Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белнафтахім”: "Дружбай" не гандлюем


На фота: Браніслаў Сівы
На фота: Браніслаў Сівы

Днямі Міністэрства фінансаў ЗША працягнула да канца лістападу рашэньне аб прапыненьні санкцый у адносінах да двух беларускіх прадпрыемстваў — лідзкай “Лякафарбы” і “Полацак-Шкловалакно”, якія ўваходзяць у склад “Белнафтахіму”. Забарону на супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі амэрыканскія ўлады ўвялі два гады таму. Сёньня гэтае рашэньне пракамэнтаваў намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Браніслаў Сівы.


Як кажа Браніслаў Сівы, эканамічныя санкцыі на кожным з гэтых прадпрыемстваў адбіліся па-рознаму:

“Для “Лякафарбы” — чыста ўмоўна, бо прадпрыемства не працуе на амэрыканскім рынку, а зьвязваць “Лякафарбу” з Амэрыкай можна ў сувязі з набыцьцём там абсталяваньня для вырашэньня праграмаў мадэрнізацыі. А што тычыцца “Шкловалакна”, то наступствы больш адчувальныя. Вялікая праца была зроблена на заваяваньне амэрыканскага рынку, шмат сродкаў было ўкладзена. Яшчэ да ўвядзеньня санкцый былі станоўчыя пэрспэктывы на ўдзел у праекце пабудовы супэрлайнэра “Dream Team”: у прыватнасьці, у частцы ратаваньня пасажыраў у выпадку пажару. То бок, каб абараніць пасажырскі адсек, выкарыстоўваліся і праходзілі выпрабаваньне матэрыялы “Шкловалакна”. Натуральна, хто сёньня з пакупнікоў пойдзе на набыцьцё гэтай прадукцыі, ведаючы, што сёньня дазвол ёсьць, а заўтра яго можа ня быць? Адпаведна, заказчыкі пачалі шукаць іншыя матэрыялы, і мы выйшлі з гэтага праекту. Вельмі добры кавалак працы ад нас сышоў”.

Нафты на калідор не хапае

Сярод асноўных праблемаў беларускай нафтахіміі — скарачэньне экспартных паставак прадуктаў нафтаперапрацоўкі, неакрэсьленасьць кантрактаў на продаж калійных угнаеньняў асноўным спажыўцам у Кітаі і Індыі. Гэтаксама, па словах Браніслава Сівага, пад сумнеў пастаўленыя анансаваныя праекты Эўраазіяцкага нафтавага калідору ў садружнасьці з Украінай і сумеснага нафтавага холдынгу з Расеяй:

“Калі мець на ўвазе напрамак Адэса — Броды і казаць пра трубаправод, які плянуецца запоўніць на 5—9 мільёнаў тон нафты (у той час як патрэбы толькі ўкраінскіх прадпрыемстваў нашмат большыя), дык гэтая нафта ня дойдзе ня тое што да Польшчы, а нават да Беларусі. Пакуль ня будзе рэальнай нафты, казаць пра эфэктыўнасьць калідору дачасна. Таксама ў нас няма ніякіх дакумэнтаў, даручэньняў, узгадненьняў з расейскім бокам, якія б абавязвалі да стварэньня нафтавага холдынгу. Дый з кім ствараць? Вазьміце ў Расеі любую кампанію: яна гатовая весьці з намі перамовы наконт здабычы, перапрацоўкі нафты, вытворчасьці ўгнаеньняў ці валокнаў. Але ніводная зь іх не гатовая весьці перамовы па ўсім адразу! У іх такіх кампаній няма!”

"Чым вышэйшы кошт нафты, тым нам лепей"

Расейскі ўрад прагназуе дынаміку эканамічнага разьвіцьця краіны, зыходзячы ў агляднай будучыні з цаны 50 даляраў за барэль нафты. Беларускі бюджэт таксама ў немалой ступені залежыць ад тэндэнцый на сусьветным рынку “чорнага золата”. Якія пэрспэктывы беларускай нафтахімічнай галіны ў прывязцы да ўнутранага рынку? Ці варта чакаць кардынальных зьменаў у коштах на паліва? Вось што з гэтай нагоды гаворыць намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім”:

“Сытуацыя супрацьлеглая лёгіцы: чым вышэйшы кошт нафты, тым нам лепей. Асноўная прыбытковасьць у нас заўсёды была ад продажу на экспарт, унутраны рынак ніколі ня быў прыбытковым. У пэрыяд, калі рэзка абваліліся кошты на нафту, кошты на нафтапрадукты на ўнутраным рынку мы зьнізілі толькі на 20%. Хоць як усё падала ў разы, па лёгіцы, павінен быў у разы ўпасьці кошт і на ўнутраным рынку. Такога не адбылося, бо ў нас і не было такой цаны, як на рынку зьнешнім... Цяжкі будзе наступны год, яшчэ ня вызначана мыта на нафту пры пастаўцы ў Беларусь. Таму сытуацыя непрадказальная. Са свайго боку будзем прыкладаць намаганьні, каб кошт на ўнутраным рынку быў на тым узроўні, які ёсьць сёньня. Хоць гэта і вельмі складана. Але, падымаючы кошт, мы можам страціць унутраны рынак”.

Ня так даўно зьявіліся чуткі, што “Белнафтахім”, не агалошваючы зьдзелку, прадаў частку сваіх стратэгічных рэзэрваў — у прыватнасьці, беларускі ўчастак нафтаправоду “Дружба”. Аднак спадар Сівы запэўніў, што існуе канкрэтны пералік стратэгічных аб’ектаў, якія паводле закону не падлягаюць прыватызацыі: гэта якраз нафтаправод “Дружба”, прадпрыемствы “Белкалій” і “Беларуснафта”, а таксама сьветлагорскае “Хімвалакно”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG