная працэдура. І ў нас ёсьць досьвед — калі было пагадненьне, яно выконвалася.
Па-другое, пэрспэктыва выхаду на адзінага кандыдата залежыць ад пасьпяховасьці рэалізацыі праектаў “кіраваная дэмакратыя” і “кіраваная апазыцыя”. Калі гэты праект будзе пасьпяхова рэалізоўвацца, то выхад на адзінага кандыдата малаверагодны. І я гэта кажу дыпляматычна. Ён будзе немажлівы ў прынцыпе”.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч кажа, што насьпеў час перайсьці ад “абсмоктваньня таго, што сказаў той ці іншы эўрапейскі чыноўнік пра Беларусь, да абмеркаваньня таго, што насамрэч адбываецца ў краіне”. Спадар Івашкевіч кажа, што сёньня ніхто (уключна з Партыяй камуністаў Беларускай і рухам “За свабоду”) ня выступіў супраць таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах павінен быць адзіны кандыдат:
“Гэта азначае, што над усімі развагамі аналітыкаў пра тое, што будуць дзесяць кандыдатаў, што яны пойдуць пяцьцю ці дзьвюма калёнамі, ставіцца кропка. Будзе адзін кандыдат.
І другое. Мы вырашылі абмеркаваць праект мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата. І ў мяне просьба да аналітыкаў і журналістаў — паглядзець і даць свой камэнтар ня толькі з улікам мінусаў, якія яны знойдуць, але і з прапановамі. Мэханізм прадугледжвае, каб кандыдатам у прэтэндэнты ад АДС на пасаду прэзыдэнта мог стаць любы грамадзянін Беларусі, каб у вызначэньні яго мог удзельнічаць любы грамадзянін Беларусі. І каб той адзіны мог прадэманстраваць рэальную падтрымку жывых людзей”.
Сёньня ж Аб’яднаныя дэмсілы вызначылі двух журналістаў, якія “найбольш аб’ектыўна пісалі пра дзейнасьць АДС”. Гэта Генадзь Кесьнер (газэта “Новы час”) і Сяргей Пульша (БелаПАН).
Іх узнагародзілі вінчэстэрамі для кампутараў. Гэта тое, што, паводле прадстаўнікоў АДС, “найбольш патрэбна журналістам”.